epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зямля заве

Анісімава аперацыя
* * *


 

 

Анісімава аперацыя

Яшчэ паўгода назад людзі з вёскі Чырвоны Бор радаваліся і хваліліся пазіцыяй, на якой раскінуліся іх прасторныя двары з гаспадарліва абсталяванымі будынкамі. І сапраўды прыўдалая гэтая мясціна: усутыч к дварам, выгінаючыся срэбнаю дужкай, туліцца вясёлая рачулка з чыстымі, глыбокімі пясчанымі гакамі. На той бок рэчкі рассцілаюцца зялёныя палотны сенакосаў, а з процілеглай стараны, упіраючыся ў рэчку, раскінуліся ўрадлівыя гароды. Невялічкія паплаўцы з шаўкавістаю травою прыдаюць асаблівую прывабнасць гэтым агародам. Непадалёку ад Чырвонага Бору праходзіць шасейная дарога і злучае вёску з раённым цэнтрам. Да паўстанка жалезнай дарогі з Чырвонага Бору лічыцца каля шасці кілометраў. Сцяна высокага баравога лесу і маладых купчастых хвойнікаў і бярэзнікаў атульвае вёску расцягнутым паўкругам. Сярод лесу трапляецца шмат малых і вялікіх балот з патайнымі астраўкамі сухой пясчанай зямлі, да якіх не так-та лёгка дабрацца. У лесе многа ягад і грыбоў. Людзі суседніх вёсак зайздросцілі такому выгаднаму палажэнню чырвонаборцаў. Усё ў іх пад рукою: і паша, і гароды, і рыба, і грыбы. А цяпер вось не парадуюцца чырвонаборцы ні блізкасцю да шасейнай дарогі і чыгункі, ні сваімі заможнымі дварамі.

Ужо некалькі дзён сцішана і трывожна гудзе Чырвоны Бор, як жытняе поле перад навальніцаю. І не толькі над Чырвоным Борам, а і над вакольнымі вёскамі і пасёлкамі, як і над усім краем, пануюць непакой, трывога і страх. Немец варваўся на нашу зямлю, варваўся як злодзей, нечакана, раптоўна і нагла. З вёскі ў вёску, з двара ў двор ідуць весці цёмныя, як ноч. Прэцца немчура, як віхор, і не стрымаць яе ніяк. І дзе ні ступіць нага ашалелай гітлераўскай арды, там разбурэнне, пажары, смерць. Бягуць людзі з гарадоў і мястэчак куды вочы глядзяць, як ад чорнай пошасці і заразы. Следам за імі ганяюцца гітлераўскія разбойнікі і пасыпаюць іх кулямі. А з-за вуглоў і цёмных закутак паўзуць, як вужакі, невядома адкуль чуткі, што перад немцамі ніякая сіла не ўстаіць. Хіба мала гэтаму прыкладаў? Польшчу Гітлер змёў у дзесяць дзён, за адно лета заваяваў Данію, Нарвегію, Бельгію. Разматлашыў Францыю, выціснуў войска Англіі, захапіў Сербію, Грэцыю. Усю Еўропу прыбраў у свае рукі. Вось які Гітлер! Куды ж ім спірацца? Гэтыя чуткі шырыліся, як лішай, і прымалі характар упэўненасці. Да іх сталі далучацца іншыя. Шэптам перадаваліся гутаркі, што Гітлер нясе новы парадак. Ён хоча скасаваць калгасы, а замест іх завесці аднаасобныя гаспадаркі. Кожны будзе ладзіць свой лад, як незалежны гаспадар сваёй уласнасці.

Але чуткі заставаліся чуткамі, гутаркі — гутаркамі. Нікога яны не краталі і мала каго гарнулі. Непакой жа і трывога цяжкім каменем прышыбалі народ. Людзі ведалі яшчэ па старой памяці, што ад немца спадзявацца дабра няма чаго, і цішком прыхоўвалі сваё дабро і ўсё, на што мог паквапіцца немец. У Чырвоны Бор ён мог завітаць хутчэй, як у іншую вёску, што ляжыць у баку ад шасейнай дарогі.

