epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Жыві, народ!

Пад гоман бур пылаў наш сцяг змагання,

Пранесены з баямі ў нашы дні.

Мінула ноч. Іскрыстае світанне

Запальвае нам ясныя агні.

 

Жыві, народ свабоднае краіны!

Квітней ты, беларуская зямля!

Нам Леніным паказаны пуціны

І зорамі асветлены Крамля.

 

Прасторан шлях палётам быстракрылым,

        Імкліў, як гром, разбег наш малады.

На грозны час навалы ўражай сілы

Гартуем мы сталёвыя рады.

 

Рука ў руку з магутнымі братамі

Мы ў бой ідзём і ў бедах не адны:

Братэрства шчыт узносіцца над намі

І сталінскаю дружбай мы сільны!

 

Жыві, народ свабоднае краіны!

Квітней ты, беларуская зямля!

Нам Леніным паказаны пуціны

        І зорамі асветлены Крамля.

 

2/ІІІ 1944


02.03.1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945