epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Так і трэба ашуканцу

I
II
III


I

 

 

Канцылярскі пісар Спірыдон Зручны доўга не ўставаў з пасцелі, хоць ужо даўно прачнуўся і выспаўся ўсмак... У пасцелі было так добра пацягвацца, пакочвацца і разважаць з самім сабою. Але калі ўжо шанцуе, то і ў лапцях танцуе: якраз прыпаў у гэты час святы дзянёк. Работы ў канцылярыі, дзе ён служыў, не было. Дык чаго спяшацца? І Спірыдон ляжаў у сваім бярлогу пад дзяругаю, здаволены сабою і сваёю доляю. Гэтае здаваленне павялічвалася яшчэ тым, што Спірыдону прысніўся надта прыемны сон. На іншых момантах гэтага сну Спірыдон затрымліваўся даўжэй і перажываў іх яшчэ і яшчэ. Што яму снілася, можна было толькі дагадвацца і то здалёк, кінуўшы на ўвагу, як ён, узяўшы са стала забруджанае мухамі «туалетнае» люстэрка, пазіраў у яго, пакручваючы пяць светлых, пад колер смятаны, валаскоў пад носам: яны азначалі сабою Спірыдонавы вусы. На Спірыдона з люстэрка пазіралі такія ж светлыя, як і вусы, вочы, светлыя бровы, якія з першага погляду трудна было разглядзець. Адзін толькі нос-чаравік кідаўся кожнаму ў вочы сваім доўгім, задраным угару канцом, афарбаваным пад бурачны квас. І дурню было ясна, што гаспадар гэтага носа дужа змагаўся з пʼянствам і змагаўся проста, адкрыта, чэсна, без усякіх там хітрыкаў – галялюшчыў гарэлку і толькі.

Спірыдон пазіраў у люстэрка доўга, покі не пераканаўся, што ён – маладзец-малайцом. А то можа не? Чаго ж на яго зазіраюцца «барышні»? О, ён толькі не хоча гаварыць, як ім цікавяцца, бо ён, перш-наперш, чалавек скромны, а другое – ведае сабе цану.

Невядома, да чаго дайшоў бы Спірыдон у сваіх думках, каб не адна праява, якая накіравала і думкі і ўсю энергію Спірыдона ў другі бок.

І вось з чаго ўсё гэта зачалося. Спірыдонаў нос – тут і мудруй як хочаш – ні з таго ні з сяго ўзяў ды засвярбеў, засвярбеў моцна, станоўка, зацяжна. Можа ён палічыў сябе пакрыўджаным відочным зневажаннем свайго гаспадара, што, пазіраючы ў люстэрка, умудраваўся не заўважыць такую важную асобу, якою быў ён – Спірыдонаў нос. Каму ж міла такая няўвага? І вось гэты самы нос і напомніў свайму гаспадару, што ён, нос, не для якіх-небудзь жартаў займае сваё месца, што ён не дармаед і не батрак, а шчыры прыяцель і верны член у сямʼі другіх членаў чалавечага цела, і што ён не толькі нюхае і трымае ўсякую дрэнь, а і яшчэ што-небудзь значыць. А які выпівака не ведае, што азначае сверб носа!

Ведаў гэта і Спірыдон. Не паспеў нос скончыць свярбець, як перад вачыма Спірыдона ўжо ўсталі бутэлька і чарка, і мілая кампанія. Яшчэ не было такога здарэння, каб яго нос свярбеў так, на ўзвей-вецер.

Няпраўду кажуць, што дзве работы за раз рабіць не будзеш. Спірыдон і аб гарэлцы думаў і нос чухаў. Чухаў далікатна, бокам пальца, а не кіпцем, потым правёў па ім разоў колькі рукавом кашулі. А нос усё свярбеў на радасць канцылярысту. Тады Спірыдон, прыцягнуўшы дзяругу, стаў шоргаць па ёй носам направа і налева, як шаруе сваім дзюбам варона, седзячы на страсе.

– А ўсё ж такі і ўставаць пара, – сказаў Спірыдон і падняўся.

