epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Тосты

Пад новы 1948 г.

Дзень добры, Новы год! Будзь ласкаў,

Заходзь у хату, сядзь за стол.

І чарка будзе і кілбаска,

Бо ты наш госць і наш пасол.

 

А перад тым, як выпіць чарку,

Мы гэтак голас узнясём:

За мір, за нашу гаспадарку,

За наш савецкі новы дом!

 

За пяцігодку, нашу славу,

          І за разгон наш малады,

За нашу партыю, дзяржаву

І за геройскія гады!

 

Закусім. А другую чарку

Асушым мы пад гэты тост:

Няхай зло ўсё ідзе назмарку,

А ўсе далары – псу пад хвост!

 

Няхай і трумэнаву плану

Канец падыдзе ды пусты,

А ўсе святошы з Ватыкану

        Падцягнуць к спіне жываты!

 

28/ХІІ 1947


28.12.1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4