На зямлю сырую
Ціха ночка пала.
Бляскам-дрыгаценнем
Зорка замігала.
Адзінокі месяц
Выплывае з хмары,
На зямлю, на неба
Сходзяць яго чары.
З цёмнай высі-багны
Ўжо глядзяць Стажары,
Пояс дыяментны
Ткуць нябёс абшары.
Лёгкімі шаўкамі
Леглі ў небе хмаркі,
І скрозь іх шчасліва
Зоркі бляск льюць яркі.
Ох, нашто ты, ночка,
Так прыгожа-міла?
Колькі ў сэрцы думак
Ты мне абудзіла!
О, нашто пра волю
Голас твой спявае,
Калі маё сэрца
Волечкі не мае?
Ой, не кліч ты, ночка,
На прастор і волю,
Бо заплача сэрца
І душа ад болю!
Ночка-чараўніца!
Як ты ціха, міла!
Як ты многа думак
Ў сэрцы абудзіла!
7/VI 1910