«І дзе ж то давядзецца выпіць?» – думалася Спірыдону. У самога не было і ломанага грошыка, сябры, з якімі ён кампанаваў, не менш, як ён сам, прыслухоўваліся да свербу сваіх насоў і ўсе надзеі таксама клалі на чужую кішэню. Ніхто не запрашаў яго да сябе, але вера ў выпіўку, з прычыны свербу носа, была такая вялікая, што Спірыдон ні на адзін момант не задумаўся над тым, што нос засвярбеў можа з другой прычыны.

Надзеўшы манішку і прычапіўшы гальштук, Спірыдон пачаў снаваць па закутках свае кватэры, шукаючы снедання. Адчыніўшы шкапік, Спірыдон перабраў колькі скамечаных паперак і толькі ў адной з іх знайшоў акасцянелы кавалак каўбасы і скарынку зацвіўшага хлеба. Спірыдон з мінуту пазіраў на каўбасу і на хлеб. Губы яго ўзварухнуліся, падаліся ўперад, нос яшчэ болей задраўся ўгару. Відаць было, што гэтае снеданне не надта гарнула да сябе, і Спірыдон шпурнуў каўбасу зноў у шкапік. Раздабыўшы шклянку чаю, Спірыдон выпіў яе ўпрыкуску, адзеўся, узяў зухаўскую палачку і выйшаў на вуліцу.

 

 

II

 

Спірыдон накіраваўся на галоўную вуліцу горада N..., куды выпаўзала ўсё панства-чынавенства. Наўперад трэба было прайсці колькі глухіх, залітых гразёю вуліц, потым пратраляваць праз рынак, дзе сягоння быў кірмаш, і ўжо тады толькі можна было трапіць на «Неўскі», як называлі тут галоўную вуліцу.

Ціха і светла было на душы Спірыдона Зручнага, як у засеку багатага гаспадара на зімовага Міколу. Вось ён выйшаў на такую частку вуліцы, дзе быў тратуар. Па другім баку вуліцы ішлі дзве паненкі. Спірыдон нацэліўся ў іх і, апроч іх, нікога не бачыў. А якраз у гэты час на спатканне Спірыдону сунулася свіння, якая толькі што выкупалася ў гразі. Ці яна не ведала, што спатыкала такую важную асобу, як наш Спірыдон, ці не хацела мачыць сваіх капыцікаў у гразь пасля купання, ці проста па свінскай сваёй натуры, – толькі ж яна палічыла лішнім сыходзіць набок і шарганулася бокам аб сінія джыгіналёвыя штанцы Спірыдона.

– А каб цябе халера! – у вялікім гневе крыкнуў Спірыдон і з усяго размаху свіснуў палкаю па свінячай спіне. Палавіна палачкі адляцела на вуліцу, а ў руках Спірыдона засталася крывулька. Свіння толькі лёгенька рохнула.

– Ну!

Здавалася, яна проста падумала, што паніч жартуе. А гэта яшчэ больш узлавала Спірыдона. Бедны не ведаў, што рабіць. У першы момант хацелася пагнацца за свіннёю. Можа б ён і пагнаўся, ды на гэты час дзве паненкі азірнуліся. Ну, куды ж тут гнацца? Яшчэ падумаюць чорт ведае што... Хоць бы гарадавы здарыўся – можна было б прахапіць яго, за чым пазірае, чаму дазваляе свінням шпацыраваць па тратуарах! А як нічога такога не было, то прыходзілася плюнуць і даваць якую раду сінім штанам. Глянуўшы навокал, Спірыдон заскочыў у краму, сяк-так выцер свае сінія нагавіцы і пайшоў далей, прыглядаючыся зрэдку на пляму.

– Не! Трэба прайсціся рынкам, покі крыху абсохнуць, – сказаў сам сабе Спірыдон і звярнуў з тратуара.

Спірыдон ішоў памалу, дзе-нідзе нават спыняўся, прыслухваўся да торгу, да гаворкі, каб пачуць што-небудзь смешнае і расказаць потым Кацярыне Паўлаўне. Рынак гуў тысячамі галасоў... Але ўсякі ведае, што робіцца на рынку, што можна там убачыць. Спірыдон прыпыніўся каля гурту старцоў. Ох, і хітрэц гэты Спірыдон! Ці яму патрэбны старцы? Не! У грамадзе народу, што стаяў каля дзядоў, былі дзве дзяўчыны-красуні, такія прыгожыя, свежыя, як майскія краскі. Паміж старцоў выдзяляліся два. Сеўшы на сырой зямлі і неміласэрна круцячы галовамі, спявалі гэтыя старцы, палажыўшы перад сабою шапкі.

