epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Баршчэўскі

Зарослае возера

Балада з народных паданняў

 

Поўняць на захад ад Неўля прастору

Вобразы дзікай прыроды:

Лесам, як ценем, укрытыя горы

І ў берагах цёмных воды.

 

Зелень травы скрозь ды чырвань тут моху

Роўна даліну заслалі;

Ёсць пасяродку яе вады троху,

Што як люстэрка з аддалі.

 

Возерам колісь была роўнядзь тая,

Лодкі рыбацкія мела;

Ветрам узнятая хваля крутая

Ля берагоў тых шумела.

 

Час (ён спаўняе заўжды прызначэнне)

Хвалі пазбавіў свабоды;

Зверху раскінуў з траў дзікіх скляпенне,

Сціснуўшы возера воды.

 

Возера-вязня схавала цямніца,

Толькі ў малое вакенца

Месяца твар час ад часу глядзіцца,

Промень ад зоркі праб'ецца.

 

Ціша магільная там ужо будзе,

Толькі ў вячэрнім тумане

Чутны крык качак, пра возера ж людзі

Гэткае помняць паданне:

 

Снег ішоў, зорка згасала пры зорцы,

Вецер і цемра густая,

Возера ўнізе, вёска на горцы,

Люд у карчме ўжо гуляе.

 

Шум за сталом, кожны куфаль трымае,

Хто каго хоча частуе;

Тут у дуду дзьме музыка, іграе,

Моладзь ахвотна танцуе.

 

Дзед, які з палкаю ледзь ставіў крокі,

Быццам набыў спрыт юначы,

Сціснуў дзяўчыну, пасля рукі ў бокі

І казака ў гурце скача.

 

Смех у натоўпе і плясканне ў ладкі,

Весела ўсюды народу;

Раптам рыбак, снег атросшы з апраткі,

Стаў і гаворыць ля ўходу:

 

«Брацця, спачніце ад скокаў хвіль колькі,

Рыбы на ловах замнога,

Скача з-пад лёду, і ў невадзе столькі,

Што трэба будзе падмога».

 

Тут як зароў хтось: «Ой, страта якая!» -

Потым на печы заахаў;

Раптам пачвара на двор вылятае,

Людзям падкінуўшы страхаў.

 

Кожны на дзверы глядзіць у спалоху,

Танцаў аціхла стыхія,

Хрысцяцца разам адныя патроху,

Пацеры шэпчуць другія.

 

Люд уцякае, ў карчме парадзела,

Больш тут не цешыць нічога;

Толькі стуль моладзь спяшаецца смела

Да рыбакоў на падмогу.

 

Вось цягнуць невад, з вады ўжо дасталі,

Разгортваюць невад шырока;

З дзіркаю быў ён: як быццам парвалі,

Рыбы ж нідзе ані вока.

 

Гэта жарт чортаў, і думка ўзнікае:

Як толькі ранак засвеціць,

Возера ксёндз, можа, хай пасвянцае,

Потым закінуць зноў сеці.

 

Злы дух падслухаў нараду й размовы,

Што будуць клікаць плябана,

Выдумаў жарт яшчэ гэтакі новы,

Што толькі ў духу шайтана.

 

Цёмная ноч апусцілася нізка,

Зоркі знікаюць у хвалі;

Дом на гары каля возера блізка,

Шчэ ў ім агні не стухалі.

 

Моўчкі сядзіць там рыбак ва ўтрапенні,

Жонка і дзеці ўжо спалі;

Думку спыніў ён на дзіўным здарэнні,

Стратах, што іх напаткалі.

 

Бура бушуе, лес крышыць уночы,

Віхры нясуцца па свеце;

Вые сабака, ў ката гараць вочы,

Як ліхтары ў цемры свецяць.

