epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Тоўстае палена

I
II
III
IV
V
VI


I

 

– Не! Я яго такі жыцця рашу. У катаргу пайду, а галаву яму скручу!

Злосна прайшоўся Паўлюк па хаце і з сілаю шпурнуў на лаву рукавіцы.

Жонка, стоячы з вілкамі каля печы, так і застыла. У чыгунчыку пабегла зацірка, а яна ўсё стаіць, слухае, чаго крычыць Паўлюк і хто яго так угнявіў.

Паўлюк Трывай толькі што прыехаў з лесу. І трэба ж было чарцям нагнаць на гэты час абʼездчыка на камору! Знайшоў адно паленца, таўсцейшае проці меры, і з-за таго паленца абярнуў увесь воз дроў.

– А каб на цябе ліха абярнулася, трасца тваёй матары, гад ты печаны! Каб табе даў Бог мазгі звярнуліся!

Ніяк не мог супакоіцца Паўлюк.

– Гэта ўсё Сучынскі? – пытае жонка.

– А няўжо ж хто. Ён!

– От гад! Праўдзівы сабака. Вельмі верны служака. Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Думаеш, міласць заслужыш у князя? А як жа! Расчыняй губу!

Паўлюк тым часам сціх. Сядзіць над міскай з гарачым квасам і думае, відаць, важную думку, бо ўжо заметна было, як хадзілі яго сківіцы: не так проста, як звычайна, а нейк трохі наўкруг, як жорны.

І праўда – Паўлюк думаў. Думаў, як злавіць Сучынскага і паказаць яму гэтае палена на яго ўласнай скуры.

 

II

 

Прайшло ўжо з тыдзень часу, а злосць Паўлюка на абʼездчыка Сучынскага ўсё не астывае. Ды як ёй астыць, скажыце? Пойдзе Паўлюк ранкам даваць каню сена, пападзецца пад ногі палена і лішні раз напомніць Паўлюку тое тоўстае палена, з-за якога яму Сучынскі звярнуў на каморы дровы. І дзе ён ні павернецца, то ўсюды так ці іначай натыкаецца на праклятае палена. Пойдзе да суседа, там якраз на дрывотні пілуюць палена. Зойдзе ў хату, – у хаце суседская жонка, як сумыслу, гаворыць:

– Ото ж якое тоўстае палена! І ў печ не ўправіш!

Выйдзе Паўлюк на вуліцу, там які-небудзь сабакар ганяецца з паленам за сабакамі.

Палена, палена і палена! Бадай вы пагарэлі! Як бы на свеце больш і няма нічога, апроч гэтага палена. А ляжа Паўлюк спаць, перад вачыма так і стаяць палены.

– Ну ж, гад! Не дажджэ тваё ліха! – скрозь зубы цэдзіць Паўлюк і варочаецца на другі бок.

– Мамка! – крычыць дзесь у кутку малы хлопчык, сын Паўлюка. – Я скочваюся; ці няма чаго палажыць збоку?

– Злезь, сынок, пашукай каля печы палена і падлажы пад сеннічок, – адзываецца з-пад лахманоў маці.

Паўлюк сярдзіта варушыцца на пасцелі і стогне, як звязаны стары маркач, якога стрыгуць. А хлопчык ужо шворыцца каля печы.

– Чорт іх ведае, якія тут палены! – бунтуецца хлопец. – Усё нейкія так плашкі. Каб дзе знайсці крыху таўшчэйшае.

– Пайшоў спаць! Сну на цябе няма! – не вытрымлівае Паўлюк і падымае галаву, а сын, узяўшы палена, шыбуе ў запек і грукае паленам на ўсю хату.

Паўлюк успамінае Сучынскага і ад злосці скрыгіча зубамі.

– Што ты, Паўлюк, скрыгічаш? – пытае, лежачы збоку, жонка.

– Нешта, падла, зуб заныў, – лжэ Паўлюк, каб адчапіцца, і варочаецца ад жонкі ў другі бок.

– А ты вазьмі сцюдзёнай вады; там каля парога стаіць на палене, – радзіць Паўлюку жонка.

– Спі лепей! – сцяўшы зубы, гаворыць Паўлюк.

Патрошкі ў хаце ўсё заціхае, і салодкі сон усім змыкае вочы. Адны толькі насы зайгралі цяпер на ўсе галасы. Адзін нос тоненька высвістваў:

– Э-ге! Э-ге!

Другі жаласна ныў, як малады каршун у гняздзе:

– Фю! Фю!