У аднаго старца была ў руках ліра – просты дзервяны самадзельны інструмент. Таўстыя згрубелыя пальцы спаважна перабіралі струны. Мяккія жалобныя зыкі выляталі адтуль скрозь гоман кірмашны, смутным тонам урываліся ў душы, размякчалі сэрцы набожным кабетам, і многа рук даставала з-за пазухі вузельчыкі, каб кінуць свой запрацаваны мядзяк у старэцкую шапку.

Другі старац, ні на кога не гледзячы, у тахт ліры спяваў громкім шчырым голасам, і выходзіла прыемна. Але Спірыдон не слухаў старцоў. О, у Спірыдона вуха наравістае, ён чуў артыстаў-цыганоў і сам спяваў рамансы, як, напрыклад: «Пад душыстаю веткай сірэні».

Дык дзе яму слухаць старцоў! А калі і стаяў тут, то меў на гэта свае прычыны: прабавіць час, высушыць пляму на штанах і, самае галоўнае, міргнуць разоў пару гэтым мілым вясковым красуням. Красуні зараз жа сцямілі Спірыдонаў погляд і пачалі перашэптвацца. Спірыдон выцягнуў шыю, наставіў вушы, каб улавіць іх гаворку, бо знаёмства бадай што завязана.

– Вось,– гаворыць адна,– у гэтага паніча нос! Хоць бяры ў прымы! Такі нос, што і матыкі не трэба асыпаць бульбу.

Гэтага ніяк не чакаў Спірыдон. Покі ён разважаў, як тут быць, нос сам сабою нездаволена пацягнуў паветра, пачырванеў ад крыўды і сораму.

Эх, пракляты нос! Колькі за яго прыйшлося выцерпець! Каб не пачуць яшчэ якіх жартаў, наш кавалер павярнуўся і пайшоў далей.

Можна быць пэўным, што Кацярына Паўлаўна не пачуе сягоння смешнага апавядання.

 

 

III

 

Дзень скончыўся не так, як зачаўся. Да чаго прыраўняць гэты дзень? Ён падобны да цэлага веку чалавечага. Хто з нас, браты мае, стоячы на парозе свае вясны, не парываўся, увесь аддаўшыся ў абладу светлым марам, у невядомую даль? Хто не імчаўся, як вол у часе гізу, задраўшы хвост, на спатканне ўсякім прыгодам-нягодам? Ці не гэтак і Спірыдон зачынаў сягонняшні дзень? Ці не імчаўся і ён, як той вол, туды, куды цягнуў яго сверб носа? Але хоць мы, далёка пакінуўшы за сабою вясну свайго жыцця, часта сядзім каля гнілога карыта растрэсеных думак і зманлівых надзей, усё ж такі мы любоўна глядзім на нашу маладосць, і сэрца наша гатова плакаць па ўтрачанай вясне, і нам хочацца гукнуць:

«Пастой, вясна, не пакідай нас, вярніся яшчэ хоць на момант!»

У Спірыдона і гэтага не было нічога. Няўжо быў ён рады ў гэты дзень? Няўжо гэта ён ляжаў, пазіраў у люстэрка, поўны радасці і светлых думак?

Спірыдон, залажыўшы рукі за спіну, хадзіў з кутка ў куток свае нецікавай кватэры і падводзіў рахункі гэтаму дню.

Дрэнны дзень! Каб можна было, то Спірыдон скасаваў бы яго, выкінуў бы з кнігі свае памяці. Але пражыты дзень гэта не тое, што прыгавор члена павятовага суда: прыгавор можна спаліць – і ўсё прапала, зрабі толькі гладка. І які гэта дурань сказаў, што добры пачатак – палавіна справы!..

