epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У астрозе

Аб чым тут мне думаць у гэтай няволі,

У гэтай магіле-турме,

Дзе радасці сэрца не знае ніколі,

Дзе жыцце праходзіць у цьме?

 

І ўзыдзе і зойдзе высокае сонца,

І месяц устане ўгары,

І зорак далёкіх скрозь хмар валаконцы

Так ціха гараць ліхтары,

 

І белыя хмаркі кудзеляй ваўністаю

Сваю танкарунную ткань

Павольна рассцелюць па небе па чыстаму

І віснуць над светам, як здань...

 

А неба бяздоннае, неба раскрытае

Прасторам і воляй жыве,

І жыцце няўдалае, жыцце разбітае,

Прастор гэты неба заве.

 

Ўскалышуцца думкі, як лісці на дрэве,

Калі на іх вецер дыхне,

І сэрца ўскіпае абурана ў гневе,

І душу маланка жахне.

 

І горка, так горка, нявесела стане,

І смутак на сэрца спадзе.

А жыцце праходзіць, а моладасць вяне

І вяне без толку ў нудзе...

 

Аб чым жа тут думаць у гэтай няволі,

У гэтых крывавых мурох?

Эх, каты вы, каты народнае волі!

Нашто збудавалі астрог?

 

[1910]


[1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910