epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Аповесць пра мужных людзей

Крадучыся, самымі глухімі мясцінамі і толькі ўночы — да ўсходу сонца — трэба прайсці як мага больш. І кіравацца толькі туды — на ўсход сонца,— каб выбрацца з варожага тылу, нагнаць фронт і злучыцца з сваёй арміяй. Гэта адзіная мэта, дзеля якой трэба жыць, трэба выжыць, змагацца, нягледзячы ні на якую небяспеку... Мабыць, уважаючы на гэтыя два матывы, і назваў Аляксей Кулакоўскі сваю аповесць «Да ўсходу сонца».

Той дзень быў такі ж звычайны, як і ўсе дні. Людзі займаліся сваімі справамі, Святлана зайшла да бацькі ў штаб, каб прабавіць час сярод сяброў ці хоць паласаваць цукеркаю Бандарэнкавага каня Лютага. Бацька быў вельмі заняты, ён нешта дыктаваў машыністцы і сказаў пачакаць. Святлана зайшла ў бацькаў кабінет ды так, чакаючы, і задрамала.

Прачнулася ад грукату, грому, агняных выбліскаў. Апамяталася толькі тады, калі зразумела, што некуды едзе. У машыне было поўна людзей, салдат, параненых, і тут жа была Зіна. Усё гэта ўспрымалася як сон, як нешта вельмі бязладнае. Цвярозасць прыйшла толькі тады, калі Святлана раптам пачула песню жаўранка, убачыла неба, сонца, а збоку перакулены дагары коламі перадок «газіка». І стагналі людзі.

Так пачалася для Святланы вайна. Група салдат і Святлана з Зінай апынуліся ў тыле ў ворага. Усе салдаты былі паранены. Трэба было конча схавацца. На першы час іх прыкрыла высокае жыта. Але ж гэта ненадзейна — вельмі блізка ад дарогі сховань. Начамі, памаленьку, паціху, пераносячы скалечаных на руках, перабраліся ў лясок. Ісці далей нельга і думаць: трэба перш падлячыць раненых. Маленькі лясны атрад нагадваў больш лясны шпіталь.

Ні яды, ні медыкаментаў. Толькі двое здаровых у атрадзе: Святлана і Зіна. Святлана — яшчэ падлетак, якому жыццё — толькі гульня. Зіна міжволі робіцца і гаспадыняй над гэтымі людзьмі, і іх лекарам, і дарадчыкам, і разведчыкам. Святлана ва ўсім стараецца памагчы. Яны ўдзвюх перавязваюць хворых, даглядаюць іх, ходзяць па вёсках, каб сабраць дзе хлеба, дзе круп, дзе малака, дзе медыкаментаў. Ім зручна выдаваць сябе за бежанцаў. Усё гэта трэба рабіць тайком, асцярожна, каб не папасці немцам у рукі. А ў лесе ў лагеры адны ачуньваюць, над другімі паяўляюцца невялікія свежыя курганкі з зямлі.

Тыя, хто астаўся жывы, ідуць на ўсход... Разведку робяць удзень Зіна са Святланай, а ноччу ідуць яны разам з байцамі. Так у паходзе мінаюць тыдні, месяцы, а трэба спяшацца, пакуль сама прырода можа даць свой зялёны прытулак.

І ўсё ж не мінула іх небяспека. Аднойчы пры такіх выведах Святлану з Зінай загіба*ў у свае лапы здраднік-хутаранец.

«— Калі праўду сказаць, то ніякія вашы анучы мне не трэба, сваіх жонка натчэ,— сказаў ён Зіне, завёўшы да сябе ў хату нібы дзеля таго, каб памяняць харчы на адзенне.— Мне трэба ведаць, адкуль вы прыйшлі і хто вас сюды паслаў».

Гаспадар звязаў Зіну лейцамі. Упершыню ў жыцці Святлане трэба было рашыць задачу самой, яна выскачыла ў выбітае акно...

І калі пераходзілі фронт пад нямецкімі ракетамі і трасірамі,— гэта былі ўжо апошнія сілы. Трэба было перапаўзці яшчэ крок, перабегчы лагчыну, і там... «павінны паказацца свае пазіцыі».

