epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Выстагнаўся

I
II


I

 

 

Іван Кісель гараваў усё сваё жыццё. Бяда была ў тым, што ў гэтага гора было яшчэ сваё гора: заўсёды выпадала так, што беднаму Івану ніколі не ўдавалася выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілага жыцця. І ўсё складалася так, як бы нечая паганая воля неадступна цягнулася за Іванам і не давала яму выпадку аблягчыць душу. І цягнулася так з самага маленства, з тых часоў, калі Івана яшчэ трудна было адрозніць ад Марʼі, іначай сказаўшы, калі Іван пад стол яшчэ пехатою хадзіў. Разравецца, бывала, Іван... Ды каб жа разроўся, як людзі: толькі скрывіць губы, глядзіш – ужо маці знімае хвартух і мабілізуе паскі на Іванаву спіну – не смей плакаць! Дзе тая праўда на свеце? Чаму Антось як пачне плакаць, то кінецца на спіну і барабаніць нагамі так, што яму можа пазайздросціць найлепшы барабаншчык? Вазьмі ж ты! Выйдзе Іван на вуліцу, завядзецца з кім біцца – што ж гэта за чалавек, калі ні разу не пабіўся? – набʼюць, пакрыўдзяць Івана. Што ж бы вы, добрыя людзі, рабілі, каб вы самі былі Іванамі? Вы б заплакалі, і ўсякі б заплакаў. А чаму не паплакаць Івану? Але ж няхай папрабуе заплакаць: засмяюць, заплююць ды ў прыдачу горш наштурхаюць.

Раз Іван, моцна пакрыўджаны, адважыўся зайсці ў кусты на бераг рэчкі. Прыйшоў Іван, азірнуўся, сеў на беражок, прыслухаўся. Тут, думаў ён, ніхто яму не перашкодзіць адплакацца за ўсё. Вакол было так ціха, так маркотна. Здавалася, усё журылася і настроілася слухаць плач Івана. І нешта ў сярэдзіне, каля самага сэрца, так завіло, так сціснула, што Іван раптам нагнуў галаву і мімаволі падняў калошы портачак: яму здавалася, што ў яго так многа выльецца слёз, што вада ў берагах не ўтоўпіцца. І толькі Іван завёў: «А-о-о-а-гы!», як з таго берага паказалася з кустоў галава рыбака Сёмкі.

– Гэта ты прыйшоў пужаць мне рыбу, злодзей ты?! Я табе паскавычу.

Так і засталіся нявыплаканыя слёзы.

 

 

II

 

Іван асірацеў. Астаўся ён адзін на свеце, бы тая калатоўка. Быў ён на плытах і не бачыў, як хавалі бацькоў, так што і тут Івану не ўдалося паплакаць, як людзі. Сёстры яго павыходзілі замуж, адзін брат выбраўся ў Амерыку, другі паехаў у свет шукаць шчасця і долі. І Іван застаўся адзін гаспадарыць. Ад бацькоў засталася яму хатка, сякая-такая будоўля, надоба, худоба і паўчвэрці зямлі. Была ў Івана на прымеце і дзяўчына. Праз колькі месяцаў пасля смерці бацькоў ён зрабіў заручыны, а на Сёмуху было назначана вяселле. За тыдзень перад Сёмухай Іван занядужаў. Доўга ён не паддаваўся, перамагаўся і ўсё ж такі мусіў, бедны, здацца. У сераду перад Ушэсцем, так пад вечар, Іван залёг. Ляжыць Іван, а работа ўся стаіць, рабіць некаму, хата не падмецена, усюды непарадак. А нашто ён, парадак гэты? – думае Іван: усё роўна ён памрэ; знойдуцца добрыя людзі і пахаваюць яго. Івану стала горка, як ніколі. Усё жыццё, шэрае, невясёлае жыццё, прайшло яшчэ раз перад яго вачыма. Што ж? Ён памрэ. Яго закапаюць, і згіне ён, забыты скора навекі, і нічые вочы не затуманяцца слязьмі, як яго будуць несці на могілкі. І гэта называецца жыццё, гэта яго век!.. Адна толькі светлая мінуціна мігалася яму, як адзінокая зорачка ў бязрадасную восень: цяпер яму ніхто не пашкодзіць усім нутром, усёю сілаю змучанай душы аддацца смутку і жалю; хоць цяпер адплача ён усё гора жыцця, адстогне ўвесь боль: ласне чалавек не мае права хоць на адну мінуту, светлую мінуту, у жудаснай імгле цёмнага жыцця?