Нос самога Паўлюка граў тоўста, з лёкатам і перабоямі, як бусел над маладымі буслянятамі. Так і відаць было, што гэтак можа іграць толькі гаспадарскі нос.

Паўлюк спаў, але і сплючы не мог ён пазбавіцца ад праклятага палена. Прысніўся яму сон. Здаецца, едзе ён з лесу, вязе дровы. Спатыкаецца Сучынскі, і Паўлюк, многа не гаворачы, падыходзіць да абʼездчыка і – трах яго па мордзе! Завязалася бойка. Пакаціліся яны абодва на зямлю, абʼездчык, кідаючыся, наваліўся Паўлюку на ногі. Паўлюк хоча іх выслабаніць і не можа: замест Сучынскага зрабіўся тоўсты кругляк. Паўлюк мардуецца, вырабляецца; спацеў увесь, робіць апошняе натужэнне, моцна варушыць нагамі.

Тут – грук яму жонка ў плечы!

– Га? Што! – усхапіўся Паўлюк.

– Чаго ты трапечашся? Бязмала галёнкі мне не перабіў!

– Добрая галёнка – чуць ног не павыкручваў.

 

III

 

Было яшчэ рана, – чэрці на кулачкі не выходзілі, – як прачнуўся Паўлюк і аслабаніўся ад «тоўстага кругляка». Сон яго ўжо разагнаўся, і як Паўлюк ні плюшчыў вочы, заснуць ужо не мог.

– Што ж? Трэба ўставаць, – рашыў Паўлюк і падняўся. Абуўшыся і апрануўшыся, пайшоў ён у гумно. Праз паўгадзіны з тока пачуўся мерны стук адзінокага цэпа. На таку ляжаў пасад жыта ў восем снапоў, паложаных па пары, каласы з каласамі. Паўлюк пачародна абіваў цэпам то адзін, то другі снапок і паволі, ды заложна, наступаў на снапы, зрэдку чуць падаючыся назад, каб спрытней было выбіць зерняткі, але, у агуле, ён усё ішоў уперад, аж покі не даходзіў да апошняга снапка. Тады ўжо ён, злёгку стукаючы цэпам, адыходзіў назад, прыбіваў каласкі. Абабіўшы адзін бок снапкоў, ставіў цэп, варочаў іх на другі бок ды зноў такім жа парадкам калаціў іх. Акалаціўшы, развязваў, знімаў перавяслы, рассцілаў снапкі ў пласты, зноў біў, зноў варочаў, вытрасаў кулі, мяў салому і так да канца, покі не канчаў усяго пасаду.

Малоціць Паўлюк, а думкі так і варушацца ў галаве. Думалася пра сон, – ніяк ён не выходзіў з галавы, – пра абʼездчыка Сучынскага, аб тым, як і дзе яго злавіць і хоць бы ўсмак папабіць гада. Забудзецца Паўлюк, думаючы аб Сучынскім, і так пачынае жарыць цэпам, што сноп падскаквае ўгару. Паўлюк у гэты момант думае аб тым, як ён біў бы Сучынскага. Звязвае куль, і здаецца, што ён паваліў абʼездчыка і душыць яго. Паўлюк забываецца да таго, што перавясла трашчыць у руках і рвецца. Потым Паўлюка зачынае займаць думка, як залучыць абʼездчыка ў свае лапы.

Папільнаваць яго ў лесе? Дык чорт жа яго ведае, калі ён будзе ехаць або ісці, ды ў лесе яшчэ хто наткнецца, а пры людзях такія справы не робяцца.

Падгаварыць хіба навабранцаў, каб абʼюшылі яго, як будуць ісці на прызыў. Але для гэтага трэба не менш гарца гарэлкі, ды і трудна зрабіць так, каб людзі не зналі яго намовы. Не! Калі рабіць, дык трэба зрабіць гладка, так, каб і камар носа не падтачыў.

А як зрабіць?

І зноў завярцеліся Паўлюковы мазгі, пайшлі выдумляць хітрыя сеці, у якіх павінен быў заблытацца Сучынскі.

А каб проста падпаліць гада? Што ж? Падпаліць не штука, але ці хопіць розуму і хітрасці схаваць канцы ў ваду. Ды што ў яго ёсць? Згарыць будынак, – дык будынак скарбовы, на руку будзе скарбу – страхоўку возьмуць і яшчэ падзякуюць, а самога зловяць – і бывай крама з таварамі! Паўлюку аж страшна стала, калі ўспомніў, як білі і засудзілі за падпал Трахіма Скарача. Не! Гэта не гадзіцца. І яшчэ многа спосабаў перадумаў Паўлюк, ды ніводзін не здавольваў яго.

