epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зорка

Свеціць мне зорка з бяздонных глыбінь,

Вечнае неба таемна-прыгожа.

Ёсць нейкая сувязь, няспынная плынь,

Толькі ім назвы, імя не знаходжу.

 

Ласкава кажа мне зорка: спачынь!

Ах, мой вандроўнік, суцішся, нябожа!

Носіш ты ў сэрцы жальбу далячынь,

Атам журботны ў святым падарожжы.

 

Светлая зорка! ты ярка гарыш,

Одум мой горкі ўзнясі ты на крыж,

Мне ж падары ты радасць спакою.

 

О, не: ты далёка, халодны твой жар.

Вечар мой нікне пад полагам хмар.

Арфа разбіта — чыею рукою?

 

21/VIII 1943


21.08.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945