epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

З астрога на волю

Бабёр устаў даволі рана,

Яшчэ і змены не было.

Ўсю гэту ноч ён спаў пагана,

А колькі думак праплыло,

То аднаму Бабру вядома

Ды тым пахілкам-бедаком,

Хто, як Бабёр, не мае дома,

Не мае ў людзі выйсці ў чом.

Глыбока спаў астрог пракляты,

  І сам Алейчык спачываў

І сніў цэйхгауз і бушлаты,

Падвал, дзе шум ён падымаў,

Дзе ён адзін парадкі знае,

Усіх аматар ашукаць.

Бабёр тым часам з нар спаўзае,

Ідзе «парашку» «прывітаць»,

Ў «ваўчок» зірнуў скрозь карыдору,

Пачухаў сцёгны і жывот...

Ох, гэты сверб! Ох, вошы-гора!

    Калі вы пойдзеце на звод?

Бабёр хоць, праўда, з імі зжыўся

І хоць не надта іх кахаў,

Але й не надта бараніўся,

І ім жыцця ён не ўціскаў.

Бабру не раз хто назаляе:

«Глядзі, Бабёр,— унь вош паўзе!»

«Паўзе? то што? бо ногі мае!

Не зʼесць, нябось, не загрызе!»

Прысеў Бабёр на цвёрдай нары,

    Знайшоў акурак, закурыў

І нізка голаву спусціў —

Яму свабода горай кары!

А сёння тэрмін быць на волі.

Куды ж ён дзенецца, бядак?

Ідзі лаві ты ветра ў полі —

Ён гэтай волі знае смак!

А сіл няма, не служаць ногі,

Не хоча слухацца рука,

Адно і ёсць, што біць парогі,

    Уздзеўшы торбу жабрака.

Хоць бы вясна, ну, інша справа:

Усё ж тады куды лягчэй,

А йсці на зіму — нецікава —

Ідзі ды з голаду калей...

Панік Бабёр, як сіраціна,

Нудзьга пад сэрцам завіла...

Ох, воля, мілая часіна!

Відаць, і ты не ўсім міла.

 

 

[1910]


[1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910