epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

Хачу, каб вы сталі добрым пісьменнікам

Паважаны Уладзімір Ягоўдзік! Павінен прызнацца, што мне цяжкавата пісаць заключэнне на рукапіс Вашае кніжкі «Горкі бярозавік». Рэч у тым, што я з Вамі ўжо трохі як бы знаёмы. Першае знаёмства было, калі прачытаў у «ЛіМе» Ваша апавяданне «Стронга», а другое, калі недзе на пачатку года наша наймілейшая Алена Васілевіч перадала мне Ваша павітанне з Брэста. Абедзве падзеі гэтыя трохі як бы супярэчаць, бо за адну (павітанне) я шчыра Вам дзякую, а другая патрабуе можа нават і строгае гаворкі.

Можна сказаць, што за «Стронгу» я на Вас гневаўся. Чытаючы, я ўсю тую газету скрэсліў паметамі. Апавяданне Ваша было не тое, што слабае, яно было зроблена як бы знарок не так, як трэба. І Вы, як аўтар, выглядалі ў ім чалавекам задзірыстым, ганарыстым і самаўпэўненым. Мабыць, Вы самі заўважалі, што вельмі часта па чужых тварах можна ўявіць аблічча іх аўтараў? Гэтак было і ў мяне з Вашаю «Стронгаю». Вы з свайго апавядання як бы гаварылі: «Ну што ж, можа Вам і не падабаецца, а я, вось, знарок, як хачу, так і пішу».

«Стронга» Вам не ўдалася. Яна страшэнна раскіданая, напісана абы-як, нават непрыхільна да сваіх землякоў. Вы і пачалі яе са зневажання да тутэйшых людзей:

«Просты народ не ведае слова «стронга»; ён называе гэту цудоўную рыбу пястрак, ці, іначай, пяструшка — імя самае прыстойнае, бо ўся яна спярэшчана чорнымі, чырвонымі і белымі крапінкамі...»

Чыя гэта цытата і адкуль яна, не сказана, і нас адразу дзівіць: хто ж гэта пра нас так непашаноўна гаворыць, што мы, просты народ, не ведаем слова «стронга», калі гэта і ёсць наша тутэйшая назва? У нас жа ёсць і свая навука: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», у якой трактуецца гэтае слова. То можа хоць з гэтым варта было б палічыцца?

Згадзіцеся, што Ваша спасылка на аўтара пад канец апавядання, недзе за трэцім разам, ужо не ратуе. І Ваша спадзяванне на арыгінальнасць, што Вы робіце не так, як усе, не апраўдана. Выйшла манерна, а манернасць усюды толькі шкодзіць.

Чытаем далей. Старонка за старонкаю ідзе гаворка бог ведае пра што, пра тое, што пападае героям на вока, але толькі не пра тое, што з’яўляецца прадметам апавядання. Ну вось сядзіць герой у адрыне на ўслончыку з кнігаю ў руках і праз адчыненыя вароты бачыць, што дзеецца на дварэ. Стаіць гарачыня; картапляннік, яблыні — на іх шэрае ад пылу лісце. Каля плота сцяна малінніку, чатыры старыя ліпы. Даецца даведка, што яны будуць скора цвісці. За сцяною стаіць карова (як толькі герой яе бачыць за сцяною?), кружаць галубы-верхалёты.

«— Не йдуць на крыло?

— Старыя, ліха на іх, таму і сядзяць».

І зусім неспадзявана другая цытата:

«У Арэнбургскай губерніі (два «і» на канцы! — Я. С.) стронга вялася ва ўсіх раўчуках і рэчках, бо яны былі летам сцюдзёныя, як лёд, празрыстыя, як горны крышталь. Але нахлынула адусюль рознапляменнае насельніцтва, якое, дарэчы, яшчэ не засяліла поўнасцю гэты край, і ўскапыціла раскошу лугоў, збэрсала крынічную цішыню вады...

