epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вандроўнікі

Выходзіць сонца ў свой абход

Дарогаю спрадвечнай.

За днямі дні, за годам год

Плывуць у бесканечнасць.

 

Нясуць яны з сабой і нас,

Як шчэпкі ў хвалях сініх.

Пытаем мы сябе не раз,

Дзе плынь сваю запынім?

 

Бягуць жа хутка-хутка дні,

        Праходзяць нашы весны,

І меркнуць ясныя агні —

Юнацтву не ўваскрэснуць!

 

У сонца свой абход і шлях,

І той шлях цяжка змераць.

Што наш? — Вайшоў праз дзверы ў гмах,

Ў другія выйшаў дзверы.

 

Ідзеш з развагай. Ціхі жаль

Атуліць недарэчы:

Не вечна ты на ўлонні хваль

        Вандруеш, чалавеча!

 

31/ХІІ 1942


31.12.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945