epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вясковая дарога

Вузкаю крывою стужкаю праходзіць меж палеткаў вясковая дарога. На кожным кроку разбілі яе калдабоіны; шчыра ўсыпаў пясок, багата на ёй камення. То ўзбяжыць яна на горку, то спусціцца ў лагчынку, цёмнаю норкаю марскане ў лес, пад стрэху хмурных ялін, абагне курган, узгорак, роўнаю палоскаю ляжа на полі, перасячэ гай, прарэжа луг, ускочыць у вёску, згубіцца тут на мінутку і потым зноў выскачыць у поле і зноў пабяжыць калясіць грудзі зямлі.

Люблю я гэту вузкую, гэту трасучую мужыцкую дарогу. Ідзеш адзін у полі па гэтай дарозе. Яркае сонца аблівае твар зямлі мяккім цёплым светам. Кучамі параскідаліся па небе хмаркі, як крыгі вясною; то круглыя, то пляскатыя, плывуць яны дзе чародкамі, адна за адною, а дзе адзінока ў адну старану неба і прападаюць на краі зямлі, усё роўна як уходзяць у зямлю. Над полем кружацца жаваранкі; крычыць дзесь-то ў небе коршун, трапечацца ястраб на адным месцы. А дарожка ўсё цягнецца і цягнецца, як разбэрсаны клубок ніцей, узбягае на горкі, абыходзіць балотцы. Ціха бывае часамі на гэтай дарозе! Рэдка праедзе тут панская брычка, запрэжаная параю або тройкаю добрых, сытых коней; калі-нікалі празвініць тут паштовы званок. Часцей сустрэнецца простая мужыцкая каламажка, каторую дробным трушком пранясе худзенькі мужыцкі конік, падымаючы пыл і пясок, насохшы на сонцы, доўгім слупам; пратарахцяць драбіны сваімі рассохшыміся лёсткамі і з скрыпучымі, даўно не еўшымі дзёгцю, калёсамі. Цэлы абоз фурманак праедзе ціхім крокам з бочкамі са смалою або вугаллем. Пройдзе мужык-працавік у лапцях з загарэлым тварам, на каторым відаць невясёлыя думкі; убогі, абвешаны торбамі, з расхлістанаю грудзінаю, у рванай адзежы...

А ўкруг, куды ні кінь вокам, параскідаліся нецікавыя абразы нашага роднага краю, чуць-чуць закрытыя туманам, як невясёлаю думкаю, – так знаёмыя, так поўныя ціхага, смутнага хараства. Там і сям чарнеюць бародкі і кудзеркі хваёвага лесу, раскіданага па краях поля; узгоркі, заросшыя маладым хвойнікам і купчастым ялаўцом. Цёмная ёлка, дзівам уцалеўшая ад рукі чалавека, нудна стаіць наводшыбе ад лесу і калыхае касматымі лапамі; кучка бярозак, лагчынкі, балотцы. А там – зялёная купа садовых дрэў панскіх садоў, багатая дваровая будова весела і горда выскачыць з-за горак, чорнаю плямаю кінецца ў вочы мужыцкая вёска, хораша абрысуецца белы яблык царкоўнай вежы...

Усё гэта так знаёма, так блізка сэрцу беларуса!

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5