Тэма, узятая Кулакоўскім, не новая, і яна магла гучаць як нешта вельмі знаёмае. А між тым аповесць нічога не паўтарае, бо, аказваецца, справа не ў тэме, а ў спосабе яе вырашэння. Знаёмым астаецца толькі адно гучанне: вайна і патрыятычнае змаганне савецкага чалавека за сваю Радзіму. Гэта тэма невымерная. У ёй намаганні і лёс людзей, як адзінак, так і цэлых народаў. У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог, і бляск подзвігу, і пакуты сумняванняў. І калі такую бясконцую гаму чалавечых адчуванняў і ўчынкаў глыбока і тонка прасачыць, то тэма не страціць ні свежасці, ні цікавасці. Мабыць, і аповесць Аляксея Кулакоўскага чытаецца з вялікім напружаннем ад пачатку да канца таму, што галоўным аб'ектам яго ўвагі з'яўляецца раскрыванне чалавечых характараў. Гэтай задачы падпарадкаваны ўсе кампаненты літаратурнай тканіны.

Кампазіцыя твора да гранічнасці простая: узяты пэўны адрэзак часу, і на яго працягу паслядоўна разгорнуты падзеі. Гэта абумовіла і манеру апавядання: спакойную, строгую, паступовую. Можа, яна якраз і патрэбна была, каб паказаць мужнасць людзей, іх мэтанакіраванасць, упэўненасць, любоў да Радзімы, згуртованасць між сабою; вырысаваць кожнаму свой характар, даць кожнаму свой жэст.

У аповесці, невялікай памерам, невялікай па часе і ліку ўдзельнікаў, Аляксей Кулакоўскі вельмі грунтоўна, псіхалагічна тонка і глыбока паказвае гэты патрыятычны паход. Перад чытачом развіваюцца ўсё новыя падзеі і акалічнасці. Паступова з выпадковай групкі людзей вырастае як бы атрад, акрэсліваюцца ўсё больш і больш адносіны, вырысоўваюцца характары. З простай непрыметнай машыністкі штаба Зіна выростае ў чалавека, які вельмі патрэбны, нават неабходны сярод гэтых пакалечаных воінаў. Падлетак Святлана робіцца найпершым Зініным памочнікам у яе небяспечнай справе — у разведцы. Калі Зіну звязаў здраднік-хутаранец, Святлана робіць ужо так, як гэта робіць сапраўдны патрыёт: не толькі адважваецца ўцячы, а не адступаецца ад барацьбы аж да таго, пакуль не знаходзіць Зіны. Яна ўжо член баявога калектыву, які не можа пакінуць таварыша ў бядзе нават тады, калі самому пагражае смерць.

Спосаб паказу Кулакоўскім калектыву таксама глыбока рэалістычны. Мы знаёмімся з людзьмі не адразу, а паступова, па меры развіцця іх характараў. Спачатку мы бачым першыя вонкавыя адзнакі іх: сляпы кавалерыст, чубаты шафёр, аднарукі з двума трыкутнікамі камандзір аддзялення. Але час за часам падзеі раскрываюць перад намі і ўнутраны свет гэтых людзей. Зусім бездапаможны сляпы кавалерыст называецца Грыцком; як толькі яго вочы паправіліся, ён адразу ж бярэ на сябе першую ініцыятыву і такім чынам як бы абуджвае ад сну ўвесь атрад. Прамяністая, нястомная энергія яго ідзе ўвесь час: у самыя цяжкія хвіліны ён умее нешта вельмі патрэбнае сказаць ці зрабіць той першы крок, ад якога залежыць кірунак дзейнасці. Аднак Машкін, як старэйшы па званню, становіцца камандзірам. Камандзірам яму быць цяжка, два трыкутнікі не далі яму яшчэ вялікіх навыкаў, і ён толькі цяпер самастойна набывае гэтую жыццёвую мудрасць, прыглядаючыся да другіх. Ён навучаецца ад усіх: і ад Грыцка — рашучага, смелага, практыкоўнага і энергічнага, і ад Зіны са Святланай — клапатлівых, гаспадарлівых, чулых сэрцам і мужных у гэтай чуласці, і ад маўклівага салдата Міхала, пад маўклівасцю якога хаваецца бездань найтанчэйшых пачуццяў, простых, чалавечых, якія не могуць паблекнуць нават тады, калі на кожным кроку падсцерагае смерць. Гэта ён захацеў аддаць Зіне шарсцяную вязанку, якую прыдбаў, каб занесці роднай мацеры, збіраючыся незадоўга перад гэтым паехаць да яе на пабыўку. Хаваючыся тае першае ночы ў жыце, хворы, паранены, ён бачыў, што зморанай, знясіленай Зіне стала холадна, і цяпло, якое зберагаў для мацеры, ён захацеў перадаць гэтай харошай жанчыне. І гэта ён, пасля ўжо, праз доўгі час, калі атрад набліжаўся да мэты, праходзячы зусім недалёка ад роднага сяла, знайшоў сілы нават не сказаць камандзіру атрада, што ён вельмі б хацеў хоць на адну хвіліначку адлучыцца і глянуць на маці. Можа, гэта будзе іх апошняе пабачанне, можа, маці больш нават не пачуе пра яго. Толькі Зіне ён адкрыўся ў гэтым сваім пачуцці, забараніўшы, аднак, каб і яна не сказала камандзіру. Бо барані божа — барані божа! — каб хто мог хоць на хвілінку падумаць, што ён хоча пакарыстацца гэтым, каб тут цішком і астацца, пакінуўшы таварышаў. Не, нельга, каб у таварышаў у такі адказны і цяжкі час узнікла хоць найменшая падазронасць, каб пахіснулася іх упэўненасць, сіла і вера. І Міхал праходзіць міма свае вёскі, толькі прыслухоўваючыся да брэху сабак, да рыпення калодзежнага пругла, сілячыся хоць у гэтых гуках пазнаць брэх, можа, свайго сабакі, рыпенне, можа, свайго пругла.

