epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Таварышу Сталіну

Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч!

 

Калі над краінай твой голас прарочы

Узняўся з сусветнай трыбуны – Крамля,

Паніклі пачвары і прывіды ночы,

І слухала, дух затаіўшы, зямля;

 

І сэрцам гарачым былі мы з табою

І крочылі ў мыслях за мудрым услед,

З вышынь недасяжных, што ўзялі мы з бою,

Тваімі вачыма глядзелі на свет.

 

І думка ляцела над светам, як сокал,

          За межы радзімы. Там з краю ды ў край

Мы бачылі цемры шаленства навокал,

Мы бачылі гора людскога адчай.

 

Мы бачылі – кроўю заліты прасторы,

Дзе свастыкі чорныя цені ляглі,

Мы бачылі трупаў знявечаных горы, –

Шакалы фашысцкія іх сцераглі.

 

 

Імглістыя хмары над светам навіслі,

Удушлівым дымам прасякнута цьма.

Няма там прыпынку для творчае мыслі,

          Разумнаму слову прытулку няма.

 

Забойцы, патомкі майстроў інквізіцый,

Там зноў аднаўляюць малюнак стары.

Пагромшчык гуляе па плошчах сталіц іх,

Кат геніяў творы нясе на кастры.

 

Глядзіць на нас захад, як восень уночы,

Ды чорныя цені снуюць па зямлі.

Там ходзіць трывога, там стогне рабочы,

Куюць там кайданы вайны кавалі.

 

Крывавыя цені, як слугі няшчасця,

          Выходзяць з фашысцкіх пячорын і нор.

Раззявіўшы прагна звярыныя пасці,

Разбойнікі ладзяць зладзейскі згавор.

 

Крывавай расою акроплены пожні

Іспанскіх узгорʼяў, кітайскіх далін,

У заўтрашнім дні там не ўпэўнены кожны

І дзень гэты ўсходзіць з-за чорных руін.

 

Ты нам растлумачыў законы галечы,

Дзікунства і гвалту. Мы шлем ім праклён

І славім адзіны закон чалавечы –

Леніна–Сталіна мудры закон.

 

 

  *

 

Акінуўшы вокам шляхі і дарогі,

Што кованай сталлю за намі ляглі,

Мы бачым прасторы, мы бачым разлогі

Магутнай, дзівоснай Савецкай зямлі.

 

Над ёю шатрамі бяскрайняе шыры

Ірдзяцца ясноты вясёлкавых дзён,

Дзе творчая воля, пасланніца міру,

Яднае дзесяткі і сотні плямён;

 

 

Дзе сіла народаў адзіным патокам

          Імклівіць няспынна да мэты адной –

Разумнай, праўдзівай, як сонца высокай, –

Да брацтва народаў крыніцы жывой;

 

Дзе ў роўнай ступені рабочы, вучоны,

Паэт і калгаснік, мастак і акцёр

Атулен увагай, ахован законам,

Дзе творчым парывам расчынен прастор;

 

Бязмежныя шыры, бяскрайнія далі,

І творчае працы ясноты-шляхі

Адкрыў перад намі ты, мудры наш Сталін,

          Наш бацька, настаўнік і друг дарагі!

 

  *

 

Маўчала ў зняменні загнанае слова

Пад панскім прыгонам, пад царскім ярмом,

Ляжала над краем маўклівасць сурова,

Адна толькі скарга хадзіла цішком.

 

Маўчалі паэты ў маўчанні зацятым

І марна гібелі ў глушы мастакі,

Ды сумныя песні снаваліся ў хатах

Пра гора людское праз годы, вякі.

 

Над любай калыскай схілялася маці

          З трывогай у сэрцы і пела ўначы,

Як злую нядолю рыхтуюць дзіцяці

Цары-крывасмокі, паны-крумкачы.

 

Але не ўмірала надзея народа.

І вера не гасла ў цудоўныя дні,

І тлелі вякамі праз цяжкія годы

Народныя сілы і праўды агні.

 

Прыйшла яна, праўда, у громах змагання,

На крыллях агністых кастрычніцкіх бур,

І радасны золак, прадвеснік світання,

          Разліў па зямлі беларускай пурпур.

 

 

І канула ў вечнасць былое закляцце,

Апалі аковы няволі з бядой,

І ты, правадыр, у сямʼю яго браццяў

Заклікаў народ наш усёй грамадой.

 

У часы ж навалы, у грознай прыгодзе,

Як родны наш бацька, ты нас ратаваў

І добрую памяць аб нашым народзе

Дагэтуль у сэрцы сваім захаваў.

 

З увагай штодзённай і з клопатам дбалым

          Не зводзіш з нас вока і росціш народ.

Узняў ты высока наш край заняпалы

І нашаму слову даў творчы палёт.

 

Бязмежныя шыры, бяскрайнія далі

І творчае працы ясноты-шляхі

Адкрыў перад намі ты, родны наш Сталін,

Наш бацька, настаўнік і друг дарагі!

 

Ты нам паказаў сваім словам прарочым

Дарогу да шчасця, дарогу ў вякі.

Па гэтай дарозе з народам мы крочым –

          Паэты, артысты, пяўцы, мастакі.

 

 

  *

 

Мы службы не знаем больш слаўнай, пачэснай,

Як зліцца з народам у працы сумеснай

І зорнай дарогай тваёй, правадыр,

Нясці ўсяму свету і волю і мір.

 

Пра нас ты сказаў – і сардэчнае слова

Натхняе да працы вялікай і новай.

Мы вернымі будзем народу свайму,

І сілы, і веды, і песні – яму!

 

Магутнасць Антэя – у дружбе з зямлёю,

          А наша – ў яднанні з народнай сямʼёю.

