Можа, гэта быў і не той верабейчык, што прасіў былінку, каб яго пакалыхала. Але з пэўнасцю можна сказаць, што на былінцы ён калыхаўся. Каб я ведаў вераб'іныя імёны, то даў бы яму самае прыгожае з іх. Але пра вераб'іныя імёны нічога не чуваць, і ў календары яны не значацца. Дык будзем называць яго проста: Верабейка-Калыханчык.
Усё гэта адбывалася ў вёсцы. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Двары былі прасторныя і вясёлыя. Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні. З аднаго боку стаяў цёмны лес. У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Выходзіў часамі з лесу воўк і выглядаў, ці не ходзяць парасяты або другая жыўнасць. Наляталі таксама і каршуны, каб забраць бедную курыцу ці якую-небудзь птушку. А птаства тут было многа: былі тут вераб'і, ластавачкі, плісачкі, галубы, качкі і іншыя.
Верабейка-Калыханчык знайшоў сабе жонку, таксама з славутай вераб'інай фаміліі. І сталі яны ўдваіх будаваць сабе хатку. Аблюбавалі яны вельмі добрае месца, і не дзе-небудзь, а пад страхою гаспадарскага дома. Тут было і зацішна і цёпла. Адным словам, такая прыўдалая шчыліна, што рэдка якому вераб'ю здаралася такая ўдача. Калыханчык насіў саломку, сухія карэньчыкі пырніку і наогул матэрыял болей цяжкі, бо ён жа быў мужчына. Яго жонка рабіла работу болей лёгкую і болей далікатную: яна падбірала пер'е.
Яе нават быў напалохаў раз певень, моцна напалохаў. Вераб'іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. А гарлан певень крыкнуў грозна:
— Куды? Куды?
Вераб'іха ад страху выраніла пярынку і адляцела досыць далёка. Певень апамятаўся, відаць, пашкадаваў вераб'іху і ўжо ласкава прагаварыў да яе:
— Бяры! Бяры!
Некаторы час на двары не відаць было вераб'іхі. Думалі, што яна, можа, з пярэпалаху захварэла. Калыханчык быў надта заклапочаны ў гэты час. Але аказалася, што вераб'іха сядзела проста на гняздзе пад страхою, а потым прайшла чутка, што ў Калыханчыка ёсць дзеці, цэлых пяць штук.
Ну і рад жа быў Калыханчык! Карміў сваіх дзетак, пазіраў на іх, цешыўся імі. Калі дзеці трохі падраслі і пачалі шчабятаць, бацькі селі на страсе каля свае хаты. Яны адчувалі сябе шчаслівымі: дзеці іх раслі, гадаваліся, дужэлі і былі разумныя. Сярод іх былі тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Называліся хлопчыкі так: Чы-Лін, Чын і Чук, а дзяўчаткі — Чуча і Жычка.
У Калыханчыка і яго жонкі былі не толькі радасці, — быў у іх і клопат, і трывога. Іх дзеці сталі падрастаць і ўваходзіць у сілу. Ім ужо было цесна ў бацькавай хаце, ім хацелася на свет, на прастор, на волю. Таксама хацелася і сілу сваіх крылляў папрабаваць. Асабліва неспакойным, жывым і праворным быў Чы-Лін. Але на гэтым прасторы было многа небяспекі. Нядаўна сюды залятаў ястраб. Ён чуць-чуць не злавіў ластавачкі і не задраў курачкі. І толькі храбрасць пеўня Ціпа выратавала няшчасных, бо Ціп у час крыкнуў так моцна, што на яго крык выбегла гаспадыня і прагнала драпежніка.
Параіўшыся з жонкаю, Калыханчык падляцеў да гнязда і сказаў:
— Дзеці, дзеці! Ціха сядзіце! З хаты не вылазіць, калі нас няма, а то пахапае вас ястраб.
— Няхай толькі папрабуе! — адказаў бацьку Чы-Лін.
Калыханчык засмяяўся ад радасці, што мае такога смелага сына. Ён пацалаваў яго ў самую дзюбку і маланкаю памчаўся ў каноплі. Застаўшыся дома, Чы-Лін нядоўга сядзеў спакойна. Ён далёка высунуў з гнязда галаву.
— Хачу ляцець! Хачу ляцець! — крыкнуў ён і высунуўся яшчэ больш.
Певень Ціп, пачуўшы гэта, строга перасцярог:
— Куды? Куды?
Чын і Чуча схапілі неспакойнага брата дзюбкамі за лапкі і не пускалі, а ён крычаў:
— Пусці! Пусці!
Вызваліў лапкі і паляцеў... Але не ўгору, а ўніз, няспрытна перабіраючы крыльцамі.
Чын, Чук, Чуча і Жычка паднялі гвалт. Прыляцелі бацькі. Справілі крык.
Праўда, Чы-Лін досыць шчасліва апынуўся на зямлі каля прызбы. Ён сам страшна перапалохаўся і цяжка дыхаў.
— Сынок! Сынок! — крычала маці. — Ці жывенькі ты?
Чы-Лін шырока разявіў жоўты рот.
— Жыў! Жыў! — адказаў матцы.
Певень, праходзячы каля прызбы, спыніўся, падкурчыў адну нагу і строга зірнуў на беднага Чы-Ліна.
Гэты выпадак з Чы-Лінам меў багатыя вынікі. У той час, калі птушкі думалі пра здарэнне з Чы-Лінам, пры лесе, на сухой дубовай галінцы, сядзеў каршун і пільна сачыў за тым, што робіцца навокала. Каршун быў стары, вялікі, з загнутай сярпом дзюбай, з доўгімі і вострымі кіпцюрамі. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў ён у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес.
Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога!
Мацней за ўсіх крычаў певень:
— Куды панёс? Куды панёс?
Закружыліся галубы, падняліся высока-высока ў неба. З усіх канцоў пазляталіся ластавачкі.
— Цуп-цуф! Цуп-цуф! — крычалі яны.
Дрозд, седзячы ў гэты час за клуняю на вярбе, жаласліва высвістаў:
— Ухваціў! Ухваціў! А-а-а!
Чы-Лін пазіраў на гэтую сумятню, дзівіўся і, відаць, нешта думаў. Потым ён задраў угору галаву.
— Чук! Чук! — пачаў клікаць брата.
Але тут да яго падляцеў Калыханчык, схапіў сына за крыльцы і пабег з ім у вішнячок, у крапіву, каб схаваць яго ад бяды.
Тут ён прасядзеў цэлых тры дні. Бацькі прыносілі яму яду, так што галадаць не прыходзілася. Спачатку трохі было маркотна аднаму, але потым прывык. Седзячы адзін у крапіве, Чы-Лін пачаў разважаць, думаць, наглядаць, што робіцца навокала. Ён бачыў, што сярод птаства на двары няма згоды, што ўсе жывуць разбродам, думаюць толькі аб сваіх патрэбах, а гэтым карыстаюцца драпежнікі і вудзяць іх патроху сабе на спажытак.
Чы-Лін пачаў развіваць сваю думку далей. На трэці дзень у яго галаве злажыўся пэўны план, але аб ім пакуль што ён нікому не гаварыў. Пад канец трэцяга дня ён узляцеў на паркан, з паркана на грушу, з ігрушы на клуню і з гэтага часу пачаў вельмі спрытна лятаць.
На чацвёрты дзень павыляталі Чук, Чын, Жычка, Чуча. Дзён два яны жылі пад строгім доглядам бацькоў, а потым патроху пачалі жыць незалежна.
Вось цяпер Чы-Лін узяўся за работу. Ён закідаў новыя мыслі ў птушыныя галовы, мыслі аб тым, каб завесці новы лад сярод птаства, каб не давацца больш у крыўду драпежнікам. Усюды ён знаходзіў спачуванне, і ўсё птаства з ахвотаю згадзілася з Чы-Лінам, што трэба сабраць агульны сход.
Сход адбыўся на прыгуменні. Тут было прасторна. На прыгуменні стаяў і азярод, дзе вельмі добра было рассесціся птушкам. Некаторы час быў шум, і трудна было пачуць, хто што гаворыць.
— Ціха! — крыкнуў Чы-Лін.
Усе сціхлі.
— Грамадзяне! Прашу захоўваць парадак, бо так мы патрацім час і наш сход не зможа нічога зрабіць. Выберам раней старшыню, каб ён правёў сход. Са свайго боку, я прасіў бы выбраць за старшыню Ціпа.
— Ціп! Ціп! Ціп! — зашумелі птушкі.
Певень прыняў яшчэ больш важную паставу. Стоячы на шуле, ён моцна замахаў крыллямі і падзякаваў за гонар моцным «ку-ка-рэ-ку». Затым ён сказаў:
— Абвяшчаю наш сход адкрытым. Слова мае Чы-Лін.
— Просім! Просім! — загаманілі птушкі.
Чы-Лін выступіў.
— Грамадзяне! Усім вам вядома, пад якім страхам жывём мы. Залятаюць з лесу ястрабы і каршуны: цягаюць нашага брата. Чаму? А таму, што мы жывём кожны па сабе, не думаем аб другіх, не дапамагаем адзін другому. Давайце ж будзем жыць у згодзе, давайце арганізуем калектыў і завядзём такі парадак, каб у нас былі вартаўнікі. Вартаўнікі пададуць знак, калі дзе пакажацца драпежнік, і мы ўсе будзем ведаць пра бяду і не дапусцім яе на двор. Апрача гэтага, нам трэба мець войска — адбіваць драпежнікаў.
— Ура! Ура! — закрычала варона.
— Так-так-так! — азвалася качка.
— Брава! Брава! — крыкнуў шпак.
— Жыві, Чы-Лін! Жыві, Чы-Лін! — з усіх канцоў шчабяталі вераб'і.
— Кока! Ко-о-о-ка! — пахвалілі Чы-Ліна куры.
Так і зрабілі. Паставілі варту, сабралі войска. Ластавачкі павінны быць на варце і падаваць умоўны знак, калі будзе якая небяспека.
— Рэпетыцыю! Рэпетыцыю! — закрычала ластавачка.
Папрабавалі зрабіць рэпетыцыю. Калі сход скончыўся і ўсе разышліся па сваіх справах, вартаўнік-ластавачка крыкнула з-пад лесу:
— Цу-пу-цуф! Цу-пу-цуф!
У адзін момант другія ластавачкі перадалі гэты крык па ўсім двары, а птушкі зараз жа падрыхтаваліся да абароны.
— Шыкарна! Шыкарна! — казала сарока.
І вось калі назаўтра сапраўды вылецеў з лесу ястраб, то не паспеў ён праляцець і паўдарогі да двара, як яго спаткала моцнае птушынае войска. Адна варона так дзюбанула нягодніка, што аж пер'е пасыпалася, і ён больш ніколі не паказваў сюды носа.
І стала спакойна, вольна жыць цяпер птушкам. А дрозд спяваў:
— Сіла ў калектыве! Сіла ў калектыве!