epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Чары слова

У вагоне я слухаю чужую гаворку. Дзве жанчыны — пажылая і маладзейшая. Маладзейшая едзе ў Мінск праведаць сына: ён вучыцца ў рамесным вучылішчы.

— Даўно не бачыла,— кажа яна.— Дома мама хворая, дык не было на каго пакінуць. Усё чакала, пакуль паправіцца.

— Паправілася?

— Ды не, але ж бачыць, што мне ўжо магаты няма: едзь, кажа, дачушка, а са мною нічога не зробіцца, я — трывушчая.

«Трывушчая». Не раз я чуў гэтае слова, нават сам гаварыў яго, будучы некалі дома. А цяпер не прыпамінаю, каб дзе пакарыстаўся ім у сваіх творах. Каб мне давялося пісаць, то я сказаў бы «трывалая». Так і напісаў бы: «Едзь, дачушка, а са мною нічога не зробіцца, я — трывалая».

Я пачынаю прыслухоўвацца да гэтых слоў і чую, што яны не зусім аднолькавыя. І «трывалая» і «трывушчая» як бы гавораць пра тое самае, але акраса ў іх розная. Трывалы — гэта разуменне нечага стойкага, надзейнага, моцнага, вынослівага ў агульным сэнсе. Можна сказаць і трывалы конь, і трывалая вяроўка, і трывалае адчуванне паху. Але от не скажаш «трывушчая» бэлька або «трывушчы» мароз. Бо ў сіноніме трывушчы ёсць адценне ўнутранага пачуцця, цярплівасці, што можа стасавацца толькі да чалавека. І мне падумалася, як жа часта мы самі, на шкоду сабе, прывыкаем да кніжнасці і штампаў.

Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. І за другімі заўважаю гэта. Гаворыць з табою чалавек — хораша, натуральна выходзіць у яго, неяк прасторна і свабодна. А як садзіцца пісаць, уся гэтая натуральнасць і свежасць прападае. Ён ужо скованы нейкімі нарматыўнымі ўмоўнасцямі, свой почырк у яго знікае. Гэта значыць, што мы вельмі прывыклі да кніжных слоў і часта стараемся пісаць не так, як думаем і як ведаем мову, а як пішуць другія. Ствараем сабе штамп.

Некаторыя шаблоны і штампы, мабыць, пааставаліся нам у спадчыну ад часоў так званага адраджанізму, калі літаратурная мова толькі рабілася і ў яе пападалі вельмі выпадковыя формы, часамі ад спробы ўласнай нармалізацыі, а часамі пазычаныя з чужой моўнай практыкі.

Няйначай як з таго часу мы баімося пачапаць словы спіс, палова, калі заўсёды нас цягне сказаць спісак, палавіна. Гаворым жа мы: хату збудаваў на дзве палавіны; павесілі спіскі выбаршчыкаў. І выходзіць куды натуральней, як у напісанні, дзе насуперак сабе пішам: павесілі спісы выбаршчыкаў.

Замест таго каб літаратурную мову папаўняць народнай — яе свабодным дыханнем, гнуткасцю, каларытам, мы прывучаем сябе толькі да «абавязковых» і «агульнапрынятых» слоў і толькі іх лічым за норму. І, вядома, пазбаўляем сябе не толькі жывога трапятання сказа, а і свайго аблічча.

Давайце прыгледзімся да сябе. Ну вось, хіба не заваражыла нас слова нібы? Часамі сям-там мы пакарыстаемся яшчэ яго сінонімамі быццам бы і як быццам. А жывая гаворка карыстаецца не толькі імі. У жывой гаворцы мы можам сказаць: ездзіў у лес: грыбы як з-пад зямлі вылазяць; ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў; стаіш і маўчыш, усё адно як чужы; кветкі на лузе як бы кланяліся нам; загневаўся, нібыта, яго пакрыўдзілі. Прыслухайцеся, як глуха гучала б мова, калі б ва ўсіх гэтых выпадках напісалі толькі нібы. А яшчэ ж ёсць народнае слова «бытта»: «Маўчыць, бытта яму ўсё роўна».

Прывыклі і пачынаем карыстацца як нормай скарочанай формай слоў «ля» і «ледзь». Народная мова карыстаецца гэтай формай вельмі ўмела, як спосабам свабодна і лёгка перадаваць думку. Бываюць выпадкі, калі трэба сказаць можна і — мо, трэба і — трэ, яшчэ і шчэ, ледзьве і — ледзь, каля і — ля, нават і — нат, але ж асноўная форма не падменьваецца скарочанай, яна саступае месца толькі для варыяцый.

