epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Загібелька

Прысвячаю К. Крапіве

 

Быў я ў Парыжы на кангрэсе –

То ў Загібельцы, браце, лепш:

Грыбоў няма ў Булонскім лесе,

А ў Сене — хоць бы адзін лешч.

 

К.Крапіва. «Эпіграма»

 

 

Быць можа я крыху дзівак,

Але люблю я Загібельку:

Там кожны хвойнік мне сваяк,

Там ясным днём надрэчны гак

Мне суліць мяккую пасцельку.

 

Хадзіў я там, вітаў усход

І першыя праменні сонца,

Штодзень выводзяць у паход,

А з ім і хмарак карагод,

        Замлеўшы смехам на сасонцы.

 

Запыніш крок. Спакой і ціш —

Былінка нават не схіснецца,

А ты разважліва стаіш,

Бы нейкі сон дзівосны сніш,

І песня нейкая снуецца.

 

Зірнеш на дол — убогі ён,

Адзін пясок, сухі, нішчымны,

Ды колькі тут наткаў красён

Чаборык, мох, зязюльчын лён

        І верасок агніста-дымны!

І колькі мілых красак тут

Разлівам чырвані палае!

Над імі звон, музычны гуд —

На пустцы сонца творыць цуд

І радасць шчодра пасылае.

 

Ідзеш у свой абход адзін,

Мінаеш сотні паваротак.

Ускрай баркоў шатры хваін

Стаяць у постаці жанчын, —

        Вітаеш іх, як родных цётак.

 

Ідзеш кілометр, два і тры,

Праходзіш пусткі, пералескі,

А песні сыплюцца згары,

Ды так, што слухаюць бары,

Надзеўшы вычварныя фескі.

 

А вось і возера-акно,

Якога мала дзе пабачыш,

Такое дзікае яно

Сярод балоцішча адно, —

        Завуць яго чамусь Грымячым.

 

Само ж балота — шыр і гмах,

Панурай немасцю акута.

Глядзіш, і горне цябе страх.

А хвоек там — мільён папах,

Дзесяткі тысяч парашутаў.

 

На філасофскі часам лад

Настроіш думкі ты ў самоце.

Што ні кажы, наш край багат!

Балотам зробім шах і мат,

        І будуць нівы на балоце.

 

Калі агледзіш хвайнякі

І гэты кут пазнаеш бліжай,

Збіраючы баравікі,—

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

 

4/ХІ 1935


04.11.1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938