Не! Што ні кажы, а ён павінен быў вярнуцца, спаткаўшы свінню. І што робяць вучоныя? Чаму яны не перасцерагаюць людзей? Каб Спірыдон быў прафесарам, то ён вучыў бы, усім казаў бы: «Калі ідзеш на каханне, а табе свіння на спатканне, – вярніся і сядзі дома». Чаму ён не вярнуўся, тым болей, што ён ясна чуў у сабе голас: «Спірыдон, вярніся! Спірыдон, вярніся!» Дык не паслухаў жа. Ну і чорт цябе бяры! – угневаўся Спірыдон на сябе самога.

Ну, і Кацярына Паўлаўна! Справядліва паглядзеўшы, дык не такая яна ўжо краля. Каб і Спірыдон спаліў скрыначку запалак і нашмараваў імі бровы, то меў бы яшчэ можа чарнейшыя, як у яе.

Пры гэтым Спірыдон усміхнуўся: узяць бы гаршчок, насыпаць поўны сопухі, наклеіць на ім паперку з надпісам: «Кацярыне Паўлаўне. Мазь на бровы» – і паслаць ёй. Нашмаруецца, напусціць кудлы і думае, што яна немаведама што. З землямерам пазнаёмілася! Ані прыступу! На казе не падʼедзеш! Басэтля!

«Вы, мусіць, з свіннёю вальс танцавалі!» Ніяк не мог дараваць ёй Спірыдон гэтага насмяхання. І каб што людскае, а то – як ступа, ходзіць, як на кандыбах. Нос – звяно. Але, як толькі дайшоў Спірыдон да носа, то яшчэ большая паднялася ў ім бура. І гэта было сягоння! Спаткаліся з пісцом з управы, і яшчэ былі знаёмыя. Выпіць усім хацелася, але ўсе, як пацукі, голыя. Упраўскі пісец і гаворыць Спірыдону:

– Ведаеш, Спірыдон Марцінавіч?

– Што?

– Давай зробім камерцыю: барыш будзем піць!

– Ну?

– Мяняймася на насы!

– Цьфу, гад печаны! Выдумаў! – Спірыдон ясна паказаў, што гэткія жарты выдумляе толькі дурніца. А той уляпаў у сваё, як свіння ў гарох.

– Колькі дасі прыдатку?

– Няхай табе дасць Бог скулу, дурань! На чорта мне твая булбатка? – стараўся жартлівым тонам сказаць і Спірыдон.

– Чым жа кепская булбатка? Не спадабаецца, даў пстрычку і па ўсім. А папрабуй панасіць такі пранік, як у цябе, – карак адцягне. Дык што: менькі?

Па-сапраўднаму варта было плюнуць у морду і ўсё.

Спірыдон хадзіў з кутка ў куток. У жываце было пуста, як у беднага гаспадара ў засеку вясною, моташна, як у каталажцы.

Зноў зашуршэлі паперкі ў шкапіку, зноў пачаў перабіраць іх Спірыдон. Знайшоў ён ранішнюю скарынку і кусок каўбасы. Хлеб рыпеў у зубах, як нямазанае кола. Каўбаса ніяк не жавалася; толькі сліна цякла, а толку не было. Выплюнуў яе Спірыдон у руку, паглядзеў, размахнуўся і ляпнуў з-за пляча вобземлю, яшчэ і камашам прыціснуў.

Злосць апанавала Спірыдона. Ну, і жыццё, каб ты апруцянела! Спірыдон прысеў каля стала. Колькі мінут сядзеў, не варушыўся. Потым вочы яго падняліся і зірнулі ў люстэрка.

– У-у-у! Мардасіна!

Можа б і абышлося ўсё, бура ўляглася б, і Спірыдон заспакоіўся б, але гэты прахвост, нос, як сумыслу, зноў засвярбеў таксама, як і раніцой.

– Не, брат! Няма дурных! – зларадна сказаў Спірыдон.

Задраў ён угару галаву, прыплюшчыў крыху вочы, – нос яго са страху зморшчыўся так, што і зубы выскаліліся. Потым прыгнуў Спірыдон сярэдні палец правай рукі да вялікага пальца.

– Троп! Троп! Троп! – паляцела па пустой кватэры.

– Так табе і трэба, ашуканцу! – сказаў Спірыдон, даўшы тры пстрычкі ў свой уласны нос.

[1914]


[1914]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5