Сёння стронгі намнога меней, чым было, але ўсё яшчэ багата».

Не кажучы пра тое, што пераклад вельмі прыблізны і не надта дасціпны, найперш тут дзівіць зноў недаўменне: а пры чым тут Арэнбургская губерня? Навошта нам даведка, што там «нахлынула рознапляменнае насельніцтва» і «ўскапыціла раскошу лугоў, збэрсала крынічную цішыню вады»? Апавяданне ж пра стронгу на нашых беларускіх, палескіх рэчках, і не ў «губернскай» Расіі, а ў нашы дні.

Пасля нашага чытацкага здзіўлення пойдзе зноў тая самая павольная плынь гаворкі ні пра што, проста перакідванне словамі:

«— Пэўна на рыбу збіраецеся?

— А як жа.

— Работу ўсю не пераробіш. Куды думаеце падацца?

— На Нёман, куды ж яшчэ...

— Будзённы дзень... Дзе машыну возьмеце?»

Падзей няма, роздуму, характараў няма, унутранай напружанасці сюжэта няма, пачынаеш стамляцца на бяздзейнасці, бесканфліктнасці і бязмэтнай таптаніне. Кажу бязмэтнай, бо часамі такая таптаніна і патрэбна, калі яна раскрывае характар, іграе на вобраз. Скажам, як у Кузьмы Чорнага ў «Мураваным скляпку» або ў «Вераснёвых ночах». Але ж у Вас яна пустая.

Гэта пра сутнасць апавядання. Міжволі думаеш: дзеля чаго яно напісана? Бо канцоўка, калі злоўлена нежывая рыбка, якая павінна была б стаць стронгаю, не дае магчымасці нават надумаць, што Вы хацелі пагаварыць пра вельмі важнае і трывожнае пытанне. Вы да яго нават не дакрануліся.

Цяпер пра форму. Вы залішне захапляецеся апісальнасцю, не нагружанымі разважаннямі, неабавязковымі дыялогамі. У апавяданні павінна быць толькі тое, што апраўдана. Чутно і відно, што Вам не хочацца быць падобным на другіх і Вы гэта вырашаеце вельмі проста: пачынаеце мудраваць з моваю. Многа калькі, газетнай спрошчанасці. Або наадварот: ускладняеце мову, робіце яе ненатуральнаю, а яна павінна быць простая, такая, як ёсць, на якой мы гаворым. Часамі Ваша фраза да таго напакавана ўстаўкамі, нанізанымі адно на адно дапаўненнямі, што ў ёй не так лёгка дайсці ладу, яна чытаецца цяжка, сэнс у ёй зацемнены. Ну вось, калі ласка:

«А крыху далей, якраз на мяжы з суседзямі, дзе замест плота ў рост чалавека сцяна малінніку, на злосць саракаградуснай спякоце, горда ўваходзяць у выгаранае да белага неба чатыры зялёныя вежы — чатыры стройныя ліпы, пасаджаныя калісьці прадзедам Шуры».

Толькі падумайце, як нялёгка разабрацца чытачу ў фразе, у якой Вы хочаце даць карціну таго, што бачыце самі. Сцяна малінніку, саракаградусная спякота, выгаранае неба, зялёныя вежы, стройныя ліпы,— колькі аб’ектаў адразу! У чым можа быць «гордасць» ліп, калі гэта вельмі ласкавае, мяккае, паэтычнае дрэва? І як уявіць, што гэтыя ліпы «ўваходзяць у неба», калі яны руху не маюць, стаяць вечна на сваім месцы? Канструкцыя ж фразы «ўваходзяць у выгаранае (дзе выкапана такое слова? — Я. С.) да белага неба» не толькі страшэнна грувасткая, нейкая малатабойная, яна наогул пярэчыць спалучэнню колераў: выгаранае — колер чорны, а сказана, што выгарана яно да белага. І як можна ўявіць ліпы вежамі, тым больш што яны: «чатыры стройныя ліпы»?