Іван паправіўся на пасцелі, змяніў палажэнне свайго цела і абвёў поглядам хату. І толькі што ён прыгатаваўся застагнаць, як на парозе паказалася постаць яго дзяўчыны. «І хто яе прасіў сюды? Чаго яна тут?» – падумаў Іван. Хацеў нават узлавацца, але не было злосці.

– Мілы Іванка мой! Што ты выдумаў хварэць? – спагадна спытала яго Магда.

– Нядобра мне, Магда. Мусіць, і я пайду за бацькамі, – сказаў Іван. Яму так горка стала ад гэтых слоў, што слёзы гатовы былі самі паліцца з вачэй.

– Ну, што ты выдумляеш, Іван? – і Магда прылажыла руку да яго лба.

Яшчэ большы жаль падшыб Івана:

«Хіба ўзяць ды заплакаць? Зараўці на ўсю хату?» Не! падумае, што ён – нюня, плаксівая баба; яшчэ і замуж не захоча пайсці.

А боль так і ходзіць па ўсім яго целе, і яму, Івану, так хочацца застагнаць. «Ці застагну, ці не? – думае Іван. – Ой, скарэй бы яна ішла дадому!»

– Мне, Магдачка, не так ужо і кепска, – пачаў разважаць Іван Магду, – паляжу трохі і ўстану.

– Вось маладзец! – сказала Магда і нагнулася, каб пацалаваць хворага. Дрыготка прабегла па целе Івана, яму стала надта прыемна. Ды Іван ахамянуўся: гэтак і ахвота пройдзе спазнаць асалоду свайго вялікага жалю і смутку.

– Можа б табе, Іванка, спарыць гарнушачак малака?

Іван заматаў галавою і павярнуўся на другі бок.

Магда колькі мінуцін пасядзела моўчкі, як бы раздумваючы над тым, пагневацца ці не. На ўсякі выпадак яна надзьмула губкі і насупіла крыху бровы. Іван незаметна павярнуў галаву і зірнуў на яе адным вокам; не, не выпадае так рабіць. Не адварочваючыся, Іван падняў руку і палажыў на плячо Магды. Гэтага было даволі, каб Магда прасвятлела.

– Паляжы, саколік, а я прыбяру крыху, – і, узяўшы венік, яна стала падмятаць хату, рабіць парадак, стаўляючы кожную рэч на сваё месца, а бедны Іван увесь аж кіпеў. Яму раптам зрабілася так нядобра, так заламала косці, як бы хто ціснуў абцугамі, аж ён скрыгатаў зубамі, каб стрымаць стагнанне, падкурчваў і выпростваў ногі, варушыўся і пакутаваў, як пасолены мянёк. А Магда так павольна варушылася, як бы і не думала ісці дадому. Часамі выходзіла яна ў сенцы ды зараз жа зноў паказвалася ў хаце. А Іван, чуць толькі яна выйдзе, таропка ўглядаўся і прыслухоўваўся, як далёка адышлася Магда, каб застагнаць хоць адзін разок, і ніяк не ўдавалася.

– Божа мой! Што яна робіць са мною? Скарэй бы пайшла ўжо адгэтуль, – не цярпелася Івану.

– Ну, Іванка, бывай здаровы...