 

IV

 

Нічога не прыдумаў Паўлюк за ўсю раніцу. І злосць яго брала, што нічым не дапячэш Сучынскага. Але яму тут памог сусед Сцёпка Навой; памог знячэўку, і ў мыслях не маючы таго.

Гэта было ў панядзелак. Прыходзіць да Паўлюка Сцёпка пазычыць паўасьміны. Затрымаўся трохі, разгаварыліся. А Сцёпка якраз быў у нядзельку на рынку, хадзіў з жонкай купляць лён.

От і расказвае Сцёпка, як у хаце крамніка Хацкеля сяляне набілі паліцэйскага стражніка. Пятрусь Камар з Ябланоўкі і Мікіта Трацяк з Малой Слабодкі зайшлі да Хацкеля выпіць па чарцы... Ну, ці мала які можа быць у людзей інтэрас. Сядзяць сабе яны, выпіваюць. Уваходзіць стражнік, садзіцца каля стала, за якім сядзелі Пятрусь з Мікітам, – прыляпіўся, як той клешч да сабачага вуха. Не гнаць жа чалавека вон ад стала. Наліваюць і яму чарку, бо ўсякая, лічы, вантроба прагне гарэлкі. І ў стражніка была гэткая вантроба, і ён таксама быў не промах наконт гарэлкі, асабліва, калі гарэлка нічога не каштуе.

Выпілі адну паўпляшку, выпілі другую, развязаліся языкі, зʼявілася і рызыка.

– Ну, што ж? – гаворыць Мікіта стражніку. – Ты з намі піў, стаў цяпер і ты.

– А ты знаеш, з кім ты гаворыш? – пытае стражнік.

– Даволі зірнуць на тваю мардасіну, каб ведаць, якая ты штука, – адказвае Мікіта, падпёршы рукою левы бок.

Слова за слова, завязалася сварка, а потым і бойка. Стражнік хацеў хапіць шаблю, але Пятрусь, як абцугамі, сціснуў яго за плечы.

– Нічога не паможа табе гэта трапло, – гаворыць Пятрусь, ды разам з Мікітам павалілі яго на зямлю і давай мясіць. Збілі на горкі яблык. А Мікіта яшчэ адрэзаў рамень ад шаблі, сказаўшы:

– Добра будзе вушкі паўстаўляць у лапці.

Паўлюк слухаў, не прапусціўшы ніводнага слова.

– І суда не будзе?! – спытаўся ён.

– Які суд? Чалавек ты! Пабіліся пʼяныя, от і ўсё, – гаворыць сусед.

Выслухаўшы расказ суседа, Паўлюк павесялеў: яму прыйшла ў галаву мысль, якую ён так доўга шукаў і не мог знайсці.

 

V

 

Спосаб быў знойдзены.

Цяпер застаецца залучыць на кірмашы абʼездчыка, завясці яго куды-небудзь да Хацкеля ці Каца, напаіць, і тады можна будзе парахавацца.

У першую нядзельку адлажыў Паўлюк паўрубель грошай на гарэлку, якую ён выпʼе з Сучынскім, запрог коніка і ўжо сабраўся ехаць. Неспакойна трохі было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосць яго стала праходзіць, і ён гатоў ужо быў плюнуць і на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму абʼездчык, і на самога абʼездчыка. Але, як ён выязджаў з двара, жонка, выткнуўшыся з сяней, гаворыць да яго:

– Зайдзі, Паўлюк, у лясніцтва і вазьмі асігнату, бо скора не будзе чым выпаліць у печы: скінулі ж табе на каморы дровы.

Як шылам парнулі Паўлюка гэтыя дровы.

– Але! Гэта ж я і забыўся, што дроў няма ні палена, – сказаў Паўлюк і ўзяўся за кішэню: абмацаў паўрубель, завязаны ў анучыну, той паўрубель, які прызначаны быў споўніць такую важную задачу. У другім вузельчыку ляжалі два злоты на крупы, саракоўка на тараны і селядцы, залатоўка на соль і газу, дзве дзесяткі і чатыры грошы на вобмешку япручку і яшчэ некалькі медзякоў на тытунь і запалкі.

А за што ўзяць асігнату на дровы? Хіба за гэты паўрубель? Паўлюк на момант задумаўся, а потым сцебануў пугаю каня і паехаў, сярдзіты і нездаволены. Зноў не было спакою на душы ў Паўлюка, зноў перад вачыма стала тоўстае палена, воз дроў, абʼездчык, камора.