Бадай што скрозь пішам толькі калісьці, інакш, а бывае, што вобразы і каларыт патрабуюць напісаць і колісь, і некалі, і іначай. Пішам: міжвольна, павольна, штодзённа, штохвілінна, задуменны, сцяжынка, хусцінка, рачулка, хацінка, дзіўна, былы нават тады, калі натуральней было б напісаць міжволі, паволі, штодня, штохвіліны, задуманы, сцежачка, хустачка, рэчачка, хатка, дзіва, колішні. Пішам: дарога пайшла па ўскраіне лесу, калі такой ускраіны ніколі не было, а ёсць узлесак. Дарога пайшла па ўзлеску. —

Насуперак сабе пішам: плоціць, заплочана, не паспрабаваўшы дайсці да логікі, адкуль жа магло паявіцца тут гэтае «о».

Яшчэ мне здаецца, што мы занадта прывыклі да слоў «пазіраць» і «пакласці» і стараемся падмяніць імі глядзець і палажыць. У іх рознае адценне. Кожнае з іх павінна займаць сваё месца. Пазіраць — гэта найбольш час ад часу кідаць вокам, з нейкімі перапынкамі, не пільна. От, скажам: «Чаго ты ўсё пазіраеш на яе вокны?» — гэта значыць сяды-тады, коратка, выбіраючы хвілінку. А «Чаго ты ўсё глядзіш на яе вокны?» — гэта пільна, не адрываючыся, увесь час, з увагаю.

Слова палажыць мы проста баімося, як бы яно нейкае «нетутэйшае» ці незаконнае. Пішам: паклаў руку на плячо, паклаў кнігу на стол; а між тым натуральней сказаць: палажыў руку на плячо, палажыў кнігу на стол. Бо пакласці можна, калі нечага многа і павінна яно класціся паасобку: яблыкі, памідоры, яйкі. Ну хоць бы: «Пакладзі памідоры за акно, каб даспявалі». Гэтак жа, калі ты ўзяў нешта адно, ну хоць бы надзеў святочную кашулю без спросу, то маці можа сказаць: «Скінь і палажы назад», а калі ў кішэню залішне набраў тых жа памідораў з акна, то скажа: «Павымай і пакладзі назад». Дый пра людзей тое самае. Калі іх многа, то можна сказаць: «Натаміліся і паклаліся спаць», а калі адзін: «Натаміўся і лёг спаць». Праўда, можна сказаць: «Натаміліся і ляглі спаць», але гэта будзе ўспрымацца іначай: мы ўбачым не карціну таго, як людзі паўкладаліся ў пасцель, а толькі адчуем сам факт, што яны пайшлі адпачываць.

 

У літаратурнай практыцы ўсё больш мы прывыкаем да падмены слоў і нават канструкцый фраз на такія, што не ўласцівы мове. Гэта робіцца, мабыць, механічна. Проста таму, што мы добра ведаем рускую мову і міжволі, не задумваючыся, пераносім яе формы на сваю мову. І ў гэтым не было б нічога благога, каб такое запазычанне рабілася ад патрэбы мовы.

Часціна было. У рускай мове яна ўжываецца пры мінулым часе дзеяслова, каб сказаць, што дзея пачалася або меркавалася, але не адбылася па нейкіх прычынах: «Он собрался было уже в дорогу, но передумал». Прычым гэтая часціна не мяняецца ў залежнасці ад роду займеннікаў. У беларускай жа мове яна абавязкова мяняецца ад роду займеннікаў: пры мужчынскім — быў, пры жаночым — была, пры ніякім — было. «Ён быў ужо сабраўся ў дарогу, але перадумаў», «Яна была сабралася ўжо ў дарогу, але перадумала», «Яно хацела было пабегчы, але не асмелілася». Мы ж часам забываем на гэты закон і пішам было ва ўсіх трох родах.