Ідзе даволі вялікі атрад. Калі б даць характар і партрэт кожнага, гэта раздрабніла б уяўленне, людзі згубілі б сваё аблічча, кожны страціў бы сваю характэрнасць. Так, як гэта бывае звычайна ў жыцці, сярод пэўнай групы людзей мы заўважаем толькі тых, хто, як кажуць, знаходзіцца на першым плане. У атрадзе мы адчуваем і ўвесь час знаходзімся разам з Грыцком, з Машкіным, з Зінай і Святланай, з Міхалам. Частка людзей служыць толькі фонам, на якім рысуюцца партрэты першага плана. І ўсё ж можна назваць творчым сакрэтам Кулакоўскага тое, што нават і тых людзей, якіх ён не рысуе, мы адчуваем. Ці то мы іх адчуваем праз клопаты Зіны і Святланы, ці то праз тое, што яны стогнуць або цярпліва маўчаць у сваім шпіталі, ці то праз курганкі лясных магілак, якія пакідаюць байцы, адпраўляючыся далей у свой цяжкі паход. Нягледзячы на тое, што Аляксей Кулакоўскі даў нам толькі некалькі партрэтаў, мы вельмі выразна адчуваем і тых, што складаюць увесь атрад, людзей непахісных, гордых, якія ўмеюць не толькі мужна змагацца, а і мужна паміраць.

Тут, дарэчы, я не магу пагадзіцца з Нічыпарам Пашкевічам, які папракае Кулакоўскага за два грахі. Па-першае, за тое, што аўтар нібы не падрыхтаваў Міхала, каб ён мог зрабіць такі мужна-сціплы ўчынак — не заглянуць па дарозе да мацеры; па-другое, што не выпісаны партрэты і характары ўсіх удзельнікаў атрада.

Большай падрыхтоўкі для Міхала, як яна там ёсць, бадай што, і не трэба, бо яго ўчынкі і паводзіны выглядаюць вельмі натуральна, яны выцякаюць з усіх акалічнасцей развіцця аповесці, з мэтанакіраванасці атрада і з асабістых якасцей Міхала: пачуцця таварыскасці, абавязку і адданасці справе. Гэтае высокае пачуццё мы якраз і бачылі ў ім раней, калі ён спагадліва збіраўся аддаць Зіне шарсцяную вязанку. Міхалавы ўчынкі вельмі арганічны з яго характарам.

