epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

«Трыумф»

Прыяцельскі шарж

I
II
III


I

 

Надакучыла паэту сядзець на адным месцы. Паэты ж наогул людзі непаседлівыя, неспакойныя, без самагону пʼяныя. І недарма ж цягнуць іх то блакітна-сінія далі, то васільковая журба, то проста аўсянае поле ці яшчэ іншая трасца.

А то засвярбяць у іх рукі – зоры за косы цягаюць, зару бляяць прымушаюць, на сонца з нажамі кідаюцца, а пра бедны месяц і казаць не прыходзіцца: у цырульню яго зацягнуць, пудраю напудраць.

Ну, што ты з імі зробіш?

Натура іх такая!

Так вось і гэты паэт.

Заклікаў сваю музу і кажа:

– Годзе табе, лайдачка, па камяніцах швэндацца, бо пайду ў загс і развядуся з табою. Пара табе і пад саламянаю страхою пабыць, тварам да вёскі павярнуцца.

Адным словам – праборку даў!

Увесь гэты вечар прасядзела муза з паэтам. І толькі калі загуў на фабрыцы гудок, адпусціў яе спаць, а сам яшчэ гадзіны тры сядзеў над паэмаю і ўжо без музы зрабіў сякія-такія папраўкі.

А праз дзень зноў сказаў музе:

– Паедзем у вёску!

– А мне ўсё роўна, – кажа муза, – дзе ні адбываць сваю катаргу.

Сабраўся паэт, забраў сваю паэму і паехаў.

Прыехаў.

Увесь райвыканком на ногі паставіў, прадрыку чуць дыхавіцы не нагнаў.

Бегае прадрык, на кавалкі разрываецца, у клуб народ зганяе. Сам паэтам на некаторы час зрабіўся.

– Эх вы, бабы, дзеўкі, мужчыны, падросткі! Выйдзе сталічны паэт на падмосткі.

Збірайцеся, людзі савецкія,

Слухаць песні маладзецкія!

І танна і люба. Гэй, марш да клуба!

 

 

II

 

Клуб поўны.

Выходзіць паэт і пакланіцца не хоча: самі паклоніцеся мне! Вытрас з кішэні паэзію, у позу стаў добрую і чытаць пачаў:

 

 

«Бурапень ты, мая песня новая!

Сэрца рыжае, скачы!

Вечар пʼяны носам клёвае,

А з стрэх віснуць смаркачы!»

 

 

Паэт выняў хустачку і абцёр свой нос, а за ім следам затрубіла некалькі дзесяткаў насоў.

Дзве старэнькія бабкі, стоячы ў куточку, гаротна паківалі галовамі адна да аднае і адна з іх сказала:

– Ой, матухны мае! Як гэта ён хораша сказаў! Праўда: і вечар цяпер зноў пʼяны робіцца – гарэлкаю, кажуць, таргаваць пачалі. Не дзіва, што і сэрца ад яе парыжэе.

Паэт бліснуў поглядам-маланкай: ёсць!

 

 

«Эх, засмейся ты, постаць радняная!

Спачывайце вы, сярпы!

А ты, стрэшка саламяная,

Выкінь вон свае цапы!»

 

 

Новае разважанне.

Дзе ўжо там смяяцца радну? Яно добра смяяцца, калі ёсць за што крамніцы набраць. А радно калі засмяецца, то не з радасці. А сярпу цяпер што рабіць?

Селянін з заамшавелым тварам дадае:

– Праўда, што цапы павыкідаць можна: малаці, малаці, а на прадналог не намалоціш. Хоць торбу бяры ды жабраваць ідзі.

Кашлянуў паэт, далей чытае:

 

 

«Эх, заззяе электрыфікацыя!

Пусцім трактар-самацяг:

На два локці грунт абмацае

Пралетарскае дзіця».

 

 

Ускінуў паэт вочы – зарніца – анямелі, слухаючы, раты, як маладыя вараняты, парасчынялі – уважненька слухаюць. Воплескі сям-там пачуліся.

І з натхненнем чытаў паэт далей:

 

 

«Кавалюй жа, мая вёска зрэбная!

Ты выкоўвай новы быт!

Каласіся, поле хлебнае,

Лайся вецер, вол рабы».

 

 

Старэнькая кабецінка, злажыўшы на жываце рукі, пахіліўшы набок галаву, ціха сказала:

– Божухна, які здольны чалавечак! І слоўкі ўсё свае, родненькія. Нават нашага рабенькага воліка ўспомніў... Прадалі яго, галубок! Танна прадалі.

Заўважыў таксама і дзед стары:

– Лаюцца, гадаўё, і як яшчэ лаюцца! Малы, падла, кіпцём прыдушыць можна, а ў лаянцы старых перагнаў.

Тыя нявідныя іскры, цёкі душы, што лучаць людзей у адно цэлае, злучна-злітае, перадаваліся паэту. Яшчэ з большым натхненнем, з большым пафасам дэкламаваў, дэкламаваў ён заключны акорд:

 

 

«Бразне-дзынкне ў лесе золак ключыкам,

Цэд на травы лье туман.

Эх, каціся ды абручыкам,

Сказ мой, хмелевабуян!»

 

 

– Ох, што значыць маладзенькае! – сказала, уздыхнуўшы, тая ж бабка. – Пабразгаць, падзынкаць хочацца. Абручыкі пакачаць яму трэба! Якраз, той унучак мой Яначка!

І стала хвартухом выціраць слёзы.

 

 

III

 

Кончыў паэт.

А каб паказаць, што кончыў, прынцыпы свае парушыў: пакланіўся слухачам і нізка пакланіўся. І грымнулі дружныя воплескі.

– Ось гэта называецца чалавек!

– Ці зразумелі ж вы мае вобразы?

– А дзе ж твае абразікі, дзеткі? – спытала бабка.

– Усё, галубок, зразумелі, – падхапілі другія галасы, – як ёсць чысценька: і пʼянства гэтае самае, лаянку гэтую і нашу цёмную нетрафікацыю. Толькі, галубок, трахты гэтае не трэба, і мацаць тут ужо няма чаго, і так неспакойна жыць стала.

– Прыязджай да нас, галубок, яшчэ калі. Паслухаем разумнае слоўка, грахі нашы ўспомнім.

Галава ў паэта закружылася, і сам сабе вялікім-вялікім паказаўся.

І ў радасці сказаў сваёй музе:

– Наша выступленне – трыумф!

[1925]


[1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6