Анісім Жыжняк, ужо нямала пажыўшы на свеце чалавек з пасівелымі вусамі, наперакор заспакойваючай твані цёмных чутак, казаў:

— Калі ў хату забярэцца злодзей, дык ён хоць вуглы пакіне. Страшней за злодзея пажар, бо ён вуглоў не мінае. А немец горш і за злодзея, і за пажар: пасля немца і абгарэлай печы не застанецца.

Вакол Анісіма сабраўся гурток пажылых мужчын і некалькі жанок. Яны стаялі каля калгаснай кузні, на водшыбе ад хат. Прасторная кузня, збудаваная яшчэ летась, займала выгадную пазіцыю непадалёку ад хвойніку, што кучараваю градкаю выступаў з лесу. У самы разгар гутарак аб вайне і немцах з хвойніку вырвалася чарада падлеткаў — хлопцаў і дзяўчатак. У руках у іх былі кошыкі і збанкі. Усе яны запыхаліся і разгарачыліся ад шпаркага бегу.

— Немцы! Нямецкі самалёт! Немцы спусціліся ў лесе! — яшчэ здалёк наперабой крычалі яны.

Іх узбуджанасць і трывога перадаліся дарослым.

— Дзе немцы? Якія немцы? — у сваю чаргу пыталіся перапалоханыя людзі. З усімі драбніцамі расказвалі падлеткі пра неабыклую праяву. Яны збіралі ягады і раптам пачулі — гудзе самалёт дзесь блізка над лесам, гудзе не так, як наш. Глянулі — аж над саменькім лесам імчыцца чорны самалёт. Вырваўся з-за дрэў і стаў ляцець нізка-нізка, а потым крануўся калёсамі зямлі, прабег некалькі сажняў і спыніўся каля Круглай горкі. З самалёта вылезлі тры немчуры з пісталетамі і стрэльбамі. Яны аглядаліся, як зладзеі. А потым пачалі сеч хвойнік і ўтыкаць яго вакол самалёта.

Дзеці расказалі пра ўсё гэта з такімі драбніцамі і бажбою, што ім адразу паверылі. Па вёсцы ў момант разыйшлася страшная весць аб немцах і нямецкім самалёце. Каля кузні сабралася цэлая грамада народу. Падняўся шум, перапалох. Трэба ж нешта рабіць, а што рабіць? Некалькі хвілін стаяў шум, чуліся асобныя галасы, у якіх трудна было разабрацца. Нарэшце Анісім Жыжняк з пасівелымі вусамі падняў руку і крыкнуў:

— Ціха! — Грамада зразу змоўкла. Анісім авалодаў яе ўвагаю. —Немцаў трэба забраць жывымі, — рашуча сказаў Анісім, — у іх або самалёт сапсаваўся, або бензіну не хапіла...

— А чым ты іх забярэш? Голымі рукамі? — адразу ж запярэчыў Анісіму Мікола Хвыр, Анісімаў равеснік і нязменны праціўнік яго на сходах. Хвыр пазіраў на Анісіма ястрабіным поглядам зеленаватых вачэй з-пад насупленых брывей.

У грамадзе знайшліся староннікі Хвыра: сапраўды, як жа ўзяць немцаў, калі яны ўзброены з ног да галавы?

— Лепш не чапаць і не ўдражліваць іх, — казаў Хвыр, чуючы за сабою падтрыманне, — а то такога ліха навядзеш на вёску, што потым сам сябе кусаць будзеш.

— А я вам кажу, — ускіпеў Анісім, — мы будзем ворагамі самі сабе і савецкай уладзе, калі мы не возьмем немцаў. Няўжо ж вы пазіралі б, як дурні, калі б у ваша стада забраліся ваўкі?

