epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Увосень

З узгорка ў лагчынку дарожка збягае.

Дубы наабапал стаяць.

А хвалі крынічныя — хто іх там знае —

Аб чымся, знаць, важным шумяць.

 

І хвоі-суседкі, і смутныя ёлкі,

Бы ўдовы, стаўпіліся тут:

Даведацца хочуць і травы, і зёлкі

Навін, што прыйшлі ў гэты кут.

 

І ўсе неспакойны, і ўсе засмучоны,

        Бы нечага боязна ўсім,

А вецер-задзіра гудзе, як шалёны,

І вые над лесам пустым.

 

Хвалююцца дрэвы, а красачкі ў скрусе

Зямлі адбіваюць паклон.

«Не бойцеся,— з неба гукаюць ім гусі, —

Не вечны зімовы палон...»

 

З узгорка ў лагчыну шыбуе дарога,

        Стаяць наабапал дубы.

Між дрэваў і красак пануе трывога,

        І цені снуюцца журбы.

 

1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938