І яшчэ не ўсё. Як зразумець, што «ліпы, пасаджаныя калісьці прадзедам Шуры». Мы кажам: «Паліто, пашытае Пятру», «Калёсы, зробленыя Івану». Значыцца, і тут трэба чытаць: «Ліпы, пасаджаныя (каму?) Шуры»? Нешта не тое. А паводле прыроды мовы, мабыць, трэба было б напісаць: «Ліпы, пасаджаныя Шурыным прадзедам»? Як бачым, мова — гэта інструмент тонкі. Пісьменніку трэба ведаць яго дасканала.

Выпісаная тут фраза — не адна. І пішаце Вы гэтак, мне здаецца, знарок, дзеля арыгінальнасці. Часамі ідзяце нават насуперак сэнсу. А часта ўжываеце слова вельмі недакладна. Паспрабуем паказаць хоць трошкі з тае ж Вашае «Стронгі»:

«Высокі картапляннік, што стаўбурыцца... абвяў, зжоўк». А яно ж, калі бацьвініна абвяла, то стаўбурыцца і не будзе. «Прыходзяць на памяць словы бацькі Шуры — дзядзькі Рыгора». Фраза простая, а зразумець нельга. Што — бацьку завуць Шурам? І ён прыходзіцца дзядзькам Рыгору? Нешта не тое. Няйначай, як Вы хацелі сказаць: «Прыходзяць на памяць словы Шурынавага бацькі, дзядзькі Рыгора». І яшчэ: «Чуецца частае, звонкае лопанне крылаў». А лопанне крылаў ніколі не бывае звонкае, яно — глухое. «Я сам не памятаю, калі ў апошні раз бачыў яе». Навошта тут «у»? Па-беларуску ж будзе: «Я сам не памятаю, калі апошні раз бачыў яе». «Вада ў рэчцы здаецца ўжо не такою сцюдзёнаю, як была спачатку». Пішуць так, згодзен, але пісьменнік павінен пісаць так, як патрабуе таго мова, а не мода. Трэба: «Вада ў рэчцы здаецца ўжо не такая сцюдзёная, як была спачатку» (не якою, а якая). «Толькі я намерыўся, як Шура кінуў трымаць сак». Кінуў — гэта не тое, што выпусціў з рук, слова гэтае найперш мае рух рукою, замах, гэтак я адразу і ўспрыняў. Аказваецца, тут трэба: «Толькі я намерыўся, як Шура перастаў трымаць сак». «На шырокай далоні сябра — нежывая рыбка». Трэба: «На шырокай далоні ў сябра — нежывая рыбка» (у каго, а не каго).

Я знарок гэтак доўга спыніўся на «Стронзе», бо яе літаратурна-мастацкія грахі ўласцівы бадай што ўсяму рукапісу кніжкі. Я не буду выпісваць іх. На кожным апавяданні рукапісу алоўкам я парабіў свае заўвагі. Простым алоўкам, каб лёгка іх можна было сцерці. А на канцы кожнага апавядання напісаў свае парады. Гэтак, мне здавалася, будзе больш практычна. Адразу на тэксце відно, чаго трэба ўнікаць, што пажадана апусціць ці скараціць, дзе трэба яшчэ як след папрацаваць. Цяпер Ваш клопат: што прыняць, з чым пагадзіцца, што адстояць сваё. Ведама, вартае, што складае сутнасць Вашага почырку. Бо ўсё-такі важна, каб кожны пісьменнік меў сваё аблічча. Толькі, безумоўна, каб у гэтым быў ужо сталы погляд. Грамадзянскі. Пісьменны.