— Праўду кажаш, Анісім! — падтрымаў яго брыгадзір Пятро Карнейчык. Брыгадзіра паважала ўсё сяло як чалавека праўдзівага. Староннікі Хвыра прымоўклі.

— Калі я пачаў, то дайце мне і кончыць. Грамада, хто смелы?

Грамада маўкліва апусціла вочы, а Анісім выпаліў:

— Я маю план — хітрасцю іх узяць, без зброі.

Анісім канчаткова заваяваў увагу грамады. Грамада чакала нецярпліва, што скажа далей Анісім.

— Вось што: бярэце, мужчыны, косы, а вы, жанкі і дзяўчаты, — граблі. Пойдзем нібыта касіць. Каля Круглай горкі нашы сенакосы. Мы зробім там папаску, развяжам торбы з хлебам і салам. Кажу вам — немец, як тхор, знюхвае сала. Прыйдуць да нас самі, а мы іх запросім на пачастунак. Надарыцца зручная хвіліна, грамадою навалімся на іх. А нельга будзе, дык нельга, прыдумаем што-небудзь іншае.

— На аэрадром паслаць каго трэба, каб чырвонаармейцы падышлі, — сказала Манька Шаронь, Анісімава пляменніца.

Вылучылі двух падлеткаў пасыльных, а самі разышліся па дварах рыхтавацца ў паход на сенакос. Толькі Міколка Хвыр ціхенька змыўся.

 

 

* * *

 

Лёнька Мігай і Толік Гарошка не ішлі, а беглі. Ім, равеснікам, разам было дваццаць сем гадоў. Гэта яны першыя згледзелі нямецкі самалёт і немцаў. Цяпер ім выпаў высокі гонар быць у некаторай ступені як бы дэлегатамі ад Чырвонага Бору. Хлопцы добра ведалі глухія сцежкі і дарогі праз лес. Іх несла адно жаданне: хутчэй дабегчы да раёна. Яны ўнікалі сустрэч з кім бы там ні было і адчувалі вялікую адказнасць за даручаную справу. Яны гатовы былі ўкласці ўсю сваю душу і зрабіць усё, абы толькі не выпусціць немцаў і іх самалёт. Анісім Жыжняк быў тою цэнтральнаю фігураю, вакол якой гуртаваўся ў гэты дзень народ. Яму горача памагаў брыгадзір Пятро Карнейчык. Ён хадзіў па вёсцы з двара ў двор, стукаў у вароты і вокны, то збіраў касцоў і грабцоў на сенакос. Анісіму ў сваёй хаце прыйшлося стыкнуцца з першаю перашкодаю. Жонка яго, заўсёды ціхая, задумлівая, працавітая, высахшая ад работы і вечнай заклапочанасці, з дакорам сказала Анісіму:

— Што ты выдумаў, стары? Ці канешна табе трэба вытыкацца тут? Безгалоўя сабе шукаеш.

— От не бойся, ведаеш, Агата, — мякка суняў яе Анісім і правёў рукою па сіваватых вусах, — купіў, не купіў, а патаргаваць можна.

Не даючы жонцы часу для супярэчання, ён сказаў:

— Ты думаеш, яны так сабе заляцелі сюды? Хто ведае, што ў іх на мыслі? Можа яны хваробу якую завезлі сюды, ці яшчэ што-небудзь горшае. А мы, што ж, чакаць толькі будзем?

Агата ведала ўпартасць Анісіма: ніякая сіла не скіруе яго, раз ён наважыўся на што. Яна таксама цвёрда сказала:

— Ну дык і я пайду, я цябе аднаго не пушчу.