– Хіба ты скрозь зямлю правалішся! Будзеш ты ў мяне помніць гэтае палена: бокам яно табе вылезе, – гаварыў сам сабе Паўлюк, згортваючы руку ў кулак.

Невясёлыя думкі насіліся ў Паўлюковай галаве. І навокал было так нярадасна і непрыветна, як у Паўлюка на сэрцы. Дзьмуў халодны вецер, змятаў з узгоркаў снег і агаляў пясчаныя іх скаты. Дзе-нідзе ў полі на межах стаялі адзінокія грушы і сіратліва махалі сваімі голымі галінамі, пацёпваючыся, як пажылыя кабеты, на холадзе. Там і сям параскідаліся па полі каменні, як свінні, і маўкліва ляжалі і мерзлі на марозе.

«Ім усё роўна, цяпло ці холад. Скаці іх на загон, – будуць ляжаць на загоне, нікому не пажаляцца на сваю долю», – думаў Паўлюк, пазіраючы на гэтыя каменні.

Маладыя хвойкі рэзка выдзяляліся сваімі зялёнымі вярхамі на снежным полі і гультаежліва падымалі і апускалі свае непаваротлівыя лапы, усё роўна як за каўняром іх нешта кусала. Дарога, ідучы ў лес, станавілася гладкай і роўнай. Конік весела пырхаў і рэзва перабіраў сваімі тоўстымі нагамі. Аднатонны шум лесу закалыхваў памаленьку Паўлюковы думкі і супакойваў яго душу. Паўлюк дастаў кісет, падарунак жонкі, як яна яшчэ была дзяўчынай, люльку, выкрасаў агню і закурыў. Сіняваты дымок уздымаўся клубочкамі па свежым паветры і борзда прападаў, а разам з ім прападалі і трывожныя думкі. Цяпер Паўлюк быў спакойны, як чалавек, які цвёрда, раз назаўсёды, пастанавіў сабе вядомую мэту.

– А правучыць гада не шкодзіць! – закончыў Паўлюк раздуму аб Сучынскім і грозна пагнаў коніка.

 

VI

 

Яшчэ за паўвярсты ад мястэчка Паўлюка сустрэла гандлярка з трыма пеўнямі пад пахай і запытала:

– Чалавек! Можа, маеш што на продаж?

Паўлюк толькі зірнуў, але нічога не сказаў. З усіх бакоў у мястэчка паўзлі, як мурашкі, фурманкі і везлі розныя тавары. Усё места было ўжо застаўлена вазамі. Між гэтых вазоў прабіраўся Паўлюк да свайго зямляцтва. Там было ўжо многа мужчын і жанок з іх сяла. Залажыўшы ў кішэні рукі, з люлькаю ў зубах, стаяў каля сваіх саней Антось Дубок, голасна гаварыў, рагатаў раскацістым смехам і ўсякаму, хто з ім не згаджаўся, смела кідаў:

– А ну, давай заложымся!

Але ахвотнікаў ісці з ім у заклад не было, а некаторыя проста раілі Антосю Дубку залажыць за губу рэч не надта самавітую.

– Во! – весела крычаў Антось. – Збаяўся! – і, выставіўшы жывот-ночвы, закідаў угару галаву і зноў рагатаў.

Паўлюк спыніўся, выпраг каня, павесіў яму торбу з сечкай і азірнуўся. Народу было поўнае места, але сапраўдны торг яшчэ не пачынаўся. Увесь рынак можна было падзяліць на некалькі малых рынкаў. Кожная вёска займала асобнае месца, куды і прывозіла свае тавары. У адным месцы стаялі вазы з цэбрамі, ражкамі, паўасьмінамі; у другім – з дрывамі, дошкамі; у трэцім – з ільном, у чацвёртым – са збожжам. Сярод рынку стаялі гаршкі, міскі, збаны, лыжкі; тут жа дзе-небудзь раскладаў свой тавар багамаз, які таргаваў абразкамі і кнігамі.

Людскі гоман, піск свіней, парасят і ўсякай жывёлы зліваўся ў адзін нястройны гул. Там і сям віднеліся сінія шапкі і чырвоныя шнуры.

Торг памалу пачынаў ажываць. Між вазоў шворыліся розныя купцы і перакупшчыкі. То там, то сям стаялі кучкі гандляроў і сялян. Адзін сівабароды гандляр так заядла таргаваўся, так выкрыкваў і біў сябе кулаком у грудзі, як бы яму зрабілі кроўную крыўду. Каля крам хадзіла некалькі жанок, шукаючы сваіх мужыкоў. То адна, то другая пыталіся сваіх знаёмых:

– Ці не бачылі майго Грыгора?

