epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Знайшлі

I
II
III


I

 

 

Мікалай не памятае, як ён запрог каня, як сеў на воз і выехаў з Мінска. Суседзі назаўтра казалі, што ён сядзеў упоперак воза, так, што адна нага была ў драбінах, а другая выстаўлена на манер пісталета. Колькі праехаў ён такім парадкам, не ведаюць, бо Мікалай скора знік на павароце дарогі. Усё гэта не так ужо важна – ці мала як ездзілі даўней з кірмашу людзі! – важна было здарэнне ў дарозе, якое вымагае таго, каб успамянуць, як Мікалай выехаў з горада. Мікалай, як праз сон, памятае дарогу, тыя крамкі на краі горада, тыя карчомкі з шыльдамі «Піва», дзе затрымліваліся сялянскія фурманкі, каб купіць якую-небудзь дробную рэч і апошні раз развітацца з горадам, хлабыснуўшы на дарогу шклянку піва. Мікалаю нічога гэтага не трэба было, і каб хто запытаў тады, што ў яго на карку – качан капусты, гарбуз ці галава, то ён зразу напэўна не адказаў бы па той прычыне, што не чуў галавы. Скарэй усяго яму здавалася, што на плячах у яго быў кацёл.

Мікалаеў конік, не чуючы над сабою цвёрдай гаспадарскай рукі, пачынаў патрошкі лайдачыць: ён ішоў то адным краем дарогі, то другім, то сярэдзінай – дарога ж была шырокая, а часамі проста спыняўся, адпачываў і толькі азіраўся, ці зважае на гэта гаспадар і ці не бярэцца за пугу. Калі ж яго абганяла чыя-небудзь фурманка, то ён некаторы час ішоў за ёю, каб скубянуць чужога сена або канюшыны. І ўрэшце зусім папсаваў сваю канячую рэпутацыю, бо пачаў выцягваць торбы з аўсом. Шукаючы аўса, ён намацаў торбу з соллю і выкінуў яе на дарогу. «Купіў не купіў, а патаргаваць можна», – так, мусібыць, разважаў Мікалаеў конь. Праўда, ён дастаў сабе па мордзе, ды ці варта на гэта зварачаць увагу? А Мікалай не варушыўся і ляжаў, як нябожчык. Покі адышоўся конік вярсты тры ад горада, прайшло добрыя тры гадзіны часу. Людзі ішлі і ехалі. Шырокая дарога гаманіла, гула і стагнала ад людскіх галасоў, груку калёс і стуку капытоў.

– На бок! – гукалі часамі Мікалаю, а Мікалай і ў вус сабе не дзьмуў, бо нічога не чуў. Яго абганялі, абʼязджалі, кідалі жарты, бо што возьмеш з пʼянага? А можа людзі памяталі словы нашага нябожчыка Базыля, які вучыў:

– Не чапай пʼянага: пʼяны ўсё роўна, як святы.

Мікалай ужо далёка ад Мінска крыху ачухаўся і прыйшоў у памяць. Конік сам даўно звярнуў з шырокай дарогі, і дадому заставалася вёрст пяць. Палажыўшы на воз другую нагу, Мікалай спыніўся, агледзеўся і паправіўся. Усё было ў возе, не хапала толькі адной рэчы: шапкі на галаве.

 

 

II

 

Недалёка ад той павароткі, дзе звярнуў Мікалаеў конік, была яшчэ паваротка направа, у другую вёску. Мікалай не ведаў, што ў некалькіх кроках за ім ехала другая фурманка і што ён не адзін такі на свеце, а ёсць яшчэ не горш яго дзюбануўшы Нічыпар Касмык. Нічыпар таксама нічога не ведаў пра Мікалая і ляжаў на возе, як пласт. Ляжаў ён галавой да конскага заду, абняўшы мяшок вотрубей, і гаварыў з ім, як з першым другам на свеце, бо думаў, што гэта быў не мяшок з вотрубямі, а яго добры знаёмы, якога ён узяўся падвезці.

– Ты кажаш, брат, што гарох у цане? На ўсё цяпер цана расце... Налета засею ўсё поле гарохам... Но-а! – гукнуў Нічыпар і хвасянуў пугаю ў той бок драбін, дзе зроду не запрагаўся конь.

– Лявон! – гаварыў далей Нічыпар да мяшка. – Давай зоймемся гарохам, га?.. Што, брат Лявон, ці не казлы ты ўжо дзярэш? Эх ты, слабейка: выпіў, як куранё, а звіўся, як вуж, глынуўшы жабу. Гной ты, а не чалавек.

