epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Вышыня Безыменная

Яшчэ яна ўчора была Безыменнай,

Сягоння ўвесь свет яе знае.

Для нашай Радзімы Савецкай свяшчэннай

Яна — гара наша святая.

Пачуцці і мыслі народаў свабодных

Лунаюць на Ўсходзе Далёкім,

І воінаў нашых, любімых і родных,

Вітаюць з геройствам высокім.

 

 

  *

 

Жахнуў агонь бандыцкай зграі

                Пад Безыменнай вышынёй.

Сляпіцай лезуць самураі

І пагражаюць нам вайной.

 

Ужо святая кроў праліта

Герояў, нашых вартавых.

Няхай жа ведаюць бандыты,

Што гэта кроў падзе на іх,

 

Што мы па сталінскаму слову

        Усе паўстанем, як адзін,

Супроць разбойніцкае змовы

                Сталіц варожых і краін.

 

Няхай на лбе сабе запішуць

Майстры разбою тых сталіц:

Паломяць каркі, зубы скрышаць —

Ім не прайсці нашых граніц!

 

Няхай жа вораг тупарылы

Запомніць раз і на ўвесь час,

Што ён, апроч свае магілы,

Нічога больш не знойдзе ў нас.

 

10/VIII 1938


10.08.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938