epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У дарозе

Поле без берага, шыр несканчоная,

Даль неаглядная, даль засмучоная,

Смугай спавіта ўся ты!

 

Што пазіраеш ты з немай трывогаю?

Што рассцілаеш туман над дарогаю,

Ставіш упын мне круты?

Што ты вядзеш мяне нетраю-пушчаю,

Вузкаю сцежкай, крывой, невідушчаю,

Сцелеш што крок то лагі?

 

Што насыпаеш капцы мне пясчаныя,

Густа каменнямі ўсюды усланыя?

Дзе ж іх канец, берагі?

 

Дзе ж мая хата? Дзе нівы шумлівыя?

Гоні шырокія, пожні шчаслівыя?

Дзе яны? Хто іх пабраў?

 

Дзе лугавіна, травою акрытая?

Дзе маё поле, слязьмі ўсё аблітае?

Чый яго плуг паараў?

 

Лес мне гуторыць, шуміць верхавінамі:

          «Хвоі на хату пасохлі націнамі,

Будзеш без дому ты век».

 

Поле шапоча мне: «Ветры халодныя

Гналі над нівамі хмары нягодныя —

Град тваю ніву пасек;

 

Доўгія гоні твае папустошаны,

І сенажаці чужымі пакошаны,

Сам чужаніца ты ім»...

 

Што ж мне варочацца? Далей узгоркамі

Ў даль невядомую, з думкамі горкімі,

        З горам і смуткам маім!

 

9/ІІІ 1912


09.03.1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938