epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

З мінулага

Наплывае хваля прамяністых блескаў,

І я ўспомню лета, поле, пералескі,

А на полі нівы, а на нівах жніва,

А на жніве жнейку з поглядам жычлівым.

 

        Я даліну ўспомню між пакатых горак,

        Я ўспомню ззянне мілых, ясных зорак.

        То не зоркі-вочы жнейкі-чараўніцы,

        Свецяць тыя вочы, як у цьме зарніцы.

 

Бачу тую постаць, чую і той голас,

        Што мне звоніць шчасцем, радасцю раз-пораз.

Шапацелі травы, гаманілі дрэвы,

І складалі ў сэрцы думкі свае спевы.

 

        Ды мінула лета, патускнелі блескі,

        Пагубляў стары дуб залатыя фрэскі

        І прайшоўся вецер па лугох з касою,

        Засталося поле з выцвеўшай красою.

 

У вачох-зарніцах свеціцца журбота,

Знаць і ёй на сэрцы залягла сумота.

Адлятае пташка ды ў нямілы вырай,

        Залягае ў сэрцы жальба мая шырай.

        Ці я страту чую роднага чагосьці,

        Што так сэрца ные, ные ў горкай млосці.

        Тая ж постаць, вочы, а сама не тая.

        Чаму гэтак стала? чаму? я пытаю.

 

Эх, ды не дачуўся водгулля ні разу.

Знаць і не пачую я таго адказу!

Так і застанецца песня недапета...

Ды каго абходзіць смутак, сум паэта?

 

2/VI 1933


02.06.1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938