epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зайкіна хатка

Жылі-былі ў лесе лісічка і зайчык.

Жылі яны непадалёку адзін ад другога. Прыйшла восень. Холадна стала ў лесе. Надумаліся яны хаткі на зіму пабудаваць. Лісічка збудавала сабе хатку з труску-сняжку, а зайчык з труску-пяску. Перазімавалі яны ў новых хатках. Настала вясна, прыгрэла сонца. Лісічкіна хатка растала, а зайкіна стаіць, як стаяла. Прыйшла лісіца ў зайкіну хатку, выгнала зайку, а сама ў яго хатцы засталася. Пайшоў зайка з свайго двара, сеў пад бярозкаю ды плача. Ідзе воўк. Бачыць — зайка плача.

— Чаго ты, зайка, плачаш? — пытае воўк.

— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адзін каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я з труску-пяску, а яна з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць, як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама ў ёй жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.

Пайшлі яны. Прыйшлі. Воўк стаў на парозе зайкавай хаткі і крычыць на лісічку:

— Чаго залезла ў чужую хату? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, пабʼю табе плечы.

Не спалохалася лісічка, адказвае воўку:

— Ой, воўк, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам табе, дык будзе канец.

Перапалохаўся воўк ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў. Сеў зноў зайка пад бярозкай ды горка плача. Ідзе праз лес мядзведзь. Бачыць — зайчык сядзіць пад бярозай і плача.

— Чаго, зайка, плачаш? — пытае мядзведзь.

— Як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адзін каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць, як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка: пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты.

Пайшлі яны. Прыйшлі. Мядзведзь стаў на парозе зайкінай хаткі і крычыць на лісічку:

— Нашто адабрала ў зайкі хатку? Злазь, ліса, з печы, а то скіну, пабʼю табе плечы.

Не спалохалася лісічка, адказвае мядзведзю:

— Ой, мядзведзь, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец.

Спалохаўся мядзведзь ды наўцёкі, і зайку аднаго пакінуў. Зноў пайшоў зайка з свайго двара, сеў пад бярозкаю ды горка плача. Аж бачыць — ідзе праз лес пеўнік. Угледзеў зайчыка, падышоў і пытае:

— Чаго, зайка, плачаш?

— Ды як жа мне, зайку, не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адзін каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я — з труску-пяску, а яна — з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць, як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з мае хаткі і сама там жыць засталася. Вось я сяджу ды плачу.

— Не плач, зайка: я выганю лісу з твае хаткі.

— Ой, Пеценька, — плача зайка, — дзе табе яе выгнаць? Воўк гнаў — не выгнаў. Мядзведзь гнаў — не выгнаў.

— А вось жа я выганю. Пойдзем, — кажа пеўнік.

Пайшлі. Увайшоў пеўнік у хатку, стаў на парозе, кукарэкнуў, а потым як закрычыць:

 

 

Я — пятух-чабятух,

Я — пявун-лапатун,

На кароткіх нагах,

На высокіх пятах.

Нясу касу на плячы,

Хачу ліску засячы.

 

 

А лісічка ляжыць ды кажа:

— Ой, певень, сцеражыся: мой хвост, як дубец, — як дам, дык будзе табе канец.

Скочыў пеўнік з парога ў хату ды зноў крычыць:

 

 

Я — пятух-чабятух,

Я — пявун-лапатун,

На кароткіх нагах,

На высокіх пятах.

Нясу касу на плячы,

Хачу ліску засячы.

 

 

І — скок на печ да ліскі. Дзюбануў лісу ў спіну. Як усхопіцца лісіца ды як пабяжыць вон з зайкінай хаткі, а зайка і дзверы зачыніў за ёю.

І застаўся ён жыць у сваёй хатцы разам з пеўнікам.

[1940]


[1940]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7