О ночка, ноч! канца няма ёй.
Навокал мрок, мрок і ў душы.
А дзе ты, сон мой? дзе? – пытаю.
Прыйдзі, прыгрэй, закалышы.
Спакою дай душы і целу
І сіл – сустрэць наступны дзень.
Ды сну няма, і я, збалелы,
Ляжу адзін, адзін, як пень.
І друга я тут прыгадаю –
Такога друга не знайсці.
Прапета песня маладая,
І болей ёй не расцвісці.
А за сцяной шуміць сасоннік,
І цемра густа залягла.
Мне шэпча мысль адна ў бяссонне:
Ты – човен, браце, без вясла.
12/І 1946