Анісім нічога не адказаў ёй. Пайшоў на двор, дастаў з-пад страхі касу. Потым украдкам схадзіў у камору. Там у патайным месцы была прыхована ў яго дубальтоўка. Яе браў з сабой Анісім у начлег, пасучы калгасных коней. Былі ў яго два спецыяльныя патроны, набітыя кулямі. Яны прызначаліся для ваўка, бо ваўкі часамі трывожылі коней. Патроны палажыў Анісім у кішэню, уважна агледзеў стрэльбу і праверыў і толькі тады загарнуў яе ў лёгкую дзяружку і палажыў у воз пад салому. Праз гадзіну каля кузні пачалі збірацца калгаснікі і калгасніцы з косамі і граблямі. Сюды зараз жа падышла і падвода з Анісімам і брыгадзірам. Брыгадзір сядзеў сурʼёзны і маўклівы. За падводаю з граблямі на плячы строга і паважна шыбавала Агата. Не зусім спакойна было на душы ў Анісіма, але ён і віду не падаваў, што яго і самога трохі трывожыць гэты нечаканы выхад на сенакос, тым болей, што гэты выхад адбываецца па яго віне. Прыдаўшы вясёлы і бестурботны выраз свайму твару, ён звярнуўся да брыгадзіра:

— Загадвай, брыгадзір!

Брыгадзір акінуў грамаду строгім поглядам.

— Ну, грамада, пайшлі! — сказаў і сярдзіта чмыхнуў у наздру.

Грамада заварушылася.

— Памятайце, што мы адпраўляемся на сенакос, — даваў кароткае настаўленне Анісім. — Гаварыце аб чым хочаце, толькі віду не паказвайце, што мы ідзем у які-небудзь паход або ліса біць.

— Ніякага тут паходу няма: адпраўляемся на луг і ўсё, — ужо весялей сказаў брыгадзір і пачысціў абедзве ноздры.

— Песню заспявалі б, ці што? — не сунімаўся Анісім, каб падняць настрой і дух грамады, бо настрой яе быў праз меру сурʼёзны і пануры.

— Заспяваем, калі назад варочацца будзем, — заўважыў хтось з грамады даволі скептычна.

— Не прыйшлося б плакаць.

Грамада рушыла ў дарогу. Кожны супакойваў сябе тым, што калі ўжо ліха наважылася на цябе, то ўсё роўна — ці ты будзеш туляцца ад яго, ці пойдзеш насустрач яму. Апроч таго, кожнаму хацелася паглядзець на немцаў і на іх самалёт. У душы кожнага падсвядома жыла мысль, што немец — вораг, з якім трэба змагацца.

Грамада чырвонаборцаў у стракатых вопратках з граблямі і косамі дзелавіта агібала Круглую горку, мінула палянку — пустку, закрытую з трох бакоў густым хвойнікам і бярэзнікам. На акрайку старога лесу, што туліўся к берагу, дзе пачыналіся сенакосы, Анісім падаў знак спыніцца нібыта для папаскі. Каня з цялежкаю адвялі ў цень глыбей у лес. Мужчыны таксама пахаваліся. Кожны з іх заняў сваю пазіцыю. Брыгадзір быў на чале мужчын, загадваў ваеннаю часцю. На відавоку заставаліся жанчыны і падросткі. Увагу ўсіх і кожнага прыцягнуў штучны зялёны куст, якога раней тут не было. Але пільна ўзірацца ў яго строга забараніў Анісім. Ён заставаўся галоўным камандзірам. Сваю стрэльбу з воўчымі набоямі ён даручыў Сымону Каваліку: Кавалік лічыўся лепшым стралком у Чырвоным Бару. Час напружанага чакання праходзіў, а немец не паказваўся. Штучны зялёны куст не варушыўся. Грамада пачынала траціць цярпенне. Яна адчувала сябе ў фальшывай ролі неразумнай камедыі. Анісім падбадраў сваё войска, праводзіў рукою па сівых вусах і глыбокадумна гаварыў:

— Усё, што мае пачатак, мае і свой канец.

