epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Бацькі і дзеці

1
2
3
4


1

На зімовыя вакацыі школьнікам далі заданне на тэму: як удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі вашы бацькі.

Андрэйкавага бацькі не было дома. Яго чакалі з дня на дзень з камандзіроўкі, але, урэшце, атрымалі тэлеграму, што ў раёне ён астанецца яшчэ тыдняў на пару. Андрэйка быў не рад — ён баяўся, што бацька не вернецца да канца канікулаў і нічога не раскажа. А яму хацелася скарэй напісаць, і ён загадзя ўжо бачыў, як гэта будзе цікава.

Ён да таго захапіўся гэтаю тэмаю, што часта начамі не мог заснуць. Ён бачыў перад сабою вайну, салдат, гарматныя стрэлы, коннікаў з голымі шаблямі, і яны нясуцца з крыкам — у дыме, у страляніне,— праганяючы буржуяў. Усё гэта вельмі шпарка праносілася ў галаве, і ва ўсім гэтым мелькам паказваўся бацькаў твар. Бацька то нешта крычаў нема разяўленым ротам і махаў рукамі, то камандаваў, то нёсся наперадзе натоўпу, то абстрэльваў бронецягнік, то вёў палоннага генерала. Андрэйкава ўяўленне так разгаралася, што ў галаве пачынала шумець. Ён уяўляў, што ён ужо чытае гэта ў школе і ўсе школьнікі слухаюць, затаіўшы дыханне. Пасля яны ўзрушана глядзяць на яго. «От які адважны бацька ў Андрэйкі»,— перашэптваюцца яны. Андрэйка рад. Яму хочацца з усімі гаварыць і яшчэ больш расказваць.

 

2

Неўзабаве трэба было ісці ў школу, а бацька не прыязджаў. Андрэйка папрасіў, каб яму пра ўсё расказала мама. Мама расказала, таксама ўпамінаючы гарматы і неймаверныя страхі. Яна гаварыла пра Калчака, Балаховіча, пра бандытаў і белапалякаў. Як ездзілі ў цяплушках і як не было чаго есці. Андрэйка слухаў, затаіўшы дух, але з маміных апавяданняў ён мала разумеў, дзе ж тут што рабіў бацька.

— І татка ўсюды там быў? — запытаўся ён.

— Ну, а як жа. Твайму татку цяжка было, яго раз траха не застрэлілі.

— Мамка, а ён быў паранены? — прагавіта пытаўся Андрэйка.

— Не, яму пашанцавала.

— А я сніў, як ён быў на вайне. У яго стралялі, а ён бег наперадзе ўсіх, і таксама страляў, і ўзяў у палон генерала, і ён быў герой.

— Ну але. Ты так і напішы.

— А гэта будзе праўда?

— А чаму ж няпраўда. Усяго яму давялося пабачыць на вайне.

 

3

Пасля канікулаў Андрэйка ішоў у школу. Па дарозе яму сустрэлася Надзька, сяброўка яго па парце. Яны з ахвотаю разгаварыліся. Андрэйка пахваліўся сваім творам.

— А гэта няпраўда,— выслухаўшы, сказала Надзька.

— Што няпраўда?

— Што ты гэтак напісаў пра свайго бацьку. Ён такі не быў.

— Яшчэ што выдумай. Мне мамка расказала.

— Твая мамка схлусіла.

— Як?

— А так. І не герой ён быў, а дэзерцір.

— Як? — перапытаў ужо здзіўлена Андрэйка.

Надзька расказала ўсё, што ведала. Бацька не быў рэвалюцыянерам. Ён хаваўся ад бальшавікоў, уцякаў з балахоўцамі і толькі пасля ўжо цішком вярнуўся і пачаў памаленьку абвыкацца.

— Ты хлусіш! — з абурэннем ускрыкнуў Андрэйка.

— Мой татка расказваў.

— Яго ледзь не застрэлілі, ён хаваўся ад белапалякаў у лесе! — апраўдваўся Андрэйка.

— Не ад палякаў, а ад бальшавікоў, кажу, і бальшавікі яго ледзь не расстралялі за гэта,— не паддавалася Надзька.

— Гэта ты ўпраўду? — яшчэ ўсё не верыў Андрэйка.

— Упраўду.

 

4

У школе было шумна. За канікулы ў кожнага панабіралася навін, і хацелася іх расказаць. Андрэйку было нявесела. Ён думаў — як жа ён будзе чытаць хлусню?

За парты паселі ўсе яго сябрукі. Яшчэ і цяпер не пераставалі шаптацца. Урэшце настаўнік пачаў выклікаць. Андрэйка ўважліва слухаў. Ва ўсіх былі бацькі то партызаны, то старыя бальшавікі, то маракі, то чэкісты. Усе нечым вызначаліся — хто браў Перакоп, хто Зімні палац, хто быў недзе ў сібірскай тайзе. Шмат у каго былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Мішкаў бацька меў ажно два ордэны: адзін за тое, што біўся разам з Чапаевым, а другі за тое, што будаваў завод. Калі кончыў Мішка чытаць — яму запляскалі ў ладкі. Мішка сеў за парту: увесь клас глядзеў на яго, усё роўна як бы героем быў не яго бацька, а ён сам.

Андрэйка глядзеў на Мішку як зачарованы. От гэта бацька! Мішку ёсць чым ганарыцца і ёсць пра што расказваць. Такога бацьку можна любіць. Не то, што ў яго. Хаваўся ад рэвалюцыі, туляўся. Навошта ён нарадзіўся ў такога бацькі? Толькі брыдка за яго. Няхай бы лепш не было яго такога. Няхай бы ён нарадзіўся дзе ў каго чужога. Эх, калі б Андрэйка тады быў ужо вялікі, то ён бы сам пайшоў ваяваць, і няхай бы бацька паглядзеў, як яму брыдка. А Андрэйка не толькі ваяваў бы, а ён бы камандаваў. Буржуі баяліся б яго як агню. Асядлаў бы каня, узяў бы шаблю ды...

Калі выклікалі Андрэйку, ён не пачуў,— так быў заняты сваімі думкамі. Настаўнік падышоў да яго і цёпла пагладзіў па галаве.

— Ну, Андрэйка, чытай.

Андрэйка паглядзеў на ўвесь клас і заплакаў.

— Не буду я чытаць пра такога бацьку,— сказаў ён.— Не ваяваў ён, а быў дэзерцірам.

1934


1934