А Грыгор у гэты час сядзеў ужо каля бутэлькі і варочаў пʼянымі вачыма.

У адным месцы прарэзлівае пʼянае горла крычала:

– Ты – мой наймілейшы прыяцель!

Другое, хрыпатае, лаялася апошнімі словамі, лезучы да першага цалавацца:

– Братка ты мой, халера ты!

Але не гэта займала Паўлюка. Ён стаяў адзін і пільна прыглядаўся, ці не згледзіць дзе шапку з зялёным верхам. Ужо трох леснікоў ён чуць быў не прыняў за абʼездчыка, і кожны раз ёкала яго сэрца.

– Што ж гэта не відаць яго, смурода? – пытаў сам сябе Паўлюк. – А! Унь ён.

Паўлюк аж задрыжаў: у трох кроках ад яго стаяў Сучынскі.

Азіраючыся навакола, Паўлюк смела пайшоў да абʼездчыка. Ён даўно ўжо выдумаў хітры план, як залучыць свайго ворага ў патайную каморку шынка Шварца, дзе быў прыпынак усіх заядлых выпівак.

– Я хачу з панам пагаварыць, – сказаў Паўлюк, падышоўшы да абʼездчыка, пры гэтым ён пастараўся зрабіць самую добрую і прыветную міну.

– Аб чым? – пытае абʼездчык.

– А вось... – Паўлюк трохі замяўся і боязна азірнуўся на ўсе бакі.

– Мо б мы з панам зайшлі куды-небудзь?

– Куды ж мы зойдзем?

– Ды зойдзем хоць да Шварца.

Абʼездчыкаў нос зразу знюхаў гарэлку.

Мужчыны пайшлі, Паўлюк уперадзе, а за ім Сучынскі.

Усе каморкі ў Шварца былі набіты народам; на падлозе валяліся коркі ад піўных бутэлек; пахла гарэлкаю і селядцамі.

Паўлюк выбраў цёмную каморку і пакінуў абʼездчыка, а сам адлучыўся заказаць выпіўку.

Покі Шварц шворыўся з выпіўкаю і закускаю, мужчыны гаварылі аб розных справах: аб тым, як цяпер усё стала дорага, якія пайшлі парадкі, успаміналі даўнейшыя часы і г. д.

Тым часам Шварц прынёс кварту, дзве чаркі і два селядцы на талерцы. Паўлюк наліў чаркі.

– Будзьма здаровы! – сказаў Паўлюк, узяўшы чарку і матнуўшы да абʼездчыка галавою. Пʼючы, Паўлюк зірнуў на абʼездчыка і сашчаміў пад сталом кулак.

Абʼездчык толькі што паспеў ткнуць у селядца відэльцам, як Паўлюк наліў яшчэ па чарцы.

– Хто закусвае пасля адной чаркі? Будзьма здаровы!

Выпілі яшчэ па чарцы.

Гарэлка сагрэла Паўлюка, і прыемная цеплата пайшла па ўсім яго целе. А як бутэлька спаражнілася да палавіны, Паўлюку надта весела стала на душы. І людзі ў яго вачах зрабіліся другімі, і яго ўласнае жыццё стала лёгкім і прыемным.

«А ўсё ж я табе пабʼю рыла! Дальбог пабʼю», – гаварыў сам сабе Паўлюк і шчыкаў сам сябе за сцягняк.

Выпілі яшчэ.

«Здаецца, ужо час біць яго, – разважаў далей Паўлюк. – Не! Яшчэ выпʼю!» – І зноў ён наліваў гарэлку.

«Ты ведаеш, прахвост, дзе ты ў мяне сядзіш? Во тут!» – хацеў Паўлюк паказаць на сваё горла.

Абʼездчыку таксама было весела, і яны сабе сядзелі, цюкалі па чарцы, як найлепшыя сябры.

– Шварц! Шварц! – загукаў Паўлюк. – Дай яшчэ паўкварты. – Паўлюку здавалася, што ён яшчэ не надта сярдзіты.

«А ўсё-такі пабʼю табе морду», – думаў Паўлюк, зрэдку паглядаючы на Сучынскага.

Яшчэ не быў выпіты паўбутэлек, а Паўлюк ужо абдымаў абʼездчыка і гаварыў:

– Хоць ты і сабака, лайдак і свіння, і хоць я пабʼю-такі тваё рыла, але я люблю цябе!

Паўзучы ад Шварца чуць не на чатырох, Паўлюк мармытаў:

– Я!.. Я скручу яму такі галаву!..

[лістапад 1911 – сакавік 1912]


[11.1911-03.1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5