epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Ачко

Мяне ніколі не цягнула да гульні ў карты. Я не навучыўся гуляць ні ў шубу, ні ў дурня, ні ў шэсцьдзесят шэсць, у такія даўнія і папулярныя ў свой час гульні. Спрабавалі вучыць мяне і ў праферанс, і ў вінт, у гульні, як кажуць, арыстакратычныя, спакусіць да якіх могуць адны найменні, такія, як анёры, віст, вялікі і малы шлемы. Не прысталі да мяне і самыя, відаць, свежыя, адпачывальна-курортныя — дзевятка, тысяча, кінг.

Але аднаго разу здарылася-такі са мною дзіва, недзе ў маладыя мае гады.

Зайшоў я, памятаю, да Міхася Блісцінава. Па цяперашняй геаграфіі ён жыў на скрыжаванні вуліц Даўгабродскай, Змітрака Бядулі і нейкага вузкага, павілястага завулка, ад якога не асталося і следу. Пакойчык на антрэсолях, у які трэба было падымацца па вінтавых драўляных рыпучых усходках, заўсёды змрачнаватых, але нейкіх утульных і цёплых. Блісцінаў жыў адзінока, аднак жа грунтоўна: ці то яго, ці гаспадарская, але добрая мэбля, у кутку, трошкі ў ценю ад акна, пісьмовы столік, на ім распачатыя пісаннем лісты паперы, разгорнутыя часопісы з драматургічнымі тэкстамі.

З Блісцінавым мы рабілі ў «Літаратуры і мастацтве», жылі ў добрым сяброўстве, мне падабалася яго ўдумлівая непаспешлівасць, нават тады, калі, здавалася, трэба конча спяшацца.

Трохі пасядзеўшы і пачаўшы нудзіцца, надумалі мы праведаць Барыса Мікуліча. Ён жыў непадалёку, недзе ў раёне цяперашняга бульвара Луначарскага, што, спадаючы каскадамі з гары, прытыкае да філармоніі. Дамок драўляны, вуліца ціхая, пясчаная, проці нечага дворышча ляжыць вялізны гладкі валун, паўз тратуар прадзіраецца мурава.

Барыс, рухавы, светлы, стройны, пышнавалосы, сустрэў нас зычліва-радасным узмахам рук. Аднак жа ні чаем, ні напоямі тады не заведзена было займацца, калі гэта рабілася, то па нейкім намысленым выпадку. Барыс быў вельмі ахвочы да чытання свежа напісаных старонак, чытаў ён напеўна, артыстычна, як узнёслыя вершы, не шкадуючы ні мадуляцыяў, ні парывістых жэстаў. На першы раз гэта трохі дзівіла, выглядала як бы ненатуральна, але пасля здавалася, што іменна гэтак і трэба чытаць. Толькі на гэты раз нічога свежа напісанага не было, мы і тут пачалі нудзіцца і, мабыць, хутка разбегліся б, каб не прайшоў міма акна Сашка Шарапаў. Ён таксама быў высокі, прыгожы, стройны, ды маладосць жа ўсім не шкадуе свае маладое пекнаты. І нехта здагадаўся даць спосаб, каб час пайшоў весялей:

— Давайце ў карты згуляем.

— У што?

— У ачко, ведама.

— І ведама, у грошы.

Я быў — пас. Як кажуць, гэта быў не мой чамаданчык. Прымітыўна я ведаў, што выйгравае той, у каго больш ачкоў — да дваццаці аднаго. А звыш гэтага ўжо пройгрыш, перабор. А асноўнае, што ў кішэні ў мяне было толькі сорак тры капейкі драбязы.

— А мы табе пазычым,— сказаў Блісцінаў.

— Ну пэўна ж. Колькі табе даць: тры рублі хопіць? — папытаўся Мікуліч.

Пачалі мы гуляць гадзін у восем вечара. Перш я пусціў у работу тыя свае сорак тры капейкі, высыпаўшы іх на стол. Пазычаныя палажыў у кішэню. Было мне ў навіну абвяшчаць банк, рабіць нейкі стук, у якім не разбіраюся і да сённяшняга дня. Было ў навіну тасаваць карты, раздаваць іх, падрэзваць, пытацца ў партнёра — яшчэ ці хопіць, трывожна набіраць сабе. І хвалявацца гэтай спакуслівай невядомасцю: што ж выпадзе?

Пачалі мы з капеек, дайшлі да рублёў, і ўжо цяжка было стрымаць ажыятаж. Я не мог растлумачыць, што са мною робіцца. Я ішоў на капейкі, калі па карце можна было гуляць на банк, як гэта падказваў мне той, што ўжо адгуляў і меў права глядзець у чужыя карты — і прагульваў. Біў па банку, калі паводле тых жа памагатых была самая ненадзейная карта і гэта падобна было на самагубства — і выгульваў. Я даўно аддаў доўг, каля мяне таўсцела і таўсцела куча і мятых і храбусткіх паперак, і я час ад часу клаў іх у кішэню.

Тры разы мы рабілі перапынак, перакурвалі, выходзілі на двор падыхаць свежым паветрам, а за гэты час Блісцінаў бегаў на свае антрэсолі па новыя грошы. Ён прагуляў больш за ўсіх, і мне было няёмка, бо адчуваў сябе вінаватым — іменна ў мяне быў выйгрыш.

А сёмай гадзіне раніцы я ішоў дадому. На вуліцы клаўся шэры ранак. Я выйшаў на Камароўку, павярнуў на цяперашні праспект. Нідзе ні аднаго чалавека, кожны крок чуцён бог ведае як далёка. Усе мае кішэні былі панабіваны грашыма — у пінжаку, зверху і спадыспаду, у штанах, у камізэльцы,— я не ведаў, колькі іх, мне яны здаваліся чужымі,— і разумеў, што, нягледзячы на ўдачу, больш ніколі не сяду за гэтакую гульню. Было ў тых грашах нешта нядобрае, нячэснае, і мне падумалася, што калі б вось у такой ранішняй гулкай бязлюднай цішыні нехта захацеў абрабаваць мяне, то ў гэтым не было б ніякай несправядлівасці.

1976


1976