epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У дарозе

Між узгоркаў і курганаў

Сцежка вузкая ляжыць,

Даль нямая з-за туманаў

Сірацінаю глядзіць.

 

Лес акрыўся тонкай тканню,

Сіняй дужкаю лёг гай,

За крывой далёкай гранню

Тоне ў бляску яго край.

 

Цішыня ва ўсім раздоллі,

Ўся заліта сонцам даль.

І душу сціскае болем

Не то смутак, не то жаль.

 

Ўецца сцежка прада мною,

У шырокі свет бяжыць,

Дзе звіваецца змяёю,

Дзе, як стужачка, ляжыць.

 

А я ўсё далей дыбаю

Між узгоркаў і раўнін,

І мне шэпча жыта з краю:

«Ты адзін, адзін, адзін!»

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910