Вясенняе неба, таполі
І свежае лісце на іх.
А сэрца маё, як ніколі,
Імкнецца да гоней сваіх.
Тут ціха, спакойна, утульна,
І песціцца ў сонцы платан,
І лашчыцца вецер разгульны,
Шырокі, як Узбекістан.
А ў роднай маёй Беларусі
Снуюцца нядоля, бяда,
Пакутуе люд наш у скрусе,
І хлеб яго — сок, лебяда.
Я знаю — вядзе там чужынец,
Нямецкая погань, свой рэй,
А дзеці глядзяць на гасцінец,
Чакаюць — прыходзьце хутчэй!
Ох, многа там гора, пакуты,
Ды ведай жа, край родны мой:
Няхай буду бедны, разуты,
Абы мне быць толькі з табой;
Была б толькі воля, пазбыць бы
Драпежнікаў дзікай арды.
Эх, Нёман мой, Свіслач і Віцьба,
Пазнаў бы я радасць тады!
Няхай жа расступіцца поле,
Фашысцкую твань праглыне!..
Вясенняе неба, таполі...
Ой, снішся, край родны, ты мне!
20/IV 1942