Тут Нічыпару ўспомнілася песня пра Лявона, і ён зацягнуў:

 

 

Ой, Лявон мой

Ды павёз гной,

А ляцела варона

Ды схапіла Лявона.

 

 

А той «Лявон» ляжаў сабе і нібыта таго. Падʼехаўшы з паўвярсты, Нічыпар палопаў па мяшку і сказаў:

– Ось ты, Лявон, і чужы мне чалавек, а чаму я цябе люблю? Затым люблю, што ты, як і я, чалавек без хітрыкаў: што, я буду каго абгаварваць? Зайздросціць каму? Ці, як Сымон Вочап, буду хадзіць у воласць, скаргі пісаць? Ні з кім я не сварыўся, не біўся, не судзіўся, бо той апошні чалавек, хто судзіцца. Няхай лепш маё пяройдзе. Бог святы мне верне. А калі трэба выпіць, то і выпʼю – ды розуму не прапʼю, бо што тут галоўнае?.. Піць, але не прапіваць розум. Так я кажу?.. Эх, мілы ты мой друг! Дзе знойдзеш яшчэ такіх двух? – Нічыпар цяжэй налёг на мяшок, абняў і стаў яго цалаваць.

– І сыты ж, сыты, ліха твайму ліху! Проста, як мянёк!.. Дзе ты нагуляў гэтулькі сала? Ось як вазьму я цябе, як сцісну ды як шпурну, то ты ў мяне апынешся... у Сёмкавым гарадку! Што, можа скажаш, не шпурну? Не шпурну? Я цябе не шпурну? Дальбог шпурну, так шпурну, што косці забразджаць. Хто ты мне? Бацька або дзядзька? Дзяцей я з табою хрысціў? Вон з майго воза!

Нічыпар абхапіў мяшок, лёг з ім побач, узняў, штурхануў каленам і скінуў на дарогу.

– Разлёгся-бо, як пан які, – пачаў Нічыпар, каб апраўдацца перад сабою. – Я чалавек такі: ні з кім не судзіўся, бо судзіцца не люблю. Раз, раз – і гатова!..

Доўга бубніў Нічыпар, покі не заснуў, а прачнуўся – няма на галаве шапкі!

 

 

III

 

На тым месцы, дзе разʼехаліся Мікалай з Нічыпарам, ляжаў стары капялюш. Я колькі разоў бачыў яго на свае вочы, як пехатой хадзіў з Мінска ў Беларучча. Гэты капялюш і цяпер яшчэ жыў у маёй памяці. Я не магу не ўспомніць пры гэтым майго друга, пісара, які першы, можна сказаць, звярнуў увагу на капялюш як належыць. Пісар меў на рэдкасць чулую душу, мяккае сэрца і жывое слова, якім ён так валодаў, што мог, здаецца, прымусіць плакаць каменне. Ну, што, напраўду, выяўляе сабою стары парыжэлы капялюш, вывезены на поле з якога-небудзь сметніку, а потым занесены вятрамі на дарогу? Так пазіраем на рэчы мы, простыя людзі, так пытае звычайны чалавек. Але не гэтак зірнуў на яго пісар.

– Капялюш! – сказаў пісар і штурхануў мяне локцем. – Ляжыш ты цяпер тут адзін, і топчуць цябе людскія ногі. Цябе даўно забылі і кінулі аднаго, аднаго на здзек цэлага свету. Пячэ цябе сонца, дажджы паліваюць, топчуць у гразь, нагой падкідаюць. А ты, друг, маўклівы, ляжыш сіратою, і ветры сярдзіта шумяць над табою! І ніхто ніколі цябе не спытае, што твой за век быў і доля якая.

Тут пісар высмаркаўся, вочы яго былі мокрыя ад слёз.

– А былі ж і ў цябе светлыя часіны, вясёлыя дні, і табе, сіраціна, свяцілі агні. Новенькі выйшаў ты з майстравых рук дзе-небудзь у Лодзі або ў Варшаве, і цябе насіў не Янук, не Пятрук, а пан які важны, і ты быў у славе...

Ды дзе там? Я не скажу і дзесятай долі таго, што казаў пісар. Але ці так яно было, як ён казаў, ці іначай, я не ведаю. Адно я толькі ведаю, што гэты стары капялюш прыцягнуў да сябе двух пʼяных гаспадароў.