Вельмі мне хочацца, каб Вы ўнікалі ўсякай «прыгожасці» і юначай самаўпэўненасці. Яны вельмі шкодзяць самааналізу. Многа чаго ў сваіх апавяданнях Вы ўжо паправіць не зможаце, але будзе карысна, калі Вы запомніце, што кожнаму апавяданню трэба дзея, напружанасць, лепш кажучы, энергічнасць, стройнасць і — нічога лішняга. Бо гэта — апавяданне, высокі клас літаратуры. Трэба, каб яно расло, уцягвала ў сябе чытача, нешта адкрывала, абуджала або зместам, або ўнутраным напружаннем думкі. Памятайце, што дыялог або маналог — гэта таксама найважнейшы кампанент мастацкага прыёму, ён таксама іграе на вобраз і павінен быць нагружаны, павінен не толькі зместам, а і эмацыянальна трымаць чытача.

Ваша імпрэсія «Горкі бярозавік» не ўдалася, у ёй няма тае думкі, якая можа крануць уражанне ці душу чытача, і яна не можа стаць назваю зборніка. Наогул яе не варта ўключаць у кніжку. Яна нават успрымаецца не вельмі прыемна. Навошта ж каштаваць чужое, кінутае «дабро»,— можа там замест бярозавіку ўжо нехта брыдка пажартаваў. Вы бачыце, якую неэстэтычную сітуацыю выклікае Ваша імпрэсія?

У Вашым невялікім зборніку можа не так і часта, але з добрым імпэтам яго насельнікі папіваюць. І студэнты, і на рыбалцы, і так сабе. Вы, мабыць, думаеце, што гэтым адлюстроўваеце жыццё. Але ж пісьменнік не толькі адлюстравальнік, а ў большай ступені — выхавальнік. А Ваш рукапіс пададзены ў юначае выдавецтва, адна з задач якога аберагаць душы ад заразлівых спакус, тым больш маладыя душы. Я не кажу, што да гэтае тэмы нельга дакранацца, справа найбольш у такце. Можна паказваць гэта прыглушана, а можна смакаваць. Апавяданне «Хачу быць з вамі» добра напісана, а вось трохі шкодзіць яму занадта паказанае гэтае выпіванне. Падумайце, можа варта дзе трохі і прыглушыць празмерную сакавітасць.

Мае заўвагі на палях рукапісу бываюць можа і занадта рэзкія, і я прашу не гневацца за гэта. Вінавата была мая нядобрая памяць аб «Стронзе» і Ваша залішняя самаўпэўненасць. Аднак жа на старонках рукапісу ёсць і заўвагі «добра», «вельмі добра», і я папраўдзе радаваўся кожнай Вашай удачы, пра гэта таксама сказана на канцы некаторых Вашых твораў. І буду яшчэ больш рады, калі Вы наогул знойдзеце нешта карыснае сабе ў маіх заўвагах.

Найперш я чакаю, што Вамі будзе карэнным чынам перароблена апавяданне «Стронга», яму трэба стаць карацейшым, больш энергічным і выразным. І ніякія недарэчныя цытаты яму непатрэбны.

Я хачу, каб Вы сталі добрым пісьменнікам. Асноўнае, чаго хацелася б, каб Вашы творы былі напоўнены густым, трапяткім зместам нашага жыцця. Мінулага ці цяперашняга — усё роўна, абы ў іх было чаму вучыцца і здзіўляцца, пазнаваць і адкрываць. І любіць свой край і сваю мову.

У маіх заўвагах, апроч агульна практычных, ёсць і суб’ектыўныя пажаданні, але ўсё роўна яны датычаць агульнай культуры мовы і пісьма. Напрыклад, што варта пісаць не куртатае «ля», якім карыстацца могуць больш паэты дзеля размеру, а поўнае слова «каля»; пісаць не толькі сасна, а і карэннае беларускае слова хваіна, хвоя, каб яно не забывалася і не гінула, бо нямала заўчасна гіне нашых добрых слоў, вунь жа як лёгка памяняна славянскае кавярня на іспанскае кафэтэрый; што варта разгрузіць слова «зараз» ад неўласцівых яму нагрузак, пісаць «зараз» у будучым часе (зараз я прыйду), у цяперашнім часе пісаць «цяпер» (цяпер я цябе зразумеў), у мінулым часе «толькі што» (толькі што я прыехаў); што не трэба баяцца слоў «другі» і «каторы», бо гэта словы народныя, а мы часта па кніжнай і газетнай прывычцы пішам толькі «іншы» (а гэта, па сутнасці, «прочий», «иной») і «які»; апошнім часам пайшла мода на словы «харошы» ў сэнсе «добры» (я хораша сябе адчуваю), і «падалося» замест «здалося». Навошта гэта? Падалося — гэта няйначай як «почудилось», «померещилось».

