epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зяць

I
II


I

 

Цешча к зяцю прыйшла ў госці.

Ой, сярдзіты быў той зяць!

Ні пяшчоты, ні мілосці,

А ў мінуты гневу, злосці

Мог і лейцы ў рукі ўзяць,

 

Каб паставіць па-сваему

Ды ў свае ўзяць абцугі.

Не праціўся лепш Ахрэму:

Дасць па карку і – халэмус!

          Строгі, хай яго Багі!

 

І пытае дачку маці:

– Ну, дачушка, як жывеш?

Як паводзіцца у хаце?

– Ох, матулька! Што казаці –

Прападзеш з ім, прападзеш!

 

Маладзіца тут у слёзы,

Бэсціць мужа і кляне:

– А бадай яго залозы!

Буркатня адна, пагрозы,

          Вокам ласкі не зірне.

 

То яму дзяжа не чыста,

То хлеб прэсны і сыры...

Ой, які ўжо наравісты!

Хоць ты падай прад ім лістам –

І да трох не гавары!

 

Будзіць рана да работы,

Нібы наймічку-слугу,

А рабіць няма ахвоты.

Гора з ім адно, згрызоты –

          Жыць тут болей не магу!

 

– Плюнь, дачушка! – кажа маці. –

Чорт яе з пакораю!

Што сябе дарма згрызаці?

Заваліся на палаці

Ды прыкінься хвораю!

 

Ляжы, нібы ў агні,

Ды войкай, ды стагні

І ад сябе яго гані.

Пячы сабе яечню,

          А гаду таму, жоху –

Нішчымнага гароху.

Раняць дух не канечна!

 

І давай вучыць старая,

Як горш зяцю дапячы.

А ён дзверы адчыняе!

– Так, так, матка, навучы,

Каб цябе зямля сырая!

Каб разумная ды добрая была,

Ты б на троп дурную навяла,

          На дабро б накіравала,

Гультаіна ты, завала,

Звадыяшка ты, сава,

Дубовая галава!

Ты ў чыю ж гаворыш руку

І сыкаеш вужакаю?

Ану, цешча, за навуку

Хадзі вось я падзякую!

 

Вывеў цешчу ён вон з хаты

Ды ў борану яе ўпрог!

          Аж бразджаць у цешчы пяты,

Проста пыл курыць з-пад ног,

Цягне борану па полі,

Толькі стрыбалкі мігцяць.

 

– Ся, малая! Гэй, паволі!

Но, кабыла! – свішча зяць.

Выпраг цешчу зяць сярдзіты

Ды па цешчы пугаўём!

Цешча коціцца кулём,

Ды праз поле, ды праз жыта

          Смаліць к дзеду перуном.

 

 

II

 

Прычхала дадому,

Засопшыся, цешча,

На зяця старому

І верне і плешча:

Такі ж ён паганы,

Такі ўжо зацяты,

Тыран над тыранам,

Ён – гэрад пракляты!

Гатоў ён за словы –

        Паслаў ім Бог зяця! –

Вазіць з лесу дровы,

Табою араці,

Яе ўзяў у клешчы,

Ганяў на палетак.

І кончыла цешча

Прамову вось гэтак:

 

– Ой, барзджэй ты, дзед, збірайся,

Ідзі дочку ратаваць!

Толькі ж сам асцерагайся:

          Гэта кат нам, а не зяць!

 

А дзед, слухаў, зубы сцяўшы, –

Ці праўдзіва ж гэта весць?

І нарэшце, палку ўзяўшы,

Сам да зяця ідзе цесць.

 

За дзвярамі зяць стхарыўся,

Вуха к дзірцы прылажыў,

Слухаў ён, не варушыўся,

Што цесць жонцы гаварыў.

 

– Ой, дурная ж ты, дачушка!

  Ці ж без працы можна жыць?

Выкінь дур ты гэту, служка!

Мужу трэба наравіць.

 

Ён, няпраўда, не нягодны,

Не дурны ён, не гультай.

Дык жывеце, дзеткі, згодна

Ды язык ты свой трымай.

 

– Люба слухаць, што да ладу! –

З-за дзвярэй гукае зяць. –

За разумную дараду

          Ты на покуць, бацька, сядзь!

 

Пасадзіў за стол старога:

– Смаж, брат жонка, каўбасу,

А я скочу да Крывога

І гарэлкі прынясу.

 

Запішчалі ў печы скваркі,

Аж звініць скаварада.

З рук у рукі ходзіць чарка, –

Чэсць такая, што бяда!

 

Выпіў цесць і зʼеў на славу,

          Хоць жывот расперажы.

Зяць уважны і ласкавы,

Хоць да раны прылажы!

 

– Захадзі ж да нас, старэчы,

Ды часцей, не забывай! –

І ўзваліў яму на плечы

Здаравецкі каравай.

 

Дзед ідзе сабе, спявае,

Нібы зяць адмаладзіў.

Каравай ён ледзь трымае,

          Аж плячук наверадзіў.

 

Цешча рукі заламала,

Дзеда згледзеўшы здалёк:

—Во! Я борану цягала,

Цесць з ярмом дамоў уцёк!

 

1907, [1929]


1907,[1929]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4