epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

У новыя далі

XІX зʼезду Кампартыі Савецкага Саюза

Мы ўсходзім на тыя вышыні,

Куды не ступаў чалавек.

За намі шырокі гмах сіні,

Дзе моры шугаюць і плыні

Каналамі злучаных рэк.

 

А ўперадзе новыя далі

І болей шырокі разлог.

Дык пойдзем, таварышы, далей,

Каб людзі на свеце ўсе зналі

          Праўдзівасць савецкіх дарог.

 

Як радасна вокам акінуць

Вялікі, прасторны наш дом!

Гамоняць, гудуць пуцявіны

Адноўленай роднай краіны,

Як музыка працы, як гром.

 

Адзіная воля яднае,

Злучае мільёны дарог –

На славу савецкаму краю,

Дзе ленінскі геній лунае

          І ўзносіцца сцяг перамог.

 

Шумяць неўгамонныя хвалі,

Нясуць нас у новы паход.

На горным шляху-перавале

Стаіць правадыр, мудры Сталін

І партыю кліча – ўпярод!

 

Узважым жа нашыя сілы –

Наперадзе шмат перашкод.

Дае нам арліныя крылы

Наш бацька любімы і мілы, –

        Каб плённым быў творчы ўзлёт.

 

Няхай жа красуе, квітнее

Савецкая наша зямля!

Хай ленінскі засеў буйнее

І яваю стане надзея

Вялікага сэрца Крамля!

 

28/ІХ 1952


28.09.1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4