epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зімой у Балачанцы

Пад белай страхою стаіўся пасёлак,

Прымоўклі навокал лясы.

Мільёны, мільярды халодных вясёлак

Убралі снягоў абрусы.

 

І колькі тут ясных, бліскучых іскрынак

На снезе марозным, сухім!

Як ціха! Як соладак тут адпачынак

Між лесу ў пасёлку глухім!

 

Мы так разважалі і так успрымалі

        Спакой неабыклы і глуш,

І неслі далёка нявідныя хвалі

Суладнасць і згоду дзвюх душ.

 

За днямі дні пойдуць звычайнай дарогай,

Нібы несупынны струмень...

Мой дружа! Нам радаснай песняй з былога

У памяці ўстане той дзень.

 

27/І 1947


27.01.1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4