epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

За што пабіліся хлопцы

Пасвілі пастушкі на полі, недалёка ад лесу, авечкі.

– Хадзем пашукаем грыбоў! – кажа адзін пастушок. Авец прысудзілі пасвіць самаму меншаму пастушку, Івану, а два большыя, Кандрат і Грыгор, узяўшы торбы, пайшлі збіраць грыбы. Назбіраўшы па торбачцы, яны вярнуліся назад.

Не ведалі хлопцы, што ім рабіць з грыбамі.

Адзін казаў, каб занясці іх дадому, другі радзіў накласці агню і пячы іх на вугаллі. А малы Іван, дык той проста сказаў, што каб была соль, то ён і сырога баравічка зʼеў бы з хлебам.

А покі што ўсе хлапцы цешыліся з грыбоў. Потым сталі лічыць: выйшла, што Грыгор знайшоў больш за Кандрата, а гэта Кандрату, ведама, не спадабалася. У канцы гутарка пайшла аб тое, чые лепшыя грыбы. Кандрат хваліў сваіх баравікоў, Грыгор – сваіх, бо ўсякі цыган сваю кабылу хваліць.

– Ці ж ёсць у цябе гэтакі баравік? – пытаў Кандрат, узяўшы ў рукі харошага, здаровага грыба і вагаючы яго на руцэ.

– Дык мой вось гэты яшчэ лепшы! – гаварыў Грыгор, паказваючы свайго баравіка.

– А дзе ты знайшоў гэтага старога капшука? – пытаў зноў, смеючыся, Кандрат і вымаў з торбы Грыгора старога, падушанага ў торбе, як галушку, грыба.

– Гэта не грыб, а бабскі каптур, – не пераставаў жартаваць Кандрат. Іван зарагатаў.

– А дзе ты ўзяў гэтага чарвівага шатшуля? Ляжаў ён, мусіць, тры дні на дарозе: яшчэ мо пазаўчора выкінула яго старая Марозіха з каробкі, а ты падняў і хвалішся і носішся з ім, як кот з селядцом.

І Кандрат вымаў свайго чарвівага баравіка.

– Дзе ён табе чарвівы? – заступаўся ён за свайго грыба.

– А ты вось толькі глянь добра. Там чарвякоў больш, як мурашак у мурашніку.

Грыгор узяў чарвівага баравіка, каб паказаць, што ён чарвівы, і адламаў палавіну шапкі.

Не сцярпеў Кандрат такое крыўды... Як трымаў ён палавіну шапкі, дык і ляпнуў Грыгору ў зубы. Грыгор – назад Кандрату. І пайшла бойка.

Сталі нашы хлопцы шпурляцца баравікамі. Усе грыбы патаўклі, аж да загрудак дзела дайшло.

Дык вось за што пабіліся хлапцы.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5