epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Свінні пад дубамі

(Трохі пад Крылова)

На беларускіх жалудох

Даў спосаб свінням Бог,

Тутэйшым свінням, беларускім —

Ім гэта байка для закускі.

Жыруюць тут, растуць іх трыбухі,

І адкладаецца ў іх сала.

Свіння ж свіннёю быць не перастала,

І свінскія захованы грахі.

Наеліся тут дзёдзькі жалудоў,

                Сваіх прыдбалі парасят

І рохкаюць на той жа свінскі лад,

Палёгшы між дубоў.

—Скажы, кума: ну, як нам быць?

Дзе нам дзяцей сваіх вучыць?

І як ім рохкаць тут:

Ці па-тутэйшаму, ці не?

Скажы, імостанька, ты мне,

Бо ўсё ж нам родны гэты кут —

І гадаваліся мы тут,

                Унь там і выган наш і груд,

Балоты тыя і лясы...

— Кума!

Да ў іх на грош красы

Няма!

І што трывожыцца дарма?

Мне прыкра чуць такія галасы!

Я факультэт акончыла сама.

Не менш, як у карыце,

Сваім лычом капалася ў санскрыце,

                І добра знаюся я ў мовах

І ў далікатных розных словах.

Пакінь жа, мілая, смяшыць людзей:

Ну хто адважыцца псаваць сваіх дзяцей?

Бо як жа гаманяць тутэйшыя дубы?

Іх голас брыдкі і грубы

І не ачэсаны, слабы,

Не мілагучны,

Прыдуманы і штучны,

Ні гібкасці, ні сілы,

                Паэзіі і музыкі ні-ні,

Убоства, дзе ні павярні...

О, Божа барані!

Мяне ён нудзіць, рве мне жылы!

Як ён агідны! Як нямілы!

А гэта «дзе», гэта «це»

Мне болем адклікаецца ў хвасце.

І родны кут, ды вось не мой,

Для віду ж пойдзеш з ім на шлюб,

А наш «кумір» — Крылоўскі дуб.

        Я — маці, мілая, і дзетак хоць зняволю,

А па-тутэйшаму і рохкнуць не пазволю!

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938