Вясёлыя людзі — снуюць і гамоняць,
Відаць, і ў іх сэрцы вясна,
І горкія думкі галоў іх не клоняць,
Ім доля прыхільна, красна.
Цаны куску хлеба не знаюць, шчасліўцы,
І голаў аб тым не баліць,
Як будзе багатая пожня на ніўцы,
Як заўтрашні дзень перабыць;
Ці будзе прытулак звярэджаным плечкам,
І ногі куды панясуць
Іх цела худое: ці к мору, ці к рэчкам,
І рукі каму прададуць,
Свабодныя рукі з патрэсканай скурай.
Шчаслівец не знае таго,
Як гнецца галеча прад чорнаю бурай
Няўдалага жыцця свайго.
А хто гэта ходзіць адзін стараною?
Чаму вы не рады яму?
Чаму ён не з вамі? Чаму галавою
Так нізка панік ён? Чаму?
Шчаслівыя людзі — як хвалі, што ў моры:
Іх вецер узніме — бягуць,
І тое, прад чым пакланяліся ўчора,
Пры ветры другім – аплююць.
7/ІІІ 1912