Крыштальны твой шлях, як крыніца ў лугах, –

Народа настаўнік, народа слуга!

 

 

Няхай наша творчасць, заўсёды жывая,

І сэрцы і думы людзей акрыляе,

Хай кожная песня і кісці узмах

Нам радасць прыносіць, а ворагам – страх!

 

Уславім зямлі раскаванае ўсходы,

Уславім арлоў – гадаванцаў народа,

У песнях, што нашыя сэрцы складуць,

          Хай вечна героі народа жывуць!

 

Бацькі, што ў баях баранілі краіну,

Шчасліва ўсміхаюцца роднаму сыну –

Ён гучную скрыпку трымае ў руках,

Іграе пра вольна-адчынены шлях.

 

Ён першы між першых на конкурсах свету, –

На гонар, на славу краіны Саветаў.

Пад сталінскім сонцам, ласкавым заўжды

Расце нашых талентаў сад малады.

 

Ці восенню ціхай, ці раннім прадвеснем,

          Звініць у прасторах свабодная песня.

Найлепшая мера прыносіць нам плод.

Шчасліва жыве беларускі народ.

 

Збіраемся мы на вяселлі, на святы,

І чуецца песня: «Жывіце багата!»

Мы словам паэта і песняй сваёй

Радзімы любімай пільнуем спакой.

 

У скарбніцу перлы прыносілі людзі,

Яе вартавымі надзейнымі будзем.

Заззяюць ярчэй над савецкай зямлёй –

Чайкоўскі і Пушкін, Рэмбрант і Талстой.

 

Як дар залаты, мы нясём тыя творы

У гушчы народа, у нашы прасторы.

Хай геніяў голас натхнёны гучыць,

Людзей навучае змагацца і жыць.

 

Мы партыі нашай магутную зброю –

Навуку марксізма, глыбока засвоім.

 

І вольнаму люду, як ззянне зары,

Яе панясуць мастакі, песняры.

 

Мы помнім гісторыі ясны наказ.

          Ключы чалавечага шчасця ў нас.

Каб свет камунізма хутчэй збудавалі,

Будзем як Ленін,

Будзем як Сталін!

 

 

  *

 

Шчаслівыя мы сваёй роляй пачэснай,

Што вызначыў ты мастаку, песняру.

Мы першыя ў свеце з натхнёнаю песняй

Выходзім спаткаць камунізма зару.

 

Сагрэў ты, як сонца, лясы і дубровы

Бацькоўскаю ласкай, наш друг дарагі.

          Праходзіць прасторамі гоман вясновы,

Красуюць узгоркі, палі і лугі.

 

І з песняй дзяўчына ідзе да крыніцы,

І з песняю хлопец свой трактар вядзе,

Пад песню праходзяць палкі ля граніцы,

Пад песню эскадра плыве па вадзе.

 

У слова мы ўклалі любоў да радзімы –

Яна нашым вобразам сілу дала,

Любоў да цябе, правадыр наш любімы,

Палёт нашых думак у высь падняла.

 

Мы цемры спрадвечнай пракляцце скрышалі,

Мы творым на славу савецкай зямлі –

Мы слова твайго залатыя скрыжалі

Над светам як сцягі мастацтва ўзнялі.

 

Жыццё чалавека зрабіў ты прыгожым,

Каб зоркаю кожны свяціў між людзей,

Мы справамі славім твой велічны розум,

Мы імем тваім называем дзяцей.

 

Бо сталінскім сонцам развеяны змрокі,

Шырокія ўсюды шляхі праляглі,

          Ідуць нашы дзеці упэўненым крокам

Па нашай, па сонцам залітай, зямлі.

 

Зямля, што агнём прамяністым сагрэта,

Што цёпла дыміцца вясной з-пад плугоў,

Пад сцены крамлёўскія ў жніўнае лета

Нясе табе ў хвалях жытнёвых любоў.

 

Народнай любві залатыя зярняты

Збіраем мы ў лепшыя песні свае,

Мы з імі выходзім на людныя святы –

Народ іх пад сцягам чырвоным пяе.

 

Наказы твае паўстаюць перад намі,

І мы абяцаем, наш бацька, табе,

Што вернымі будзем Радзімы сынамі

У працы сваёй, у сваёй барацьбе.

 

У сталінскай дружбе красуюць народы,

Зʼядналі іх дружбаю бальшавікі,

Для нас яна роднаю будзе заўсёды,

Мы горда яе пранясём у вякі.

 

Мы чуем: вайны набліжаюцца буры,

Мы, сіл не шкадуючы, будзем штогод

          Народ уздымаць да вышыняў культуры

І словам мастацкім узбройваць народ.

 

Клянёмся табе, правадыр і настаўнік,

Як толькі вайна загрыміць над зямлёй,

Са зброяй і песняй суровай мы станем

На абарону Радзімы сваёй.

 

У бойцы смяротнай праклятым фашыстам

Прысуд мы напішам магутнай рукой.

Пад Леніна–Сталіна сцягам агністым

Жыць будуць народы адзінай сямʼёй!

 

Няхай жа красуе краіна Саветаў

Працоўным на радасць, фашыстам на страх,

Хай вечна гарыць, палымнее над светам

Сцяг працы, наш ленінска–сталінскі сцяг!

 

Красуйся ж і ты, правадыр наш любімы,

Як сонца з вышынь, асвятляй нам шляхі,

Наперад вядзі нас для шчасця радзімы,

Мы сэрцам з табой, правадыр дарагі!

 

Якуб Колас, К.Крапіва, А.Куляшоў, Э.Агняцвет, М.Клімковіч

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4