Што за грукат навакола?
Што за шум, за гукі?
Два Іваны і Мікола
Цягнуць воз навукі.
Узяў прэзас дышаль мужна,
Здабывае ладу,
Два Іваны ў ногу дружна
Папіхаюць ззаду.
А на возе, Божа мілы,
Колькі той паклажы!
Адзін толькі план завілы
Фунтаў з дзесяць важыць.
План не просты, адмысловы –
Прыпяцкай нізіны!
Эх, ламалі тут галовы,
Папагнулі спіны!
Чаму ж змоўкла ода-казка
Вакол таго плана?
Запытайце, калі ласка,
Большага Івана.
Проста – оды, гімн прапеты
Кінулі ў бярэзнік.
Колькі ж грошай зʼеў план гэты,
Няхай скажа Рэзнік.
Ёсць між кладзі навуковай
Тарфяныя тлушчы,
І кляшчы з глухой дубровы
Белавежскай пушчы,
І карэнні кок-сагызу
З балатнянай плошчы –
Хоць, як глянеш на іх зблізу,
Чэзлыя, бы мошчы.
Ёсць і вірусы таксама,
Што раслі ў палацы, –
Словам, вынік і праграма
Навуковай працы.
...............................................
Воз грыміць і ўсяму краю
Скарбаў суліць густа,
Для падняцця ж ураджаю
На тым возе пуста...
Але як там ні было бы –
Ці слата, ці буры –
Цягнуць воз той тры асобы
І – без Мацапуры.
1/ХІІ 1950