Скрыва паглядала на Анісіма і Агата: сораму захацеў нарабіць сабе чалавек. Анісім і сам пачынаў сумнявацца, што з яго хітрасці што-небудзь выйдзе і ўжо складаў новы план. І раптам у лесе пачуўся нязвычны шум і прыглушаныя галасы, як часамі бывае, калі людзі валяць на зямлю япрука і ўсе гуртам раяць, куды спрытней усунуць швайку. У невялікай лагчыне пад прыгоркам, дзе чырванелі суніцы, мітусіўся цэлы клубок людскіх постацей. Тут былі — брыгадзір, Сымон Кавалік, Ігнат Аношка, стары Лукаш Рымза, Кандрат Мігай і яшчэ некалькі мужчын. Усе яны пружыніста варушыліся, цяжка дыхалі, часамі заміналі адзін другому, стараючыся кагосьці паваліць. У самай сярэдзіне гэтага людскога клубка былі два немцы, адзетыя ў форму гітлераўскіх лётчыкаў.

Гэта былі маладыя адкормленыя прадстаўнікі «вышэйшай» гітлераўскай расы. Адзеты былі яны як на парадзе. Ускрайкам лесу, разглядаючыся, ішлі яны ў табар Анісіма. І раптам на іх наваліліся чырвонаборцы, нібы ў момант вока нарадзіў іх кудлаты лясны мох і карчы, дзе яны хаваліся. Немцы тужыліся з усіх сіл, каб вырвацца з цэпкіх сялянскіх рук. Пасля кароткай барацьбы немцаў абяззброілі і звязалі.

— Кіргізскім, кіргізскім вузлом звязвайце іх — камандаваў у захапленні брыгадзір. Заварушыўся, ажыў Анісімаў лагер. Сам Анісім свяціўся, як сонца. Яго пасівелы вус шырока адплываў на твар, а вочы гарэлі, як у юнака. Але дзе трэці немец? Назіранне за штучным кустом было аслаблена, і толькі падлетак Міхалка вострым вокам знайшоў вартавога, калі ён высунуў з-за галін галаву. Не ўзяўшы апошняга немца і не захапіўшы самалёт, нельга лічыць паход закончаным. Як жа быць? З нямецкіх лётчыкаў садралі адзенне з усімі яго адзнакамі. Сымон Кавалік і Кандрат Мігай надзелі форму нямецкіх лётчыкаў. Яны пайшлі ў бок штучнага куста. Не даходзячы крокаў пяцьдзясят, яны спыніліся. Кавалік свіснуў. Трэці немец высунуўся з куста. Кавалік махнуў рукою — ідзі, маўляў, сюды. А каб яшчэ было больш пэўна, сказаў два чужаземных, як яму здавалася, нямецкіх словы:

— Кума-гэр!

Немец ступіў крокаў дзесяць і спыніўся. Відаць, нейкая падазронасць закралася ў яго мыслі. Чырвонаборцы з заміраннем сэрца пазіралі, што будзе далей. І бачаць яны — з хвойніка высунуліся два падлеткі, а вакол Круглай горкі, як з-пад зямлі, выраслі чырвонаармейцы. У іх руках апынуліся Кавалік і Мігай, якіх яны прынялі за немцаў. Пераапранутыя ў немцаў Кавалік і Мігай паднялі рукі. Гледзячы на іх, падняў рукі і трэці немец. Іх пабралі чырвонаармейцы і вельмі здзівіліся, калі два немцы загаварылі па-беларуску.

— Браткі, ды мы ж такія ж немцы, як Анісімава кабыла цётка Гітлеру.

Тут уся грамада чырвонаармейцаў рушыла на галоўную сцэну, ведучы пад канвоем двух немцаў у адной бялізне.

[20/V -- 17/VI 1942 г.]

 

 


[20.05.1942-17.07.1942]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў у 20 т. Т. 12: Аповесці. - Мінск: Беларуская навука, 2010. - 515, [3] с.