Над калыскай матка
Ночку каратае,
Хворага сыночка
Цешыць, забаўляе.
На цвічку павешан
Начнічок убогі.
Зазірае ў вокны
Месячык двурогі.
Карагоды зорак
Угары мігаюць,
На зямлі сняжынкі
Сінім бляскам ззяюць.
Так спакойна ўсюды,
І такая ціша!
Хворае дзіцятка
Так няроўна дыша!
Забівае кашаль,
Не дае спакою. —
Спі, маё дзіцятка!
Спі, маё любое!
Не пужайся, мілы!
Бог святы з табою...
Вон пайшоў ты з хаты,
Сівы дзед з кульбою!
Унь пайшоў дзед сівы,
Крывіцца і плача...
Уцякай адгэтуль,
Уцякай, бядача!
Ось які дзед гэты —
Думаў напалохаць!
Будзе ж усю ночку
На марозе вохаць!
А не хадзі ў хату,
А не лезь сляпіцай!..
Плач цяпер і мерзні
Ды не будзь дурніцай...
О, Пятрусь мой цаца!
Любім мы Пятруся:
Любіць яго тата,
Любіць і матуся.
Купіць тата Пётру
Боцікі на ножкі,
Пойдзе мой сыночак
Пракладаць дарожкі!
Новую кашульку
Я табе пашыю,
У вадзіцы цёплай
Чысценька памыю.
Будзеш ты харошы!
Цётка не пазнае.
«А чый гэта хлопчык?» —
Дзядзька запытае.
Ўсе дзівіцца стануць
І хваліць Пятруся.
– Гэта — я, – ты скажаш,
Я — сынок Габрусеў...
Поўнач пракрычалі
Пеўні з хаты ў хату,
Ўсё курыць газніцы
Бляск падслепаваты.
Змучана кабета
Мацярынскім горам,
Галаву схіліла
Над сыночкам хворым,
І калыша сына,
Страхі адганяе,
А самой ёй сэрца
Нешта есць, сціскае.
4/VII 1910