 

Дух недалёка - рыбак знервавана

Пот на ілбе выцірае;

Жонку хацеў разбудзіць нечакана -

Хтосьці ў акно зазірае:

 

«З просьбай, сусед, да цябе я прыходжу,

Дай мне вазок дзяцей везці;

Хутка вярну, за дабро ўзнагароджу,

Як толькі ранак засвеціць».

 

«Цёмна, і вецер, бы мора, іграе,

Што ж, як патрэба такая!» -

«Бура нічога, ды час не трывае,

Мэта мяне падганяе».

 

Глянуў рыбак, насцярожыў ён вуха,

З віхрам сусед нестрыманы

Хутка прапаў, і адна завіруха

Снежныя ўзносіць туманы.

 

Бура аціхла, замоўклі віхуры,

Ветры кудысь пазнікалі,

Вынырнуў месячык ясны з-за хмуры,

Зоркі на небе заззялі.

 

Думку рыбак не адводзіць ад дзіва,

Ды ўжо агонь дагарае;

Спаць ён улёгся, і зноўку пудліва

Думка снавалася тая.

 

Хатнія ўсталі, агонь ужо свеціць,

Працу сабе ўсе займелі;

Хто ўе вяроўкі, а хто пляце сеці,

Ўстаў і рыбак тут з пасцелі.

 

Ранак на ўсходзе гарэць пачынае,

Іней апаў на бор сонны;

Просьбу суседа рыбак узнаўляе,

Згадвае клопат ягоны.

 

З хаты выходзіць, і здзіў нечуваны

Зноў яго стрэў ля дварышча;

Бачыць вазок свой, ён лёдам скаваны,

А на вазку - шчупачышча.

 

Жонка і хатнія выйшлі ўжо з дому,

Што тут, ніхто з іх не знае,

Ён жа нічога не кажа нікому,

Быццам штось мысляй чытае.

 

І заспяшаўся на возера, сцяты,

Сець там была ўжо гатова;

Між рыбакамі пра дух той пракляты

Ціха вялася размова.

 

Зблізку й здалёку збягаюцца людзі,

Той тому кажа, што знае,

Кожны цікавіцца, што гэта будзе,

Ксёндз на санях пад'язджае.

 

Богу старанна пачаўшы маліцца,

Службу святую там справіў;

Высвянціў невад і тую вадзіцу,

Працу на добрасць уславіў.

 

Кожны, свае далучаючы сілы,

Разам працуе з народам;

Невад, свае распраўляючы крылы,

Пространь займае пад лёдам.

 

Сетка па лёдзе ужо слізгацела,

Воды бурлілі глыбока,

Невад дасталі, і ў невадзе цэлым

Рыбы не бачаць ні вока.

 

Сталі над сеткаю ўсе ў задуменні:

Нечага тут перайначыць;

Хтосьці азваўся ў людскім зграмаджэнні:

«Вам я скажу, што ўсё значыць.

 

Сёння, на сходзе ўжо ночы глухое,

Рыбу здабыўшы з-пад лёду,

Чорт перавёз яе ў месца другое -

Вось яго доказ народу».

 

Кажа ён, як чорт вазка расстараўся,

З віхрам ляцеў, з непагодай,

Як да яго праз вакно ён звяртаўся,

Сані вярнуў з нагародай.

 

Слухалі людзі аповед жахлівы,

Сцятыя цяжкай жальбою,

І разышліся па хатах маўкліва,

Невад забраўшы з сабою.

 

Тая мясціна нібы ўчаравана,

Кожны яе абмінае;

Тая вада, што даўно нечапана,

Мохам, травой зарастае.

 

Выкляты дух, дзе ні ступіш у дзеі,

Там адны беды, руіны;

Дзе былі замкі, там водзяцца змеі,

Там апусцелі краіны.

 

[1842]

 

 

Каментары

 

Упершыню на польскай мове ў альманаху «Niezabudka» (T.IV. 1843).


1842

Пераклад: Уладзімір Мархель
Тэкст падаецца паводле выдання: Ян Баршчэўскі. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1998.