epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Арганны дом на Залатой Горцы

Каторы ўжо раз пішацца ў газетах, што ў колішнім касцёле святога Роха неўзабаве загучаць новыя арганы. Пра гэта друкавалася нават у «Правде». І я бясконца радуюся і дзіўлюся, як энергічна ўзяліся мы за мінуўшчыну. Бо доўга, на жаль, не даходзілі да гэтага рукі, і сёе-тое, мабыць, загінула, моўчкі і навечна.

Цяпер жа пад рэстаўрацыю рыхтуецца Верхні горад, што прымыкае да плошчы Свабоды. Аберагаецца старая будоўля на вуліцах Астроўскага, Інтэрнацыянальнай. Поўнаю хадою ідуць аднаўленчыя работы на Старавіленскай вуліцы пад Траецкаю гарою. Там патрэбна рэканструкцыя, бо — шмат чаго састарэла дашчэнту, гэта адно, а другое, самае галоўнае,— што трэба расчысціць двары ад бязладнага цясноцца колішняй прыватнаўласніцкай, хціва-гандлярскай забудовы, калі кожная будыніна ставілася ўпрытык да другой, а да яе потым прымайстроўваліся ўсякія дабудоўкі, прыбудоўкі, надбудоўкі — свіронкі, каморкі, майстэрні,— кожным гаспадаром на свой лад. Лішноты гэтакія цяпер не далі б ні хараства воку, ні зручнасці сённяшняму руху. У гэтым мы адразу пераканаемся, калі зірнем на куточак горада, вернутага з мінуўшчыны: які ён прыбраны, па-чалавечы прыхарошаны, светлы і чысты. Ужо цяпер можна зайсці там у кнігарню «Вянок», каб набыць патрэбную ці рэдкую кнігу, у Старавіленскую карчму,— пасядзець і пакаштаваць якой нацыянальнай стравы.

А надалей жа ў адноўленых дамах паселіцца дух нашай гісторыі і росквіту сённяшняй культуры. Там будуць клубы, канцэртныя залы старадаўняй музыкі, майстэрні народнай творчасці, цэхі мастацкіх і сувенірных вырабаў. Ужо цяпер вядома, што там будзе музей Максіма Багдановіча. Туды з часам будуць хадзіць людзі, як на фэст, бо свята душы — гэта заўсёды прага творчасці, удасканалення чалавечай асобы, сцвярджэння ў сабе грамадзянскасці.

Я, мабыць, трохі адхіліўся ад свае гаворкі, бо пачаў жа з Арганнага дома. Як жа цяпер мы будзем зваць яго?

Колісь многія назвы прыдумляліся як бы самі сабою. Па нейкай можа нават малаважнай прычыне. Ці падказаў ландшафт, ці практыка побыту, а можа была якая эмацыянальная ўзрушанасць. І яны, тыя назвы, вякамі служаць чалавеку, паэтычна несучы ў сабе сутнасць часу. Гэтакім спосабам называліся, мабыць, перш урочышчы, а тады ад іх паселішчы і цэлыя гарады. Вось жа ў нас Красны Бераг, Слабада-Кучынка, Белая Лужа, Мар’іна Горка. Паселішчы разрасталіся, а найменні ўрочышчаў аставаліся ў іх за найменне асобных куткоў, як у нас Камароўка, Курасоўшчына, Зялёны Луг, Чыжоўка. Гэта вельмі добра і зручна. Калі называюць у нас мікрараён Захад, Паўднёвы Захад, Усход — гэтакія геаграфічныя арыенціры нашаму ўяўленню нічога не даюць, а калі сказаць Весялоўка, Сцяпянка, Кальварыя,— вы карцінна ўяўляеце мясцовасць. Старыя назвы варты вялікай пашаны і памяці. Не замацаваныя нашым побытам, яны, на жаль, тут жа забываюцца. Наўрад ці ведае хто з нашага маладога люду цяпер, дзе быў Доўгі Брод, Козырава, Пярэспа, Татарскія агароды.

У свой час вельмі папулярнай у мінчан была назва Залатая Горка. Але таксама мала хто з людзей маладога веку ведае, што гэта якраз і ёсць мясціна, дзе стаіць і касцёл святога Роха, і Палац мастацтваў. Гэта была ўжо ўскраіна Мінска, там было многа сонца, зялёнай цішыні, прастору.

Каб зберагчы і гэтую паэтычную назву і ўшанаваць гісторыю і добрыя людскія традыцыі, можа мы і пачалі б зваць гэты наш бялюткі, узнёслы, не адноўлены, а, па сутнасці. зусім новы дом, можа мы і пачалі б зваць яго таксама паэтычна — Арганны дом на Залатой Горцы.

1981


1981