epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зімнія халады

Разагнаў вецер з неба хмары, і глядзіць яно холадна і сярдзіта. Сярдзіты вецер як нажом рэжа ў твар, забівае дух. Сонца блісне на некалькі гадзін на краі неба і зараз жа хаваецца. Чырвоныя слупы на захадзе граюць на небе халодным полымем. Гэтыя слупы значаць на вялікі мароз. Шыбы мужычых вокан замуроўліваюцца марозам. Якіх толькі цацак не наклаў ён на шыбы! Белыя лапы, як дубовае лісце, густа налазяць на вокнах адна на адну. Дым шырока і роўна звісае, як слуп, над комінамі і з вялікім трудом падымаецца ўгору і там сплываецца ў цэлую белую хмару. Сані скрыпяць і пішчаць, і спяваюць песні пад дудку марозу.

Людзі стараюцца адзецца што найцяплей, націскаюць глыбей на вушы шапку-кучомку, абкручваюць іх хусткамі або башлыкамі. З марозам кепскія жарты: не любіць іх стары. Вусы і бароды парабіліся белыя ад марозу; валасы сплятаюцца ў драцяную сетку. Не дае мароз мужыку сядзець на санях. Конік бяжыць, скрыпяць сані, а ззаду, уляпіўшыся за палукошак, бяжыць і мужык, сумыслу тупае крэпка нагамі, каб не даць іх на здзек халоднаму сярдзітаму дзеду-марозу, бʼе рукамі аб плечы, цісне імі вушы ды мароз яшчэ хваліць. Конікі, пакрытыя белым марозам, дружна бягуць і пырхаюць; белы пар падымаецца над імі.

Сярдуе мароз, цісне ўсё, што ні сустрэне, у сваіх халодных руках. Усюды хочацца яму пралезці. Адчыні дзверы ў хаце – ён як тут і быў: так і коціцца цэлым клубком пару ў хату і хапае за ногі баб і дзяцей. Гуляе па даху, сціскае яго ў сваім халодным абніманні так, што той стогне і трашчыць. Нікога не жалее мароз, усіх ён цісне; бегае па лесе, пераскаківае з аднаго дрэва на другое, наганяе страх на звяроў сваім трэскам. Усё пахавалася, і ходзіць мароз адзін, нікога не баіцца, усіх пужае.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5