Усё мне радуе тут вока
І поўніць сэрца цеплынёй:
І постаць Леніна-прарока,
Што даль вякоў раскрыў шырока
З яе прывабнай глыбінёй;
І сад жывы народаў нашых,
І рознамоўны гоман іх,
Дзе дружбы слодыч поўніць чашы,
Дзе воля чуецца, бясстрашна
І сіла крокаў маладых.
А ў садзе тым – краса народаў,
Цвет многалікі і буйны:
Героі працы і паходаў,
Пранёсшых славу нашу ў годы
Праз дым, агонь і гром вайны.
Гудзе, як летам рой пчаліны,
Утульны, светлы зал Крамля
Ў чаканні радаснай хвіліны,
Каб згледзець хоць на міг адзіны
Таго, аб кім пяе зямля;
Таго, хто мудрыя законы
Даў нам для вольнасці, дабра;
Таго, каму люд шле паклоны
І праслаўляюць міліёны,
Як бацьку і правадыра.
22/ІІІ 1946