Што ж да партрэтаў удзельнікаў усяго атрада, то якраз наадварот: калі б яны былі выпісаны так, як героі першага плана, то гэтым парушыліся б законы перспектывы, адчуванне першага і другараднага. Іменна пачуццё меры і мастацкай праўды прымусіла Кулакоўскага партрэтную частку напісаць у адпаведнасці з уласцівасцю нашага ўспрымання рэчаіснасці. Дый сам Пашкевіч кажа пра другарадных: «Мы іх добра адчуваем і разумеем, але бачым не так выразна, як хацелася б». Калі мы іх адчуваем і разумеем, то гэтага ўжо хопіць, а для таго каб іх убачыць, «як хацелася б», то трэба вывесці іх на першы план, і яны перастануць быць другараднымі.

Вось як Зіна вучыцца сціплай чалавечай гордасці, пра якую гаварылася раней. Калі вярнуўся Грыцко ў атрад, дзе пачыналі ўжо думаць, што ён пакарыстаўся спадарожнай машынай, каб выратаваць сваю шкуру, уцячы, і калі ўсё ж ноччу, прабіраючыся праз нямецкае акружэнне, вярнуўся Грыцко ў атрад — ён прынёс з сабою веру, вярнуў упэўненасць духу, усяліў бадзёрасць ва ўсіх. Ён нават і звярнуўся да ўсіх з бадзёрым жартам, ледзь паказаўшыся з цемры:

«— Ні д’ябла не бачу вас тут. Пахаваліся, начлежнікі бісавы».

Але калі спатрэбілася яму зрабіць новую павязку, якую ён сарваў па дарозе, «каб лоб Гітлеру не паказваць у цемнаце», і калі Зіна ўзяла з свайго невялічкага запасу чысты бінт і стала перавязваць Грыцка, заўважыла, што твар у яго вельмі змрочны і разгублены. «Чаму ж у голасе гэтага не чуваць? — міжвольна падумала яна.— Не хоча расхрыстваць свае душы перад хворымі людзьмі? Можа, гэта і правільна. Так, мабыць, трэба рабіць моцнаму чалавеку»,— падумала сама сабе Зіна, запамінаючы гэты глыбока мужны жэст.

Праўдзівасць, блізкасць, адчувальнасць усяго таго, што падае Аляксей Кулакоўскі, да таго выразная, што іменна варта гаварыць пра спосабы, дзякуючы якім дамагаецца гэтая адчувальнасць.

Успрымальнасць ідзе, вядома, ад прастаты апавядальнасці і кампазіцыі. І, мабыць, трэба шукаць сакрэту ў элементах тонкага псіхалагічнага рысунку, наглядальнасці, удумлівага адбору чалавечых жэстаў, дэталі і глыбока культурнай, простай народнай фразы.

Тканіна аповесці вельмі прадумана і іменна ў тым кірунку, каб у ёй не было нічога лішняга. Яна вельмі сканцэнтраваная, у плынь апавядальнасці ўзята толькі тое, што вельмі неабходна. Адзінае адхіленне ад плыні апавядальнасці дапушчана толькі тады, калі Зіна, у тую першую ноч, Міхалавым нажом пачала рэзаць жыта, каб падаслаць яго пад галовы раненым. Шоргат нажа па сырых сцяблінах нагадаў ёй дзяцінства, жніво, бацькава парабкоўства пры панскай Польшчы, нястачу, бацькаў арышт і смерць яго. Гэтае адхіленне вельмі адчуваецца ў аповесці, бо яно адзінае, але яно з’яўляецца як бы неабходным, бо пасля яго становіцца ясна, што Зіна нездарма так любіць і жыццё, і гэтых усіх пакалечаных людзей, і клапоціцца аб іх, і пойдзе з імі аж да апошняга рубяжа. Гэтым становіцца ясна, што зямлі, што палёў, што вось гэтага жыта, палітага потам яе дзяцінства, яна не можа аддаць ворагу.

Прадуманасць відна ў кожным рысунку. Вось, напрыклад, момант пачатку вайны. Каб зрабіць яго больш праўдзіва адчувальным, унесці элемент іменна таго бязладдзя, якое ўласціва ўспрыманню нечаканага і раптоўнага, ён пададзен праз успрыманне Святланы, падлетка, далёкага ад разумення законаў вайны. У групе многа ваенных людзей, але Кулакоўскі не захацеў гэтага ўспрымання паказаць праз іх, бо тады ўсё выйшла б вельмі строга і ясна. А Святлана ўбачыла іначай. «Бацька аб нечым моцна крычаў па тэлефоне, машыністка хапала нейкія паперы, перакуліла столік з машынкаю. На двары нешта страшэнна грымела, ляскала, у вокны бліскаў агонь».

