epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Журба палёў

Адплывалі хмары-горы

Белымі клубкамі,

Нібы крыгі ледзяныя

З меднымі краямі.

 

Ападала іх заслона

Сумятлівай кучай,

Як бы сам Бог на іх дзьмухнуў

Сілаю палючай.

 

Ўвачавідкі, як сняжынкі,

Раставалі хмары.

Так на ўсходзе прападаюць

Ночы страхі, чары.

 

Рассцілалася шырока

Неба сінь-лазура,

Ды прырода пазірала

Хмура і панура.

 

Быццам думкай невясёлай,

Наміткай туману

Засцілаўся луг, і поле,

  Лес, гаі, курганы,

 

І глядзелі засмучона,

Як знікалі хмары

І як з імі прападалі

Іх надзеі-мары.

 

Пазіралі, гаравалі

Нівы, сенажаці...

Так гаруе хіба сэрца

Па сваёй утраце.

 

14/V 1910


14.05.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910