Найлепш Вам удаецца апісальная мова, гэта добра відно па апавяданнях «Хачу быць з вамі» і «Пугачова песня» (таксама цудоўнае апавяданне). Цяжэй ідзе, калі Вы хочаце даць вобраз, ці малюнак, ці псіхалагічны стан. І зусім нікуды, калі пачынаеце пісаць па-кніжнаму ці па-газетнаму або калі пачынаеце эксперыментаваць мову, ставіць яе на хадулі. Усё гэта, паўтараю, ідзе ад жадання быць не падобным на другіх або ад таго, што народная мова пачынае Вамі забывацца. А без народнае мовы пісьменнікам быць цяжка. А добрым пісьменнікам без народнае мовы проста немагчыма.

На развітанне зычу Вам добрага плёну ў рабоце. Яшчэ раз — не гневайцеся, калі дзе слова маё сказана не вельмі ласкава. Бо мне хочацца, каб ласкавыя словы гаварылі пасля таго, як выйдзе з друку кніжка.

Чамусьці я на Вас вельмі і вельмі спадзяюся.

Бывайце здаровы.

 

Р. S. Ёсць у Вас словы, якіх я не зразумеў: недалэнга, нынзае, цымбравіна, вальтануты, сцыгвае; аберуч (яўная няправільнасць, бо трэба абапал, наабапал; аберуч — гэта ў дзве рукі). Я не супраць добрых дыялектызмаў, але ім трэба такі кантэкст, каб яны адразу чыталіся, былі зразуметыя.

22.2.81

 

Дарагі Валодзя! Адразу ж, прачытаўшы твае кароткія апавяданні ў «ЛіМе» — «Шчыраю ноччу» і «Вузел» — (хочацца назваць іх вельмі добрым і мяккім словам «Абразкі», якога, на вялікі жаль, Тлумачальны слоўнік не палічыў патрэбным ужо нават упомніць), прачытаўшы твае абразкі, адразу ж пішу табе. Не памятаю, што я надпісваў на іх, калі яны былі там, у гурце, і не ведаю, абхарошваў ты іх пасля ці не, калі абхарошваў, то ці многа, але цяпер, калі побач з імі няма «Стронгі» (бо там жа я пісаў бадай што толькі пра «Стронгу», а ўсё астатняе аставалася ўбаку і на яго міжволі клаўся цень тае «Стронгі»), цяпер, ачышчаныя ад таго ўражання, гэтыя абразкі чытаюцца вельмі добра. Душэўныя, лірычна-роздумныя, напісаныя скупа, тонка і далікатна, без вымудраў і штучнага прыхарошвання, яны робяцца з’яваю сапраўднае літаратуры. Ты вельмі правільна зрабіў, што надрукаваў іх. Пасля «Стронгі» гэта было вельмі патрэбна.

«Калі б я быў дырэктарам...» Перайначыўшы гэту рубрыку «Литературной газеты», скажу па-свойму, што калі б я быў рэдактарам «ЛіМа», то «Стронгу», пераробленую табою, надрукаваў бы другі раз. Каб кожны, хто чытаў яе раней, сказаў сам сабе: «От гэта работа!»

Упэўнены, што ты давядзеш яе да ладу.

Зычу поспехаў. І цісну руку.

Калі на гэтакім узроўні выйдзе ўся кніжка, гэта будзе вялікая твая перамога.

1981


1981