Механічна ў творным склоне пачынаем ужываць прыназоўнік за: паслаў за доктарам; паехаў за абсталяваннем, калі тут патрэбен прыназоўнік па ў вінавальным склоне: паслаў па доктара; паехаў па абсталяванне. Не за чым і за кім паслаць, з’ездзіць, схадзіць, а па што і па каго. Прызнаюся, што нядаўна я прачытаў у газеце: «Навошта ездзіць за экзотыкай на край свету» і не адразу зразумеў, пра што сказана. Памятаючы, што за — гэта следам за кім, наўздагон за кім, я так і зразумеў, што следам за ёю. І толькі пасля ўжо, дачытаўшы да канца фразу, дзе сказана, што экзотыкі колькі хочаш і дома, пад бокам, здагадаўся, што гэта па яе. Я не жартую і не прыкідваюся: я прывык за словам бачыць той сэнс, які памятаю з матчынай мовы, з дзяцінства. Гэта яшчэ раз гаворыць толькі пра тое, як небяспечна «падпраўляць» мову.

Прыназоўнік для. Яго мы зрабілі надта універсальным. Пішам: ён сумленна жыў для навукі; цяпер вядома, для чаго ён збіраў лекавыя травы; не астаецца часу для заняткаў; яна стала для яго за маці; яна спявае для вас; для свайго часу гэта было прагрэсіўнай з’явай; я купіў для цябе кнігу; купіў бочку для капусты; для таго і стрэльба, каб з яе страляць; для яго гэта пацеха; для чаго гэта патрэбна. Усюды мы абышліся адным толькі для. А давайце пагледзімо, ці не лепш было б напісаць так, як таго патрабуе сама мова: цяпер вядома, навошта ён збіраў лекавыя травы; не астаецца часу на заняткі; яна стала мне за маці; яна спявае дзеля вас; на свой час гэта было прагрэсіўнай з’явай; я купіў табе кнігу; купіў бочку пад (або на) капусту; на тое і стрэльба, каб з яе страляць; усё робіцца дзеля карысці справы; яму гэта цяжка; навошта гэта патрэбна; каму гэта патрэбна. Вунь колькі прастору і лёгкасці стала ў гэтых фразах.

Злучнік бо. Звычайна таксама мы абыходзімся трошкі ўжо прыказёненай і прыземленай формай таму што. Не пайшоў, таму што не было часу; спяваем і танцуем, таму што маладыя; лёг спаць, таму што натаміўся. А жывая мова перадае гэта іначай: не зайшоў, бо натаміўся; спяваем і танцуем, бо маладыя; лёг спаць, бо натаміўся.

Пішам і гаворым часам: пасмяяўся над ім; жаніўся на ёй; дзякую вас; прабачце мяне; адкрыў кнігу. Але гэта калькавы пераклад. Бо па-беларуску трэба дзякаваць не каго, а каму — дзякую вам; прабачаць не каго, а каму — прабачце мне. І пасмяяцца не над кім, а з каго, ажаніцца не на кім, а з кім. І не адкрыць кнігу, а адгарнуць, разгарнуць.

Нядобра пісаць зубронак, бо трэба зубраня або зубранё, гэтак жа, як цяля, ягня, птушаня.

Яшчэ пішам земляная падлога, калі такой падлогі няма. Ёсць проста дол. Каб была падлога, то па гэтым доле трэба нешта паслаць: дошкі, паркет, цэмент.

 

Асабліва псуюць і калечаць мову бяздумныя калькавыя пераклады і так званыя канцылярыты, калі і само слова і канструкцыя фразы робяцца сілком, насуперак законам мовы. Бываюць выпадкі, калі такія бяздумныя пераклады перадаюць не той сэнс ці, яшчэ больш — набываюць адваротны сэнс. Ну вось хоць бы ў кінарэкламах было абвешчана, што пачынае дэманстравацца карціна «Ліхія вадзіцелі». Перакладчык не даў сабе клопату нават падумаць, што ліхі па-беларуску і лихой па-руску — гэта не тое самае. Па-руску лихой гэта — смелы, удалец, сарвігалава, адчайны рызыкант, а па-беларуску — дрэнны, злы, нядобры, паганы. Адсюль і «ліхалецце», і нават праклён: каб на цябе ліха. А карціна якраз была не пра ліхіх, а пра зухаў і рызыкантаў.

Доўга я не мог даўмецца, як можна развярнуць самалёт або развярнуць машыну. Мне здавалася, што развярнуць — гэта раскідаць, разбурыць, растрыбушыць, разваліць. Так я прывык разумець гэтае слова. Аж яно ўзята з тэхнічнай, вузка спецыяльнай тэрміналогіі і прыстасована замест прывычнага, заўсёды вядомага завярнуць і павярнуць. Не ведаю, якая патрэба ў гэтай падмене? Чым яна ўзбагаціла мову? Наадварот, толькі прыдала няпэўны сэнс. І хіба не лепш сказаць натуральна: «Машына павярнула (або завярнула) і пайшла па ўзлеску», «Машына павярнулася (або завярнулася) і пайшла назад»?