Завярнуўшы каня і трымаючыся за аглабіцу, плёўся Мікалай, прыглядаючыся, ці не ляжыць дзе шапка. З другога боку такім жа парадкам плёўся і Нічыпар. Што было ў іх думках, сказаць трудна. Па тым, як яны плявалі, можна было здагадацца, якое ў іх было пачуццё.

– Можа паднялі часамі шапку? – спытаў Мікалай, спаткаўшы трох хлопцаў. – Конь, воўчае мяса, спудзіўся, нёс з вярсту, і шапку згубіў, ось.

– Не, не паднялі, – адказалі, на момант спыніўшыся, дзецюкі.

– Якая ж хвароба панесла твайго каня? Ці не выпіў ён? – спытаў потым адзін.

– Можа ты без шапкі выехаў з дому?

– Глядзі, яе ўжо даўно па этапу павялі, – смяяліся хлопцы з Мікалая.

– Я бачыў як бы шапку на шляху. Чарнелася нешта: можа гэта твая, чалавеча, шапка, – сказаў ехаўшы на гэты час гаспадар з Паперні.

– Ото дзякую, ведама мая! – сказаў Мікалай, сеўшы на воз і пагнаўшы каня. З другога боку таксама і Нічыпар распытваў жанок, ці не бачылі яго шапкі.

– А якая ж твая шапка – старая? – спытала адна.

Нічыпар паглядзеў на кабету – жартуе яна ці не – і гаворыць:

– Равесніца тваёй хустцы.

Жанчына ўгневалася.

– Няхай сабе і равесніца, але мая – на галаве, а тваё заткала на шляху валяецца, і ніхто не хоча браць такую брыду.

– Брыда, хай брыда, а знойдзецца – не бяда, – весела залаташыў Нічыпар.

– Хто пытае, той не блудзіць, – сказаў Мікалай, здалёк угледзеўшы капялюш.

– Тпрру!

– Язык век па балоце скача і не гразне дый яшчэ і ў Кіеў у карчму завядзе, – гукнуў і Нічыпар, таксама ўбачыўшы капялюш.

І Мікалай і Нічыпар пазлазілі з вазоў і разам працяглі рукі да капелюша.

– Не руш: гэта мая! – асекся Мікалай і тузнуў капялюш.

– Як-то твая? – спытаў Нічыпар.

– А так мая: пʼяны быў і згубіў, вярнуўся і знайшоў.

– А я цвярозы быў і згубіў, дык, значыцца, мая! – упёрся Нічыпар.

– Ну, пусці! – рвануў дужэй Мікалай.

– Фіў! – свіснуў Нічыпар, моцна трымаючы капялюш.

– Не тузай, парвеш! – злаваў Мікалай.

– Не рві, патузаеш! – перадражніў Нічыпар.

– Ось як тузану, то ты і ногі задзярэш! – зусім узлаваўся Мікалай і штурхануў Нічыпара плечуком. Нічыпар – Мікалая. І два гаспадары пачалі валтузіцца па полі, не пускаючы з рук капелюша. Патаміліся абодва, як пеўні. Ні той, ні другі не аднімаў ад капелюша рук. Маўчалі і толькі цяжка саплі, як кавалёвы мяхі.

– Што будзе? – спытаў Мікалай.

– Нічога не будзе; адпачнём ды зноў будзем баранаваць, – адказаў Нічыпар. – Я чалавек такі: біцца не хачу, судзіцца не люблю, і я, апроч таго, чалавек бывалы: быў у кузні і ў млыне. І тут – гу! гу! і там — гу! гу! – і нічога разабраць не магу, – і пайшоў і пайшоў барабаніць Нічыпар.

Мікалай перш слухаў, а потым стаў углядацца на тое, што яны трымалі.

– Ты што згубіў: шапку ці капялюш?

– Шапку, – адказаў Нічыпар.

– І я шапку. А гэта, брат, прыгледзься: зусім не шапка, а дрэнь. І ты дурань, і я дурань.

– Ці ж?

– На, бяры! – пусціў Мікалай капялюш.

Павярцеўшы ў руках, Нічыпар шпурнуў яго аб зямлю і зірнуў на Мікалая. Колькі моманту яны не спускалі адзін з другога вачэй.

– Цьфу!

– Цьфу!

– Нічыпар?

– Мікалай?

– Бадай ты запаветрылася, – сказаў Мікалай, – хоць бы ніхто не бачыў! І што мы скажам ім, жанкам? Заядуць!

– Ось паедзем у Паперню, аднак блізка, і надумаемся там, што казаць. Не выпіўшы, не патрапіш!

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5