epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Змаганне з пʼянствам

Кароткі фельетон

Мы заўсёды выпівалі

І гарэлку шанавалі, —

Так вядзецца ад дзядоў.

Чуць на свет ты паказаўся,

Яшчэ ў ночвах не скупаўся,

А ўжо кажуць: «Будзь здароў!»

І галовы задзіраюць,

Спрытна чарачкі куляюць

Ў чэсць малога піскуна.

        А памрэ ён, чуць сканае,

Жыць на свеце не ўздужае,—

Зноў зʼяўляецца «яна».

Ліха ўспрэцца, стане крута:

Ў маскалі бяруць ракрута,

Грошы пойдзеш пазычаць

На арэнду, ці падаткі,

Ці якія там выпадкі,—

Трудна ўсе іх вылічаць, —

Ну, напрыклад, не паладзіш,

        Нос стаўчэш, ліхтар пасадзіш,

Чэрап свой ці чый пабʼеш,

Занядужаў сам ці жонка,—

Плача бедная скарбонка:

Грош астатні дастаеш.

Рады мы прычыне кожнай

Зрабіць поўную парожнай,—

        Пʼём мы, братцы, дужа пʼём!

Ды «яе» мы не здалеем,

Хоць пʼём шмат, ажно шалеем...

        Грамада, валі на сход!

Чуткі ёсць, увагі варты:

Манаполькі не на жарты

Прыціскаць пачаў народ.

А мы хіба не патрапім?

Ці ж мы болей другіх квапім

Ўсе вантробы папаліць?!

Каб яна ж, даў Бог, згарэла!

Скасаваць, каб не смярдзела.

Годзе дрэнь гэту глушыць!

        Сход сабралі, гаманілі,

Меркавалі, палажылі

Манапольку зачыніць.

Толькі ж мы прывыклі здаўна

Выпіць колькі чарак спраўна

Перад тым, як што зрабіць.

«Ну што ж,— кажам,— хіба выпʼем?

Манапольку з вёскі выпрэм,

Справа важная, нябось!»

«Выпʼем, выпʼем! — загукалі.—

        І дзяды нам так казалі,

І вядзецца гэтак скрозь».

Папіліся — падабрэлі,

Сцёпка з Грышкам захварэлі,

Чым жа бедных падлячыць?

 

І цяпер-то мы пазналі,

Што яшчэ сабе прыдбалі

Адну зачапку папіць.

 

 

[1914]


[1914]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938