Накрываць стол. І гэта пазычана без патрэбы. Бо накрываць — гэта чым — абрусам, настольнікам. А калі збіраць пачастунак, то так і гавораць: сабраць стол. «Зараз папрыходзяць госці, трэба сабраць стол». Або: «Я схаджу ў пограб, а ты збяры на стол». А гавораць яшчэ і «падаць на стол».

Запраўляць машыну гаручым — натуральна. А от заправіць штаны ў боты — наўрад ці добра. Тут трэба — забраць. Прыгадаем чутае ў народзе: «Забяры порткі ў боты, бо заплюндраеш», «Цяпер кашулі носяць не навыпуск, а забраўшы ў штаны». Гавораць яшчэ: увабраць, убраць.

 

І ўсё ж найгорш псуюць мову канцылярска-бюракратычныя штукарствы. Вось простая думка: чалавек аслеп ад хваробы два гады назад і, як толькі паправіўся пасля аперацыі, пайшоў на работу. Дык па радыё гэтую думку перадалі так: «Ён страціў зрок у выніку захворвання два гады назад. Як толькі палепшыўся стан здароўя, ён пайшоў на работу». Навошта гэтыя «палепшыўся стан здароўя» і «вынікі захворвання»? Або вось яшчэ фраза: «Англійскія ўлады ўжываюць шматлікія арышты». Як гэта можна ўжываць арышты? З чым іх ужываюць?

Калі б так пісалі толькі газеты ці гаварылі па радыё, то гэта яшчэ можна было б зразумець: матэрыял у друк рыхтуецца тэрмінова, часамі яго трэба спешна перакладаць. А перакладаюць найбольш, мабыць, машыністкі — радок у радок, літаральна, калькаю. Дык, на жаль, такой лёгкай дарогай часамі ідуць і пісьменнікі ды журналісты, і не ў перакладных, а ў сваіх творах. Вось некалькі прыкладаў з твораў, чытаных зусім нядаўна:

«Ён перажываў, таму што сярод партызан доўга яму не было даверу. Яго правяралі доўга, ужывалі для гэтага розныя метады».

«Многія з іх трымаюць намер паступіць у школу».

«Жанчына павярнула на сцежку, відаць, мела намер прайсці нацянькі».

«Калі немцам удасца хоць трошкі наблізіцца, адыход Мікалая стане зусім немагчымым».

«Дзяўчына моцна шапялявіла ад недахопу пярэдніх зубоў».

«Ён наліў чарку Кавалеўскага».

«Знаёмцеся, наш сын,— прадставіў яго Сцяпан Раманавіч».

Давайце паспрабуем пашукаць, як бы ўсё гэта можна было сказаць іначай. Ці не пацяплеюць гэтыя радкі, калі зняць з іх канцылярскае квяцістае шумавінне:

«Ён перажываў, бо партызаны яму доўга не верылі... Яго правяралі ўсякімі спосабамі, як толькі маглі».

«Многія з іх збіраюцца паступіць у школу».

«Жанчына павярнула на сцежку, відаць, збіралася прайсці нацянькі».

«Калі немцам удасца хоць трошкі наблізіцца, Мікалай аніяк не магчыме адступіць (або не здолее, не зможа)».

«Дзяўчына моцна шапялявіла, бо ў яе не хапала пярэдніх зубоў».

«Ён наліў чарку Кавалеўскаму».

«Знаёмцеся, наш сын,— адрэкамендаваў яго Сцяпан Раманавіч».

Гэта ўсё сказана як жаданне падзяліцца сваімі нагляданнямі і меркаваннямі, часамі, можа, нават спрэчнымі. Толькі дзеля таго, каб мы асцерагаліся ў мове быць неахайнымі, бо гэта вельмі зніжае культуру і мастацкую праўду нашых твораў. Каб мы любілі і шанавалі слова. Да слова нельга прывыкаць нацёмна, напавер, трэба яго адчуваць самому. І тады яно заўсёды будзе новае і свежае, не дасць сфальшывіць, само стане і на сваім месцы, і на сваім часе.

1961


1961