Бушавала бура з сілай нечуванай,
А вы йшлі напорна крокам нестрыманым.
Варʼяцела мора, пеніліся хвалі,
А вы йшлі няспынна — вабілі вас далі.
Бухалі гарматы, грукацелі громы,
А вы йшлі наперад віхрам-бураломам,
Разбівалі ковы, векавыя путы,
А на кожным кроку вораг злы і люты.
І было змаганне, ой, было змаганне!
Не хацеў стары свет страціць панавання.
Каледзін, Карнілаў, Калчак і Дзянікін —
Йшла навала супраць у шаленстве дзікім.
І каваў кайданы вораг за граніцай,
Ды ніхто не здолеў той жывой крыніцы.
Ліха, небяспека ўсюды вас чакала, —
Згінула ў дарозе змагароў нямала.
А дарога ваша — горы, перавалы,
Але ўсё здалелі раці занядбалых.
Пройдзен шлях пачэсны, трудны і вялікі,
Не залье яго той шквал шалёна-дзікі,
Што падняць гатовы Чэмберлен зацяты, —
Кінуты па свеце добрыя зярняты.
Выйшлі зерні тыя ў шоўкавыя руні, —
Праўдай сталі вашы мары аб камуне.
[1927]