epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вясна

I
II
III
IV
V


I

 

Які пекны, слаўны дзянёк! Выйдзем, дзеткі, на вуліцу, на Божы свет. Паглядзім, паслухаем. Можа чаго і навучыць нас гэты Божы свет.

Пачарнеў на полі снег, а на ўзгорках сталі паказывацца чорныя лапінкі, лысіны. Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнай вады. Весела бягуць яны разоркаю з поля праз двор, блішчаць і срэбрам пераліваюцца на сонейку. Цякуць яны і ўсё большаюць. Выходзіць з хаты гаспадар. Бачыць: вада цікуе на яго хлевец. Не, галубка! Не чапай будовы. Там стаіць авечачка, кароўка. Ідзі сабе далей. І гаспадар бярэ рыдлёўку і пракопывае ёй дарогу. А воданька закаламуціцца яшчэ больш і пабяжыць далей. Па дарозе сустрачае яна другі гэтакі самы равок. Сустрэнуцца, забулькаюць нешта вясёленькае адзін аднаму, сальюцца і пабягуць далей разам. Іх сустрэне ізноў новы равок, а там, пазіраеш, прыстане і чацвёрты, і пяты. І ўсе яны зліваюцца: разам і весялей і лягчэй ваяваць з тымі парогамі, каторыя загараджаюць ім дарогу. І нікога яны не крыўдзяць. Сустрэнуць малюсенькі равочак, такі малюсенькі, што цячэ ён, як слёзка, па капельцы. Мардуецца, бедны, працуе над кусочкам лёду, што загарадзіў яму сцежачку. Збірае ўсе сілы і з вялікім трудом ледзьве-ледзьве скоціць нягодны кусочак лёду і з такою гэта радасцю зліваецца з перавалам! А перавал ахвотне бярэ з сабою і яго працу. І вот пакрысе, памаленьку перавал пераходзіць ужо ў рэчку. Шуміць, раве ў полі. Ён так ужо акрэп, што можа пакаціць і камень. Бачыце, дзеткі, як расце сіла вады.

 

 

II

 

А сонца дзень ада дня ўсё вышэй і вышэй ходзіць па небе, усё цяплей і цяплей сагравае яно землю. Плача зіма, льюцца яе халодныя каламутныя слёзы. Растае снег, пакідае палі. Не хочацца яму ўступіць места цяплу і свету. З гор злазіць ён у лагчынкі, у балота, у лес. Не схаваешся, браце, ад сонца, усюды яно знайдзе цябе. А сонейка так ласкава, так хораша пазірае на землю, як матка на сваё дзіця. Заглядае яно ўсюды: і ў бедную мужыцкую хатку, дзе так непрыбрана, бедна, нявесела; і на пясчаную горку, і ў лагчынку, дзе думаў снег знайсці сабе прыпынак; і ў лес, і на луг. Усюды льецца яго шчыры свет і цяпло; нідзе не найдзе сабе пакою снег. Многа работы залатому сонейку ў раннюю весну. Доўга трэба ваяваць яму з зімою. Многа снегу зʼесць яно за дзень, а там, пазіраеш, уночку падымуцца хмуркі, павее вецер з халоднага боку і закрые ізноў усю землю снегам, ізноў дасць работы для сонца. Але сонца не бядуе. Прыгрэе ўдзень, і снег прападае. І так яно працуе цэлы месяц, пакуль не згоніць з зямлі сляды халоднае зімы. І ваюе яно з цьмою і холадам, як ваюе і чалавек са злом і несправядлівасцю.

 

 

III

 

Ужо снег злез увесь з зямлі. Толькі на лузе блішчыць яшчэ лёд і снег. Моцна спіць рэка, крэпка закаваў яе мароз. А перавальчыкі не дрэмлюць. Шумяць яны ў полі, бягуць к рэчцы і пачынаюць будзіць яе.

– Уставай, уставай, рэчанька! – шумяць перавальчыкі. – Скінь свае ковы, выйдзі з турмы і глянь на свет Божы. Паглядзі, як свеціць сонца. Мы нясём табе вясёлую вестачку: вясна ідзе, ідзе новае жыццё.

Моцна спіць шырокая рэка. Глядзіш, і здаецца, што яна мёртва. Але гэта толькі здаецца. Пад ковамі лёду ідзе работа, кіпіць жыццё. Жыве рэка.

А перавальчыкі не перастаюць бубніць і крычаць пра новае жыццё. На лёдзе там і сям паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Варушыцца рэка, падымаюцца яе грудзі. Чуе і яна ўжо вясну новага жыцця. Трасе яна сваімі дужымі плечамі, і лёд покае, трашчыць. Не здзяржаць ракі гнілому ланцугу расколатага лёду. Прабіваецца яна на Божы свет, выходзіць з берагоў, ломіць і крышыць усё, што хоча стрымаць яе волю.

А крыгі – астатак холаду, чым запынена было жыццё Божага свету, з глухім шумам і воем, як дзікія зверы, злосна скрыгічуць старымі гнілымі зубамі, як праціўнікі шчасця і волі людской.

 

 

IV

 

А на беразе стаіць цэлая куча народу. Тут і старыя, і маладыя, мужчыны, і жонкі, і дзеці. Пазіраюць яны на рэку, на крыгі, што горамі ходзяць на грудзях прачхнуўшаеся вады. Любіць народ наш пазіраць на разліў ракі. Цэлы дзень крычаць дзеці, бегаюць па вуліцы глядзець на перавальчыкі, паставіць млынок і пазіраць, як круціць яго воданька.

 

 

 

V

 

 

Гуляйце, дзеткі! Разумна гуляйце, прыглядайцеся да жыцця Божага свету: няхай вучыць ён вас, як жыць, як зрабіць вашу сілу разумнаю сілаю, каб непрыяцелі вашы не здалелі вас, не пабілі вас у адзіночку. Цяпер ваш час, гуляйце, набірайцеся сілы. Няхай шчыра свеціць вам сонца, няхай не зарастае дарога ваша дзікаю травою, як зарасла дарога вашых бацькоў. Няхай шырэй і далей пазірае вока ваша на Божы свет, на саміх сябе.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5