Іван узрадаваўся на момант, ды зараз жа яшчэ горш апаў духам, як Магда скончыла гаварыць:

– Ідзе сюды мама.

Сказаўшы гэта, Магда борздзенька пацалавала яшчэ раз Івана, прыгнула галаву і ціхачом шмыгнула за парог, на задворкі, каб не спатыкацца з маткай, і пайшла дамоў.

– Ай, малады, малады! Брыдка! Праз тры дні вяселле, а ён расцягнуўся, як навой! – громка, на ўсю хату, забарабаніла Настуля, Магдзіна маці. – Што ў цябе баліць, Іванка?

– Нічога, – буркнуў сярдзіта Іван.

– Дык чаго ж ляжыш?

– А што ж мне рабіць? Скакаць?

– На вяселлі скачы, а цяпер ачуньвай. Пакажы, сынок, свой лоб.

Іван злосна заварушыўся, лёг на спіну і выставіў лоб. Старая Наста палажыла руку на лоб, потым з боку, потым з другога.

– Трохі ёсць агонь, але нічагутка, глупства. Гэта табе з ветру пашкодзіла. Ось я зараз напару ліпавага цвету з чаборыкам, выпʼеш, прапацееш, і пройдзе.

– Я ўжо і так пацею, – адазваўся хворы.

– Ну, гэтага мала: трэба, каб спацеў ад зёлак, – стаяла на сваім Наста.

Бачыць Іван, што тут нічога не зробіш.

– Нічога мне не трэба. Дайце мне паляжаць спакойна, і ўсё пройдзе.

– Хто ж табе не дае ляжаць? Ляжы сабе, а лякарства я табе ўсё ж такі дам.

– Ведаеце што, – пусціўся Іванка ў хітрыкі, – мне так заманулася гарэлкі, што здаецца, каб выпіў чарачку, то зразу ачуняў бы. Каб як сказаць Магдзе, няхай бы прынесла мне кручок.

– Гарэлкі зажадалася, кажаш?

– Ой, як хочацца!

– Ну, то яна напэўна паможа. Калі хворы чалавек моцна хоча чаго, дык тое памагае. Я помню, мой Андрэй хварэў на тыфус. Стаў крыху ачуньваць. Зажадалася яму хлеба, як табе, ось, гарэлкі. А дактары – Божа барані есці чорны хлеб. Я мусіла хаваць ад яго хлеб, хоць ён і стары, мой Андрэй, але хворы горш за малога. Раз ён устаў ціхенька ўночы, зайшоў у камору і чуць што не цэлы бохан вытрубіў. І што ж ты думаеш? Як бачыш, ачуняў... Ну, я пайду.

Счакаўшы крыху, Іван падняўся, падышоў да акна – нікога няма. Тады Іван паваліўся на пасцель, накрыўся коўдраю, потым нагамі сцягнуў яе з сябе, схапіўся за бакі.

– Ой! ой! ой! О-е-ё-ёй! – завойкаў, застагнаў Іван і сам не верыў гэтаму шчасцю. Стагнаў ён доўга, стагнаў на ўсе лады і галасы: то высока і тонка, то нізка і тоўста, то каротка, адрывіста, то працяжна і пявуча; пры гэтым ён варочаўся, курчыўся так, што зубамі мог дастаць свае калені, то выцягваўся, колькі дазвалялі яму скура, жылы і косці.

А як перастагнаў усё, то пачаў выспеўваць свае стогны на манер песні «Сонца ўсходзіць і заходзіць».

– О-о-о-ей! О-ёй-да!

– Вось табе і хворы: ляжыць сабе ды спявае, – сказала Настуля, пераступіўшы з Магдай парог хаты. У хвартуху ў яе быў гарачы імбрычак з зёлкамі і паўкварты гарэлкі.

– Выстагнаўся дый паправіўся, – сказаў весела Іван.

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5