epub
 
Падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Высокі бераг

Высокі Бераг, родны, мілы!

Люблю я твой пясчаны скат

І хвоек нізкіх гурт пахілы,

Капцоў гранічных цэлы рад.

 

Люблю той лес, што над табою

Высока ўзняў свае камлі;

Яго ж карэнні над вадою

Нібы вянок табе сплялі...

 

Струменіць Нёман срэбраводны

Ў тваіх прыўдалых берагах,

А ў лозах ветрык вее згодны,

І ходзіць шум па чаратах.

 

Высокі Бераг, кут мой мілы!

Люблю я жоўць тваіх пяскоў,

Разложных хвоек гурт пахілы

І ціхі гоман лазнякоў.

 

3/VIII 1915


03.08.1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938

Беларуская Палічка: http://knihi.com