Стаіць мая хата між хвой кучаравых,
І купіна жыта на клумбе пры ёй.
Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,
Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой.
Выходжу з хаціны, спынюся спачатку
Ды вокам акіну скляпенне нябёс:
А можа там вецер пагнаў сваё статка,
Дажджлівыя хмары ў маланках панёс?
Не радуе неба, бяздушнае, злое,
І хмар кучаравых нідзе не відаць,
Не ў той бок махае галінамі хвоя, –
І марна пра дождж той сягоння гадаць!
У сэрцы трывога, і злосць мне на вецер:
Чаму не нагоніць жаданых нам хмар?
Журботна калыша бярэзінка вецце,
І лёгкі пылок ёй кладзецца на твар.
Хаджу ад дубкоў я да яблынек кволых,
Што летась саджаў яшчэ з ранняй вясны,–
Гібеюць, нябогі, і я невясёлы,
Успомню і мары былыя і сны.
Не раз я, бывала, у дні сухавеяў
Таксама душою і сэрцам хварэў
І неба, і хмары, і ўсіх дабрадзеяў
Маліў, каб на ласку змянілі свой гнеў;
Каб дожджык застукаў сялянству на ўцеху;
Каб вырасла жыта, гарох, ярына;
Каб гумны заклалі пад самую стрэху
І каб распірала сусек ад зярна;
Каб лес аж загніўся пад восень грыбамі,
Каб нам ураджай на іх быў, ды такі,
Што людзі іх проста б вазілі вазамі...
Эх, баравікі вы!.. Эх, баравікі!
Хаджу я, пануры, ад градак да дрэва,
І сіл не хапае мне іх паліваць.
А вецер бясплодныя будзіць напевы...
І як жа з вятрамі, скажы, ваяваць?
Іду на барометр зірнуць, ці не кажа
Пра дожджык жаданы, пра радасць маю.
А ён – не зрухнецца, стаіць, сіла ўражжа!
Барометру пстрычку са злосці даю...
І помню – я раз узлаваўся зацята:
Чаго ён, нягоднік, як ідал, стаіць?
Пра дожджык чаму не варожыць, пракляты?
Я ў рэчку хацеў яго несці тапіць.
Цяпер не такі я: гады ўгамавалі
Маю нецярплівасць і порсткі настрой,
Гляджу, як філосаф, на сінія далі –
Чаго спадзявацца старэчай парой?
А ўсё ж калі вецер з дажджыстага боку
Пагоніць чароды клубястыя хмар,
Я зноў тады ў тым жа даўнейшым патоку,
Калі маё сэрца захоўвала жар.
Тады і панурасць, як цень, сходзіць з твару,
І я весялею, нібы той юнак.
Люблю тады неба, і вецер, і хмару,
Што з поўдзеня з громам узнікне няўзнак.
Глядзіш – і барометр для шчасця зямелькі
Наніз хіліць стрэлку пад гоман вятроў.
Тады я, вясёлы, іду да бутэлькі:
– За дожджык, Якубе! Ну, будзь жа здароў!
28 мая 1947