Нарэшце, апамятаўшыся, «дзяўчына адчула, што яна некуды едзе, расплюшчыла на момант вочы і ўбачыла перад сабою шафёра з бледнай стрыжанай патыліцай, а поруч з ім — байца ў пілотцы, надзетай бліскучаю зоркаю назад».

І вось, таксама праз вочы Святланы, карціна таго, як машыну разбамбіла: «Святлана ўзнялася на локаць, аглянуўшы ўсё навакол сябе. Перад ёй ляжаў коламі ўверх перадок «газіка». У першы момант дзяўчынцы здалося, што гэтыя колы яшчэ круцяцца».

Карціна намалёвана гранічна ясна. А такія дэталі, як шафёр з бледнай стрыжанай патыліцай, баец у пілотцы, надзетай бліскучай зоркаю назад, колы, што, здаецца, яшчэ круцяцца,— не дадуць гэтай карціне патухнуць у вашым уяўленні.

Каб пабольшыць і замацаваць адчуванне, Аляксей Кулакоўскі часамі карыстаецца прыёмам уваскрашэння ў памяці забытай дэталі. Вось душэўны стан Святланы ад нечаканасці нападу: «Памятаецца дзяўчыне, што брала яна з сабою касынку, калі выбягала са штаба». Вось душэўны стан байцоў, калі Машкін, замест весткі, што вярнуўся Грыцко з машынаю, аб’яўляе: «Па-мойму, сябры, гэта немцы», то тут жа Кулакоўскі піша: «Многім успомнілася, што сапраўды з гадзіну таму назад быў нейкі злавесны перапынак на шашы».

Знойдзецца вельмі многа мясцін у аповесці Аляксея Кулакоўскага, якія проста дзівяць сілаю свае трапнасці і ўражлівасці.

Мова твора вельмі добрая. Толькі дзякуючы глыбокаму адчуванню слова, народнай, простай, насычанай фразе Кулакоўскі мог стварыць праўдзівы мастацкі твор. Тут няма штампаў, няма бліскучых слоўных вывертаў, штучнага «літаратурнага» хараства, а ёсць тое, без чаго няма сапраўднага хараства,— натуральнасць. У мове Кулакоўскі ідзе не ад літаратурнага пераймання, а ад падслухоўвання фразы ў народзе. Мабыць, таму ў аповесці так многа свежасці і каларыту: «у канаўцы дзяўчына падняла парыжэлы, выдзьмуты ветрам ліст», «калі Зініна старанне не прынясе дабра». А не шукаючы слова, можна было сказаць лёгкай, завучанай фразай: «выцвілы газетны ліст» або — калі старанне «не дасць карысці». І такога эмацыянальнага адчування ўжо не было б.

Варта сказаць і пра трагізм, які нам паказаў Кулакоўскі ў сям’і хутаранца. Здраднік звязаў Зіну і пабег на паліцаяў, бо за кожнага партызана паабяцана ўзнагарода, а яго жонка, простая беларуская жанчына, знайшла ў сабе адвагі пайсці насуперак гэтаму — яна развязала і выпусціла Зіну. Мабыць, і яна звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць...

І вось паход закончаны.

«Выходзілі з яра перад самым узыходам сонца, Міхал нёс на руках Зіну, а Грыцко Святлану. Дзяўчынка трымалася за Грыцковую шыю, а Зініна правая рука, працятая многімі кулямі, як і ўсё яе цела, бездапаможна звісала і амярцвела матлялася. За Міхалам і Грыцком ішоў Машкін і ўсе астатнія байцы. Яны ішлі шчыльна адзін каля аднаго, каб пры неабходнасці засланіць сваімі спінамі тых, што былі наперадзе. Яшчэ хвіліна, і павінен заззяць першы сонечны прамень, яшчэ хвіліна, і павінны паказацца свае пазіцыі».

Прачытаўшы аповесць, чуеш, як цяжка гэта, і горла душыць спазма, але гэта ўжо ад гордасці, ад шчасця.

1957


1957