За народ, што пад ярмом
Шыю гне і спіну,
Што кляне лёс ціхачом
Кожную часіну;
За народ, што марне схне,
За святое брацтва
Адабралі ад мяне
Усё маё багацтва...
Як за краты я зірну,
Сэрца млее з болю:
Меў уцеху я адну –
Адну толькі волю.
Ды гвалтоўнікі мае,
Ворагі ліхія,
У мяне ўзялі яе,
Адабралі, злыя.
Што ж? Няхай мой вузкі круг,
Няхай я ў няволі,
Толькі ж ім свабодны дух
Не стрымаць ніколі!
Толькі думак не стрымаць,
Не загнаць у клетку...
Будзем разам гараваць,
Думкі, мае дзеткі!
[1908]