epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Ворагам..."

За што лілася кроў людская?

За што гібеў і гінуў люд?

Гібеў набытак ўсяго краю,

І пакаленняў гінуў труд?

 

І бег народ, бы ў час паморку,

Закрыўшы вочы, ў белы свет,

І толькі дым ўздымаўся горкі,

Крыжы азначвалі іх след.

 

А колькі нашых дзетак мілых

        Па тых шляхах вайны ляжыць.

Пануе ціш на іх магілах,

І край разбураны маўчыць.

 

І вы цяпер рукамі ка́та

Гатовы згоду дараваць?

Але ці можна у вас брата,

Скажэце, каіны, прызнаць?

 

Вам не па сіле груз цяжэрны

Вайны, што самі вы ўзнялі,

Знішчэнне, мах яе бязмерны,

        Згінота цяжкая зямлі!

 

Не вы дасце народам свята,

Не вам пажар вайны заліць!

Дык рукі прэч, забойцы, каты!

Не вам аб згодзе гаварыць!

 

2/ХІІ 1916


02.12.1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938